Слухачы сёлетняй школы лідара змаглі прайсці комплексную дыягностыку адміністрацыйнага патэнцыялу ў «Рэспубліканскім цэнтры праблем чалавека» БДУ. У чым яна заключалася, мы папрасілі расказаць загадчыцу лабараторыі псіхафізіялогіі і прафесіяграфіі гэтага цэнтра Святлану САГАЙДАК.
– Святлана Станіславаўна, наколькі запатрабаваны метадычны інструментарый, які выкарыстоўвае ваша лабараторыя?
– Наш калектыў псіхолагаў і праграмістаў за апошнія 20 гадоў плённа супрацоўнічаў з рознымі заказчыкамі: Міністэрствам адукацыі, Дырэкцыяй будаўніцтва атамнай станцыі Міністэрства энергетыкі, Дэпартаментам па санацыі і банкруцтве Міністэрства эканомікі, Міністэрствам юстыцыі, Міністэрствам спорту, Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях і іншымі. Для кожнай прафесійнай групы мы выкарыстоўвалі спецыфічныя сродкі, свой набор прафесійна важных якасцяў. Галоўная праблема кадравых службаў для адказных відаў дзейнасці: прагноз прафесійнай надзейнасці. Яе базавымі прыроджанымі задаткамі з’яўляюцца працаздольнасць, стрэсаўстойлівасць, здольнасць да навучання. Мы выяўляем індывідуальны стыль дзейнасці ў сітуацыі вострага стрэсу, пры доўгай напружанай рабоце, у манатонных руцінных умовах.
Выяўленне адміністрацыйнага патэнцыялу – таксама найважнейшая задача кіраўнічай іерархіі любой арганізацыі. Ініцыятарам правядзення комплекснай псіхадыягностыкі адміністрацыйнага патэнцыялу ў БДУ стала ўпраўленне кадраў. Менавіта ў яго абавязкі ўваходзіць забеспячэнне падбору і рацыянальнай расстаноўкі кадраў у нашым універсітэце. Задаткі адміністрацыйных здольнасцяў мы ацэньваем пры дапамозе комплексу спецыяльных тэстаў.
– Што такое адміністрацыйны патэнцыял? Ён напрацоўваецца з гадамі, ці трэба, каб чалавек валодаў пэўнымі якасцямі ўжо з нараджэння?
– Адміністрацыйны патэнцыял – гэта сукупнасць прыроджаных якасцяў і напрацаванага вопыту камунікацый, сацыяльных сувязяў і г. д. Вопыт, зразумела, прыходзіць з цягам часу, а вось прыроджаны рэсурс не мяняецца. Надзвычай важна выявіць гэты рэсурс, таму што часцяком рэальныя рамкі прыроджаных здольнасцяў не ўсведамляюцца нават самім чалавекам. У пастаянных стрэсавых умовах недахоп адміністрацыйнага патэнцыялу можа дорага абысціся і адміністратару (страта здароўя ад нервовага напружання), і арганізацыі ў цэлым (нядбайнасць у працы ўсяго калектыву і інш.). Адметна, што адміністрацыйны патэнцыял ва ўстанове вышэйшай адукацыі звычайна цесна пераплятаецца з высокімі інтэлектуальнымі характарыстыкамі асобы.
– Якімі асабістымі характарыстыкамі павінен валодаць адміністратар ВНУ? Ці ёсць, згодна з вашым тэстам, будучыя кіраўнікі сярод кадравага рэзерву БДУ?
– Хачу пачаць з сутнасці псіхадыягностыкі адміністрацыйнага патэнцыялу. У нашым дыягнастычным класе прыкладна за 2,5–3 гадзіны можна прайсці каля паўтара дзясятка тэстаў. Па выніках такой комплекснай дыягностыкі ацэньваецца 14 якасцяў, якія садзейнічаюць эфектыўнай адміністрацыйнай дзейнасці. Сярод іх – камунікатыўныя здольнасці, гнуткасць у зносінах, захаванне эфектыўнасці працы ў стрэсавых абставінах, высокая працаздольнасць пры доўгай напружанай працы, здольнасць вылучаць істотную інфармацыю, бачыць узаемасувязі паміж падзеямі і г. д.
Акрамя гэтага, выяўляюцца і 9 якасцяў, якія ўскладняюць адміністрацыйную дзейнасць: напрыклад, высокая імпульсіўнасць пры стрэсавых абставінах, агрэсіўны, канфліктны стыль узаемадзеяння ў зносінах, цяжкасці ў прыняцці рашэнняў у сітуацыі, якая хутка мяняецца, і іншыя. Кожная якасць ацэньваецца па трохбальнай сістэме. Прычым, калі прыроджаных перадумоў для пэўных якасцяў не выяўлена, то і ацэнак па ім можа не быць. Вынік выглядае наступным чынам: пералік 14 станоўчых і 9 адмоўных якасцяў з ацэнкамі, ніжэй – абагульненыя паказчыкі адміністрацыйнага патэнцыялу ў балах. Аднак сярод набору якасцяў ёсць пераважна арганізатарскія і пераважна выканаўчыя. Напрыклад, пра 46 супрацоўнікаў БДУ, якія пратэсціраваліся ў нашым дыягнастычным класе, можна сказаць што ўсе яны валодаюць адміністрацыйным патэнцыялам. Толькі хтосьці больш прыдатны для арганізатарскай дзейнасці, а камусьці лепш падыдуць выканаўчыя функцыі. Таму мы абавязкова даём і прагноз накіраванасці на арганізатарскую ці выканаўчую сферу дзейнасці ў працэнтных суадносінах.
– Добры адміністратар цэніцца ва ўсіх арганізацыях. Ці варта адчайвацца, калі тэсты гавораць, што табе наканавана быць у падначаленых?
– Тэрмін «падначалены» ў першую чаргу адлюстроўвае сацыяльную ацэнку службовых абавязкаў супрацоўніка. Быць падначаленым, або «пад чынам», многім не падабаецца. Таму ў гэтым выпадку лепш выкарыстоўваць тэрмін «выканаўца», гэта значыць чалавек, які даводзіць задачу, пастаўленую арганізатарам, да лагічнага завяршэння. Якасны падбор кадраў якраз і заключаецца ў тым, каб удала скласці пару «арганізатар – выканаўца», якая будзе затым зладжана працаваць. У кожнага дэкана заўсёды ёсць надзейны і талковы намеснік, здольны на высокім узроўні выконваць яго распараджэнні. Тут важна, каб кожны з іх быў на сваім месцы і мог выкарыстаць свой індывідуальны прыроджаны патэнцыял.
Гутарыла
Ганна ЛАГУН