Яго арганізатарам выступіла Упраўленне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях касмічнай прасторы (UN-OOSA) пры падтрымцы фонду «За бяспечны свет» (SWF). Старшынёй праграмнага камітэта быў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка.
Урачыста адкрывалі канферэнцыю першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны Аляксандр Жук, галоўны вучоны сакратар Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Кілін, прадстаўнікі Упраўлення ААН па пытаннях касмічнай прасторы і фонду «За бяспечны свет» Сяргей Чэрнікаў і Агнешка Лукашчук адпаведна, а таксама начальнік Упраўлення стратэгічнага планавання і мэтавых праграм Раскосмасу Юрый Макараў.
Прадстаўнік UN-OOSA Сяргей Чэрнікаў паведаміў, што Беларусь стане членам Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах з 2014 г. У снежні павінна быць падпісана адпаведная рэзалюцыя Генасамблеі ААН. Ён падкрэсліў, што «ў нас была вялікая цікавасць правесці канферэнцыю менавіта тут, таму што Беларусь і прылеглыя да яе краіны вельмі актыўна ўдзельнічаюць у касмічнай дзейнасці. Распрацоўкі беларускіх спецыялістаў выкарыстоўваюцца на Міжнароднай касмічнай станцыі, навукоўцы актыўна працуюць над стварэннем малых спадарожнікаў».
Як адзначыў галоўны навуковы сакратар НАН Беларусі Сяргей Кілін, членства Беларусі ў Камітэце ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах дасць рэспубліцы шырокія магчымасці зносін з тымі краінамі, якія ўжо ўваходзяць у клуб. Гэта галоўным чынам інфармацыя, магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў з іншымі краінамі і выхад на іх рынак, падрыхтоўка маладых спецыялістаў па міжнародных праграмах.
Першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук у сваю чаргу адзначыў, што касмічныя тэхналогіі пранікаюць ва ўсе сферы нашага жыцця, і таму, натуральна, узнікаюць задачы, якім чынам выкарыстоўваць іх для паляпшэння дабрабыту нашых краін і развіцця эканомік. «Што да вострых пытанняў, якія сёння будуць абмяркоўвацца, то гэта фінансаванне, бо касмічныя тэхналогіі – справа досыць дарагая», – сказаў ён.
Правядзенне навуковага форуму такога высокага класа ў Беларусі невыпадковае. Наша краіна паслядоўна займаецца асваеннем касмічнай прасторы. У 2012 г. на арбіту быў выведзены айчынны касмічны апарат. І зараз Беларусь атрымлівае і апрацоўвае інфармацыю з космасу, не прыцягваючы спецыялістаў іншых краін. Дарэчы, на пленарным пасяджэнні генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі прафесар Аляксандр Тузікаў распавёў пра стварэнне беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і канцэпцыю новай Нацыянальнай касмічнай праграмы да 2017 года.
Падчас працы 8 секцый з дакладамі выступілі каля 80 навукоўцаў і спецыялістаў у галіне касмічных навук з Беларусі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Германіі, Іспаніі, Ірана, Ізраіля, Індыі, Лівіі, Турцыі, Кітая, Чылі, Егіпта, Малайзіі і інш. Усяго было прадстаўлена 25 краін.
Удзельнікі форуму абмеркавалі сацыяльна-эканамічныя перавагі, атрыманыя ад выкарыстання касмічных тэхналогій, абмяняліся інфармацыяй па даследчых і прыкладных працах. Таксама разгледзелі прынцыпы і механізмы кааперацыі ў распрацоўцы касмічных тэхналогій, прадэманстравалі прыклады выкарыстання гэтых тэхналогій для развіцця галін народнай гаспадаркі сваіх краін. У прыватнасці, прэзентацыі, даклады і дыскусіі былі прысвечаныя развіццю касмічных сістэм і абсталяванню, выкарыстанню тэхнікі для папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, маніторынгу Зямлі, навакольнага асяроддзя і інш. Акрамя таго, была праведзеная нарада па пытаннях пашырэння ўдзелу нашай краіны ў касмічных праграмах ААН.
Можна адзначыць шырокі ўдзел спецыялістаў БДУ ў абмеркаванні ўсіх тэм. На адным з семінараў, прысвечаным міжнароднай і рэгіянальнай інтэграцыі, удзельнікаў азнаёмілі з праектам стварэння беларуска-расійскага ўніверсітэцкага даследчага нанаспадарожніка (БДУ сумесна з Паўднёва-заходнім дзяржаўным універсітэтам (Курск, РФ)). Акрамя таго, ішла гаворка пра: ролю і месца касмічных тэхналогій у агульных геаманіторынгавых сістэмах (праф. М. Жураўкоў, праф. В. Краснапрошын, доктар геагр. навук В. Губін, А. Канавалаў); стварэнне касмічных сістэм вымярэння, апрацоўку і метады абароны інфармацыі для маніторынгу прыродных і антрапагенных аб’ектаў (праф. Б. Бяляеў, дактары фіз.-мат. навук П. Кучынскі, Л. Каткоўскі, канд. фіз.-мат. навук В. Сосенка з НДІ ПФП імя А. Сеўчанкі БДУ); аэракасмічную адукацыю ў Рэспубліцы Беларусь (акадэмік С. Абламейка, канд. фіз.-мат. навук В. Панарадаў, праф. У. Саечнікаў, сумесна з Міністэрствам адукацыі Беларусі) і інш.
Упраўленне ААН па пытаннях касмічнай прасторы кожны год праводзіць шмат мерапрыемстваў у розных краінах. Гэта чацвёртая ў серыі канферэнцый па падтрымцы выкарыстання касмічных тэхналогій для сацыяльна-эканамічнага развіцця краін. Першая праводзілася ў 2010 г. у Стамбуле (Турцыя), другая ў 2011 г. у Ханоі (В’етнам), трэцяя адбылася ў 2012 г. у Сант’яга (Чылі). Дарэчы, менавіта на апошнім форуме акадэмік Сяргей Абламейка, які мае ў свеце значны навуковы аўтарытэт, выступіў з ініцыятывай правядзення наступнай канферэнцыі ў нашай краіне на базе БДУ, якая і была падтрыманая.
Беларусь умацоўвае статус касмічнай дзяржавы
20 Dec, 2013.
Упершыню ў Беларусі прайшла канферэнцыя ААН па космасе. Навуковы форум «Выкарыстанне касмічных тэхналогій для сацыяльна-эканамічнага развіцця краін» працаваў з 11 па 15 лістапада ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.