БДУ – лідар сярод ВНУ Беларусі

18 Feb, 2014.

Главный корпус БГУ (на главную страницу)

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт узначаліў рэйтынг айчынных устаноў вышэйшай адукацыі па выніках прыёмнай кампаніі 2013 г. Гэта даследаванне, у якім удзельнічала 48 ВНУ, упершыню правяло Міністэрства адукацыі нашай краіны. Другое месца заняў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, а на трэцім – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і электронікі. У першую пяцёрку ўвайшлі таксама Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (4 месца) і Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (5 месца).
Мэтай рэйтынгу з’яўляецца вывучэнне патэнцыялу студэнтаў I курса, якія паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі (УВА) у 2013 г. Для ацэнкі ўніверсітэтаў у першую чаргу ўлічваліся колькасныя паказчыкі: лік абітурыентаў, прынятых за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты і інш. Акрамя таго, прымаліся да ўвагі якасныя паказчыкі – прахадны бал па спецыяльнасцях бюджэтнага і платнага набору.
Таксама для разліку формулы ранжыравання ВНУ ўлічваліся і іншыя паказчыкі, а менавіта: сума балаў, набраных студэнтамі па ўсіх спецыяльнасцях, з улікам выканання кантрольных лічбаў прыёму; колькасць абітурыентаў, прынятых на бюджэт па пэўнай спецыяльнасці; колькасць абітурыентаў, прынятых на ўмовах аплаты па пэўнай спецыяльнасці; прахадны бал па пэўнай спецыяльнасці для абітурыентаў, прынятых за кошт бюджэту і на ўмовах аплаты; колькасць абітурыентаў, залічаных без уступных іспытаў (пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэаты спецыяльных фондаў Прэзідэнта Беларусі); колькасць залічаных замежных грамадзян; працэнт выканання кантрольных лічбаў прыёму.
Адзначым, што ў апошнія гады БДУ высока каціруецца ўплывовымі міжнароднымі асацыяцыямі. Так, у ліпені 2013 г. наша ВНУ займала 790 пазіцыю ў Сусветным вэбаметрычным рэйтынгу ўніверсітэтаў (Webometrics Ranking of World Universities). Па версіі вядомага брытанскага агенцтва QS БДУ уваходзіць у лік 600 найлепшых універсітэтаў свету. А ў снежні мінулага года БДУ стаў другім у рэйтынгу ВНУ СНД, Грузіі і краін Балтыі.

print

Вам таксама можа спадабацца: