Навукова-метадалагічны семінар «Актуальныя праблемы развіцця навукі, адукацыі, культуры» запрасіў прафесараў, маладых выкладчыкаў і навукоўцаў БДУ на сваё першае пасяджэнне.
СЕМІНАР ЯК СВАБОДНАЯ ДЫСКУСІЯ
«Сёння вельмі важна асэнсаваць, на якім этапе развіцця мы знаходзімся і якой павінна быць адукацыя ў найбліжэйшы час. У аўдыторыях шмат размоў вядзецца пра тое, хто такі выкладчык ва ўніверсітэце, ці дастаткова для адукацыйнага працэсу яго асобы і якім чынам выкарыстоўваць IT-тэхналогіі на занятках са студэнтамі. Таму мы і палічылі, што вельмі добра будзе, калі ў нашым універсітэце пачне функцыянаваць семінар, на якім будуць разглядацца актуальныя праблемы развіцця сучаснай навукі, адукацыі, культуры», – сказаў у сваім уступным слове старшыня савета навукова-метадалагічнага семінара першы прарэктар БДУ Міхаіл Жураўкоў.
У функцыі савета семінара ўваходзіць распрацоўка тэматыкі яго пасяджэнняў, а таксама далучэнне да працы найбольш аўтарытэтных і вядомых навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў як нашага ўніверсітэта, так і іншых навучальных і навуковых устаноў. Намеснікам старшыні савета з’яўляецца загадчык кафедры філасофіі і метадалогіі навукі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Анатоль Зелянкоў, што даволі сімвалічна, бо ў папярэднія гады ў дзейнасці як нашага, так і іншых класічных універсітэтаў існавала сур’ёзная традыцыя філасофска-метадалагічнага асэнсавання найважнейшых праблем у прыродазнаўчых і гуманітарных навуках. Характэрна і тое, што ў склад савета семінара ўвайшлі аўтарытэтныя і вядомыя далёка за межамі нашай краіны навукоўцы і даследчыкі як у сферы прыродазнаўчых, так і гуманітарных навук. Сярод іх прафесары Уладзімір Рыгоравіч Барышэўскі, Пётр Іванавіч Брыгадзін, Васіль Іванавіч Стражаў, Віктар Генадзьевіч Шадурскі, Віктар Васільевіч Самахвал і інш. Функцыі сакратара савета выконвае намеснік дэкана па навуковай рабоце хімічнага факультэта Таццяна Савіцкая. Савет навукова-метадалагічнага семінара збіраецца працаваць у непасрэдным кантакце з прэзідыумам прафесарскага сходу БДУ, які аб’ядноўвае каля 300 прафесараў і дактароў навук нашага ўніверсітэта.
Паводле задумы арганізатараў семінара, адной з найважнейшых яго задач з’яўляецца распрацоўка прапаноў і рэкамендацый па рэфармаванні і аптымізацыі навуковай і адукацыйнай сфер БДУ ў адпаведнасці з перадавымі і прыярытэтнымі напрамкамі развіцця сучаснай навукі, адукацыі, культуры. Аднак яны не настойваюць, што такога выніку можна дабіцца пасля некалькіх пасяджэнняў семінара, і выступаюць за мэтанакіраваную і сістэмную працу па вывучэнні і абагульненні сучаснага сусветнага вопыту падчас свабоднай акадэмічнай дыскусіі.
Трэба сказаць, што такія формы вольнага абмену думкамі ў рамках творчых нефармальных дыскусій з’яўляюцца традыцыйнымі ў дзейнасці вядучых універсітэтаў свету. У апошнія гады наш універсітэт значна актывізаваў сваю дзейнасць у сферы вывучэння перадавога вопыту і заняў годнае месца ў рэйтынгу найбольш вядомых універсітэтаў свету, таму ініцыятыва па арганізацыі навукова-метадалагічнага семінара многім навукоўцам падаецца запатрабаванай і своечасовай.
