За паўзабытай, паўнесфармаванай мовай,
за непакорнасцю спрадвечнае яе
любоў ёсць, жыццяздольнасць, невясомасць —
усе, чаго нам так не дастае.
У мовы гэтай лёс несправядлівы—
твой бесхрыбетны люд – ніхто другі!—
не раз цябе цураўся ганарліва і…
будучыняй плаціць за грахі.
Галінка
Галінка шкрабала ў вакно —
прасілася сагрэцца:
“У цябе там цёпла і святло,
мо знойдзецца мне месца?
Замерзла я…
Пусці, пусці ва ўтульную прастору.
Хоць не вясна, а прарасці
змагла б ліствой узорнай.
Парадавала б я цябе
ўсіх больш фарбаў лета…”
А чалавек драмаў сабе,
захутаўшыся пледам.
Не разумеў ён мову дрэў —
заледзянелы сэрцам
сябе, другіх не разумеў
і сам хацеў сагрэцца.
***
Ва ўсім мяжа, свой чорны пояс —
мегатоннамі цяжар, у дэцэбелах голас,
ад “не магу” да “цярпі”— сілавыя памеры.
Пастаянны знак “пi”— знак бяды, недаверу.
Бясконцым лічы, вымярай у наступствах
з усіх велічынь адну— глупства.
Дзіця ў траве
Кранаючы расінак зорны россып,
не знала я, шчаслівае дзіця,
што слёзнымі ад часу стануць росы,
і не аднойчы адракуся ад жыцця.
Нага дзіцяці з траў расу збівала,
і бег мой наяву палётам быў.
У марных пошуках я ногі пазбівала,
а ў сэрцы усё ж застаўся росны пыл.
Да сёння помню, расхінала травы,
а ногі зноўку блыталіся ў іх.
Зіяў задорам канапаты тварык,
І я была шчаслівейшай за ўсіх.
Я помню водар спелае былінкі,
што на бягу мне казытала нос…
На мокрым падале прыліплыя тычынкі
з тае пары мне вецер памяці прынёс.
Дзіця ў траве, што ледзь кранута сонцам,
і дзе туман яшчэ не споўз да рэк —
адзінае маленькага з бясконцым —
шчаслівейшы на свеце чалавек!
Кранаючы расінак зорны россып
не знала я, шчаслівае дзіця,
што слёзнымі ад часу стануць росы,
і не аднойчы адракуся ад жыцця…
ЛІЦЬВІНКА (Дварэцкая) Ганна Анатольеўна, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт факультэта права БДЭУ