Засялілі новы добраўпарадкаваны будынак кватэрнага тыпу навучэнцы эканамічнага факультэта і Інстытута журналістыкі. Тут прадугледжаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання: утульныя жылыя блокі, кухня з электраплітой і халадзільнікам, кропкі доступу ў інтэрнэт. І, вядома ж, усё для заняткаў і актыўнага адпачынку – навучальныя класы, трэнажорныя пакоі (асобна – мужчынскі і жаночы), пакоі пад тэніс і танцы, більярдавы, а таксама зала пасяджэнняў. Для харчавання жыхароў уладкавана яшчэ і кафэ. Увогуле, усё для вас, навасельцы!
Урачыстае адкрыццё прайшло ў вестыбюлі інтэрната з удзелам намесніка міністра адукацыі Беларусі Сяргея Рудага, кіраўніка спраў адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы Ніны Гардзяюк, намесніка старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталя Прыгодзіча, начальніка генпадраднага ўпраўлення будтрэста № 35 Юрыя Працкевіча, а таксама рэктара БДУ Сяргея Абламейкі.
Навасёлам дастаўся сучасны васямнаццаціпавярховы будынак на 1232 месцы, які атрымаў 4-ы парадкавы нумар. Рэктар універсітэта падкрэсліў, што «гэта ўжо другі інтэрнат Студэнцкай вёскі, менавіта БДУ, і гэта сведчыць пра ўвагу дзяржавы да нашага ўніверсітэта, адукацыі і маладога пакалення ў цэлым».
З кожным годам у свеце павышаецца якасць жыцця. Перш за ўсё пра гэта сведчаць умовы жылых будынкаў, і інтэрнаты тут граюць немалаважную ролю. У сваім віншаванні гэту тэму закрануў Сяргей Руды, сказаўшы, што жыць і вучыцца ў такім інтэрнаце – вялікая радасць, бо ўсяго дзесяць гадоў таму пра такія ўмовы можна было толькі марыць.
На постсавецкай прасторы Студэнцкая вёска з’яўляецца ўнікальным праектам, адзначыла Ніна Гардзяюк: «Гэты праект з’яўляецца прыкладам рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі, прыярытэт якой – стварэнне ўмоў для вучобы, побыту і вольнага часу, і кожны новы такі інтэрнат – доказ паспяховасці дадзенай палітыкі».
Сімвалічны ключ ад інтэрната быў уручаны студэнтцы трэцяга курса Інстытута журналістыкі Алёне Дзеравянцы.
Прынамсі, да канца гэтага навучальнага года 802 студэнты БДУ будуць дзяліць жылплошчу з 430 студэнтамі БНТУ, якіх часова перасялілі са свайго інтэрната ў сувязі з чэмпіянатам свету па хакеі, які адбудзецца ў Мінску. Так што летам інтэрнат № 4 гасцінна расчыніць дзверы яшчэ для некалькіх соцень студэнтаў альма-матар.
Гісторыя чацвёртага інтэрната пачалася яшчэ ў 1960 годзе. Гэта быў невялікі пяціпавярховы будынак на праспекце Пераможцаў. На двары ўжо 2013, і старой «чацвёркі» даўно няма, але цяпер яе гісторыю працягне куды больш функцыянальны «гмах» па праспекце Дзяржынскага.
На будаўніцтва новага інтэрната спатрэбілася 2 гады. За гэты час актыўны ўдзел ва ўзвядзенні корпуса прымалі некалькі студэнцкіх будатрадаў. Жылыя пакоі ў ім абстаўлены добрай мэбляй, а сцены абклееныя маляўнічымі шпалерамі. Шырокія калідоры выкладзеныя якаснай пліткай. Каляровае рашэнне ўсіх памяшканняў вылучаецца разнастайнасцю. Максімальна зручны таксама ліфтавы хол плошчай 60 м2 з прыемным панарамны аглядам, а ўсяго ў распараджэнні жыхароў – 5 ёмістых ліфтаў (адзін грузавы). Цяпер студэнтам журфака і эканамфака трэба будзе працягнуць гісторыю «чацвёркі» ў сценах гэтага цудоўнага будынка. Спадзяюся, гісторыя гэта будзе доўгая, яркая і пазітыўная.
Студэнцкі гарадок – структурнае падраздзяленне БДУ. У яго складзе – 10 інтэрнатаў (адзін – для супрацоўнікаў і 9 для навучэнцаў, адзін з якіх зараз на капітальным рамонце).
Месцам у iнтэрнаце зараз забяспечаны каля 60 % студэнтаў, якія маюць у гэтым патрэбу. Яны размяркоўваюцца на падставе пададзенай заявы і паводле рашэння камісіі факультэта па засяленні.
Студэнцкі гарадок – гэта агульны дом для амаль 6 тысяч студэнтаў Белдзяржуніверсітэта, гэта органы самакіравання і цудоўная магчымасць для самарэалізацыі моладзі, развіцця лідарскіх якасцяў і арганізатарскіх здольнасцяў.
Эзіз АВЕЗАЎ, студэнт 2 курса Інстытута журналістыкі БДУ