31 кастрычніка адбылося першае пасяджэнне семінара, на якім з дакладам «Дыялог філасофіі і навукі: ад класікі да сучаснасці» выступіў прафесар Зелянкоў. Асноўная ідэя даклада, які быў прадстаўлены ў форме разгорнутай прэзентацыі, заключалася ў тым, каб паказаць ролю і адвечнае значэнне філасофіі як у публічнай прасторы соцыуму, так і ў дзейнасці акадэмічнай супольнасці навукоўцаў, філосафаў, мысліцеляў. Падкрэсліваючы тую акалічнасць, што філасофія ўзнікае і становіцца жыццёва неабходнай менавіта там, дзе ёсць патрэба ў свабодзе як неад’емнай характарыстыцы асобы, дакладчык паказаў, якія вобразы філасофіі ўзнікаюць і зацвярджаюцца ў масавай свядомасці розных супольнасцяў, які лёс філасофіі і філасофскай адукацыі ў нашым грамадстве на розных этапах яго гістарычнай эвалюцыі.
Прафесарам, якія чулі выступленне Анатоля Зелянкова, спадабалася, што асаблівую ўвагу ён надаў складанасцям дыялогу навукі і філасофіі як у гістарычным кантэксце, так і ў сучасную эпоху. Ім падалося цікавым, што ў дакла-дзе былі асветлены такія актуальныя пытанні, як філасофія і праблемнае поле сучасных навуковых даследаванняў, навука як эфектыўны рэсурс сацыяльнай мадэрнізацыі, а таксама крытыка навуковай рацыянальнасці і міфалагізацыя сучаснай свядомасці.
Нягледзячы на радыкальную крытыку філасофіі і навуковай рацыянальнасці ў сучаснай посткласічнай культуры, выснова даклада гучала стрымана аптымістычна. Лекцыя Анатоля Ізотавіча завяршылася спасылкай на знакамітае выказванне вядомага філосафа і сацыёлага Макса Вебера: «У эпохі крызісаў грамадства, як правіла, падзяляецца на дзве няроўныя часткі. Большасць, не знаходзячы душэўных сіл і інтэлектуальнай энергіі, упадае ў адчай і аддае перавагу жудаснаму канцу. Але заўсёды знаходзяцца людзі, якія здольныя выносіць жах без канца, дэманструючы класічныя ўзоры інтэлектуальнай мужнасці, вернасць маральнаму і прафесійнаму абавязку. Менавіта іх намаганні і канструктыўная праца адкрывалі грамадству новыя перспектывы і стваралі перадумовы для выхаду з крызісных сітуацый. Сама гісторыя наканавала навуковай супольнасці быць цэнтрам такой пазітыўнай працы».
Напрыканцы прафесар Зелянкоў рэзюмаваў, што «філасофія была, ёсць і застанецца адной з самых вялікіх і загадкавых праяў чалавечага духу». Ён адзначыў: «Нягледзячы на самыя нечаканыя і дзіўныя перыпетыі гісторыі, ёй наканаваны лёс птушкі фенікс – заўсёды адраджацца і знаходзіць сваіх прыхільнікаў нават у часы, калі сон Розуму становіцца перадумовай змяркання цывілізацыі».
Наступным з лекцыяй перад удзельнікамі семінара выступіць прафесар Васіль Стражаў. Тэма яго лекцыі – «Трансфармацыя сістэмы вышэйшай адукацыі ў краінах з пераходнай эканомікай (Беларусь, Кітай, Расія)». Гэтая праблема таксама вельмі актуальная, і хочацца спадзявацца, што яна прыцягне ўвагу не толькі членаў прафесарскага сходу БДУ, але і іншых прадстаўнікоў выкладчыцкага корпуса, аспірантаў і маладых навукоўцаў нашага ўніверсітэта.
Дарэчы, усе відэаматэрыялы з пасяджэнняў семінара будуць размешчаны на сайце bsu.by у рубрыцы «Відэагалерэі» і абмяркоўвацца ў рубрыцы «Інтэрнэт-семінар».
Ганна ЛАГУН