Вынікі круглагадовай спартакіяды–2013 падведзеныя ў БДУ.
Першае месца ў дзясяты раз запар заняў юрыдычны факультэт, на другім – механіка-матэматычны. Замыкае тройку факультэт міжнародных адносін.
Усяго ў спартакіядзе ўдзельнічалі 15 каманд факультэтаў, а таксама студэнты ДІКСТ, ІБМТ і Інстытута журналістыкі. Спаборніцтвы праходзілі ў 21 відзе спорту. Пераможцы былі названыя на святочным спартыўным вечары БДУ, які прайшоў 18 снежня.
У гэты вечар віншаванні таксама прымалі і лаўрэаты 5 намінацый.
«Найлепшымі спартсменамі года (алімпійскі від спорту)» прызнаныя студэнт 3 курса юрыдычнага факультэта Джавід Гамзатаў – бронзавы прызёр чэмпіянату свету і XXVII Сусветнай летняй універсіяды–2013 у грэка-рымскай барацьбе і чацвёртакурснік эканамічнага факультэта Яўген Цуркін – чэмпіён, бронзавы прызёр Сусветнай універсіяды–2013 у плаванні, фіналіст чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Пяцікурснік фізфака Віктар Шарамет стаў «Найлепшым спартсменам года (неалімпійскі від спорту)» – чэмпіён Рэспубліканскай універсіяды.
«Найлепшай гульнявой камандай года» стала мужчынская зборная БДУ па баскетболе.
Тытул «Найлепшы трэнер-выкладчык года» сёлета заваяваў старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Уладзімір Фралоў.
У намінацыі «Найлепшы трэнер-арганізатар года» перамога дасталася старшаму выкладчыку кафедры фізічнага выхавання і спорту Мікалаю Прусаву.
Паводле інфармацыі КФіС