Каманда БДУ па баскетболе ў чарговы раз заявіла пра сябе ў Міжнароднай студэнцкай баскетбольнай лізе (МСБЛ). Паспяхова выступіўшы ў першым туры дывізіёна «Прыбалтыка», хлопцы прадставілі наш універсітэт 8 снежня 2013 г. на гульні ў Гродне, а 13–14 – у Рызе.
Па выніках трох тураў баскетбалісты БДУ заваявалі 3 месца ў групе. У паядынку з камандай Гродзенскага ўніверсітэта мы двойчы абыгралі суперніка. На рыжскай арэне верх узялі гаспадары – каманды Латвійскага ўніверсітэта і Школы бізнесу Турыба.
– Мы паказалі сябе годна, улічваючы, што за латвійскія каманды выступаюць прафесійныя баскетбалісты, а каманда гродзенскага ўніверсітэта з’яўляецца базавай для клуба вышэйшай лігі «Прынёманне», – гаворыць галоўны трэнер каманды БДУ Дзмітрый Навіцкі. Было нялёгка, узровень супернікаў адчуваўся на працягу ўсіх сустрэч, ні адной гульні не было прахадной. Але нашы хлопцы не збаяліся і змагаліся ў кожным матчы да апошняга.
Зусім нядаўна, 7–8 і 15–16 лютага ў рамках Міжнароднай студэнцкай баскетбольнай лігі (МСБЛ) прайшлі чарговыя гульні. У гэты раз каманда Белдзяржуніверсітэта сустрэлася з Расійскім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры (РДУФК), з Расійскай прававой акадэміяй Міністэрства юстыцыі РФ (РПА), дзе галоўны трэнер Аляксандр Бялоў, сын легендарнага савецкага баскетбаліста Сяргея Бялова, а таксама з Растоўскім дзяржаўным эканамічным універсітэтам (РДЭУ) і Магнітагорскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам (МДТУ).
Першую сутычку каманда БДУ прайграла РПА з лікам 59:86. У наступнай для перамогі нам не хапіла некалькіх ачкоў. У выніку – 79:81 на карысць каманды РДУФК г. Масква. Але ў наступным хлопцы двойчы ўзялі верх, абыграўшы РДЭУ з лікам 87:61 і МДТУ – 81:80. Прычым у апошняй гульні нашым хлопцам удалося вырваць перамогу за 7 секунд да фінальнай сірэны.
– Удзел у спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню мае вялізнае значэнне для развіцця беларускага студэнцкага баскетбола. Асабліва прыемна, што першай камандай, якая ўступіла ў МСБЛ ад нашай краіны, стала зборная БДУ, – гаворыць Дзмітрый Навіцкі. – Нам далі магчымасць памерацца сіламі з сапраўды моцнымі супернікамі. Для гульцоў гэтыя спаборніцтвы паслужылі стымулам да далейшага спартыўнага ўдасканалення. З пазіцыі трэнераў задача нашага ўдзелу складалася ў вывучэнні розных гульнявых стыляў, новых тэхніка-тактычных падыходаў і «свежых» гульнявых рашэнняў. Мы разумеем меру адказнасці, выступаючы пад сцягам галоўнай ВНУ краіны, і імкнёмся дасягнуць максімальнага выніку. Таму для нас вельмі важная падтрымка кіраўніцтва ўніверсітэта: рэктара С. У. Абламейкі, першага прарэктара М. А. Жураўкова, прарэктара У. В. Суворава, усіх супрацоўнікаў кафедры на чале з У. А. Калядой і спартыўнага клуба БДУ, дырэктарам якога з’яўляецца Аляксей Камінскі.
Каманда ўніверсітэта апроч МСБЛ удзельнічае ў чэмпіянаце Беларусі (1 ліга). Яна лідзіруе і на дадзены момант займае першае месца ў турнірнай табліцы. Адначасова зборная БДУ спаборнічае ў чэмпіянаце г. Мінска сярод ВНУ, дзе таксама ідзе на 1 месцы. Аддадзім належнае трэнерам.
Валодаць мячом хлопцаў вучаць былыя прафесійныя баскетбалісты Дзмітрый Навіцкі і Анатоль Парфіяновіч з 2001 г. Яны ўзгадваюць, што каманда ў розныя часы з’яўлялася ўдзельнікам Вышэйшай лігі чэмпіянату РБ. Трэнеры бачаць развіццё ўніверсітэцкага баскетбола ў прыцягненні маладых і перспектыўных гульцоў з ДЮСШ усёй рэспублікі. Са спартшколамі вядзецца актыўнае супрацоўніцтва. Але наша задача заключаецца ў першую чаргу ў далучэнні моладзі да здаровага ладу жыцця і ў стварэнні іміджу БДУ як спартыўнай навучальнай установы, як спартыўнага брэнда.
Дарэчы, па выніках Міжнароднай студэнцкай баскетбольнай лігі адбіраліся найлепшыя гульцы, і сярод іх праходзіў Матч зорак, які адбыўся ў Бялградзе. Гульцоў разгрупавалі на «Захад» (краіны былой Югаславіі і Вялікабрытанія) і «Усход» (Расія, Украіна, Беларусь і Прыбалтыка). Перамогу атрымаў «Захад». Ад нашай краіны выступаў студэнт ГрДУ Аляксандр Семянюк, які заваяваў прыз самага каштоўнага гульца матча.
Дзмітрый Навіцкі прысутнічаў на гэтым мерапрыемстве і адзначыў, што там была прадугледжаная насычаная праграма. Удалося пабачыць матчы Еўралігі паміж камандамі бялградскага «Партызана» і клуба «Краснадар» з Расіі, а таксама ветэранаў савецкага і югаслаўскага баскетбола. У гэтыя ж дні праводзіліся семінары для трэнераў і суддзяў МСБЛ.
Ігар МАТЭЛЕНАК
На фота: Дзмітрый Навіцкі з алімпійскім чэмпіёнам Сяргеем Тараканавым у Бялградзе