ПАДЗЯКУ БДУ за правядзенне міжнароднай канферэнцыі па космасе, якая праходзіла з 11 па 15 лістапада, выказала дырэктар упраўлення ААН па пытаннях касмічнай прасторы Мазлан Отман. У афіцыйным лісце яна адзначыла значнасць дадзенага навуковага форуму ў асваенні космасу з выкарыстаннем новых тэхналогій у інтарэсах эканамічнага развіцця дзяржаў. Падчас канферэнцыі з дакладамі выступілі звыш 100 навукоўцаў і спецыялістаў у галіне касмічных навук з 25 краін.
* * *
ГАНАРОВАЙ граматы Міністэрства адукацыі Беларусі ўдастоена Галоўнае ўпраўленне навукі БДУ. Узнагарода прысуджана ГУН за высокі прафесіяналізм у арганізацыі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, а таксама ў сувязі з 50-годдзем структуры.Падкрэслім, гэта першае навуковае падраздзяленне ВНУ, якое высока ацэнена Міністэрствам адукацыі, бо раней так адзначаліся толькі ўстановы адукацыі.
Нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджана намеснік прарэктара па навуковай рабоце – начальнік ГУН Таццяна Дзік. Узнагароды ўручаныя і іншым прадстаўнікам БДУ.
* * *
ЗАГАДЧЫЦА кафедры генетыкі біялагічнага факультэта БДУ Наталля Максімава ўдастоена медаля «За працоўныя заслугі». Гэтая дзяржаўная ўзнагарода прысуджана ёй за шматгадовую плённую працу і высокае прафесійнае майстэрства.
Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