Распрацоўкі для В’етнама

4 Jan, 2014.

Въетнам Абламейко Сергей

Пяць сумесных праектаў навукоўцаў БДУ і навуковых, адукацыйных арганізацый і прадпрыемстваў Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам атрымалі гранты Беларуска-в’етнамскага інавацыйна-адукацыйнага і навукова-тэхналагічнага цэнтра (БВІАНТЦ).

Фінансаванне атрымаюць:
— праект фізічнага факультэта і Інстытута фізікі і электронікі ВАНТ (г. Ханой) «Тапалогія структурных дэфектаў у графене» (навуковы кіраў­­нік – прафесар Мікалай Паклонскі);
— праект ФПМІ і Універсітэта Бінь Зыонг (г. Хашымін) «Распра­цоўка алгарытмаў і камп’ютарных тэхналогій для рашэння задач у галіне медыцынскай інфарматыкі» (навуковы кіраўнік – прафесар Віктар Краснапрошын);
— праект факультэта даўні­версітэцкай адукацыі і Універсітэта Бінь Зыонг (г. Хашымін) «Укараненне навучальна-метадычнага комплексу па рускай мове для в’етнамскіх студэнтаў у навучальны працэс Універсітэта Бінь Зыонг» (навуковы кіраўнік – дэкан ФДА Вячаслаў Малафееў);
— праект біялагічнага факультэта і Інстытута сельскагаспадарчай генетыкі (г. Ханой) «Даследаванне заканамернасцяў фарміравання сістэмнай устойлівасці да стрэсавых фактараў асяроддзя ў раслін пад уздзеяннем элісітараў рызасферных бактэрый» (навуковы кіраўнік – кандыдат біялагічных навук Ірына Фяклістава);
— праект біялагічнага факультэта і Інстытута хіміі прыродных злучэнняў ВАНТ (г. Ханой) «Атрыманне комплексаў эфірных алеяў і іншых біялагічна актыўных злу­чэнняў з цыкладэкстрынам» (навуковы кіраўнік – кандыдат біяла­гічных навук Уладзімір Курчанка).
Нагадаем, конкурс на атрыманне грантаў быў абвешчаны ў БДУ ў пачатку кастрычніка цяперашняга года. Да разгляду прымаліся сумесныя або ўзгодненыя з в’етнамскай арганізацыяй праекты па прыярытэтных кірунках наву­кова-тэхнічнай дзейнасці і фундаментальных даследаванняў; а таксама працы, нацэленыя ў 2014 г. на пашырэнне і паглыбленне навуковых ведаў, якія адрозніваюцца навізной і маюць навуковую і практычную значнасць.
Двухбаковае партнёрства БДУ з В’етнамам з году ў год умацоў­ваецца і развіваецца. Актывізацыя супрацоўніцтва дазволіла ўжо ў 2012 г. у паўтара раза павялічыць агульную колькасць в’етнамскіх студэнтаў. Сёння іх у БДУ навучаецца звыш 50. Акрамя таго, год таму было падпісана пагадненне паміж нашай ВНУ, Інстытутам біяарганічнай хіміі НАН Беларусі, Цэнтральным батанічным садам нашай краіны і Інстытутам хіміі прыродных злучэнняў В’етнамскай акадэміі навук і тэхналогій (ВАНТ) аб стварэнні НДЛ «Біятэхналогіі прыродных і сінтэтычных біялагічна актыўных рэчываў». Таксама чатыры доўгатэрміновыя навукова-тэхнічныя праекты БДУ атрымалі падтрымку в’етнамскіх партнёраў у рамках дзейнасці БВІАНТЦ. А адзін з гэтых праектаў – «Атрыманне на аснове бактэрый роду Pseudo­monas прадуцэнта антыбіётыкаў феназінавага шэрагу і іх выкарыстанне ў медыцыне» – распра­цоўвала кіраўнік НДЛ малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі біяла­гіч­нага факультэта БДУ Ірына Фякліс­тава. Таксама яна кіравала су­мес­нымі даследаваннямі ў Ханоі на базе Інстытута сельскагаспадарчай генетыкі. Атрыманыя лекавыя прэпараты плануецца шырока выкарыстоўваць у медыцыне абе­дзвюх краін.
Жанна ВАСАНСКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: