У БДУ дадзены старт цыклу мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Патрыятычная акцыя «Мы – нашчадкі Перамогі!» прайшла ва ўрачыстых абставінах напярэдадні свята Дня абаронцы Айчыны. З уступным словам перад ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, воінамі-інтэрнацыяналістамі і ветэранамі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, студэнтамі і супрацоўнікамі выступілі рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
Адзначым, афіцыйнай частцы мерапрыемства папярэднічала тэматычная выстава, якая аднавіла гістарычны антураж ваеннага часу. У экспазіцыі былі прадстаўлены рарытэтныя прадметы і рэчы часоў Вялікай Айчыннай вайны: карты, радыёпрыёмнікі, тэлефоны, зброя, адзенне, прадметы ўжытку… Гасцей і супрацоўнікаў ВНУ ў стылізаванай форме салдат рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі 1941 і 1943 гадоў сустракалі члены сталічнага клуба рэканструкцыі «Браты па зброі».
Арганізатарамі гэтага святочнага мерапрыемства выступілі ўпраўленні выхаваўчай работы з моладдзю і па справах культуры БДУ.
У перспектыве ў БДУ плануецца правесці больш за 70 разнапланавых мерапрыемстваў, прысвечаных подзвігу савецкіх людзей у ваенныя гады. Сярод іх: міжнародная студэнцкая алімпіяда па гісторыі, анлайн-конкурсы, мультымедыйныя прэзентацыі, сустрэчы студэнцкіх моладзевых арганізацый БДУ з ветэранамі ВАВ, Узброеных Сіл Беларусі, воінамі-інтэрнацыяналістамі і інш. Акцыі нацэлены на выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці ў студэнцкай моладзі.
Галоўнай падзеяй акцыі стала прэзентацыя незвычайнага сувеніра – настольнага рэтракалендара. Гэты падарунак героям і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны – былым студэнтам і супрацоўнікам БДУ. На кожнай старонцы календара стылізаваная мізансцэна на чорна-белым здымку будынкаў і навучальных карпусоў БДУ даваеннага і ваеннага часу. Героямі і «персанажамі» каляндарных месяцаў выбраны найлепшыя студэнты. Імі сталі 12 пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу «Студэнт года БДУ–2013». Маладыя людзі з дапамогай ваеннага рэквізіту змаглі адчуць і данесці атмасферу тых суровых гадоў.
Адзначым, антуражная фотаздымка праходзіла ў павільёне Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», а салдацкая форма, якую прымерылі нашы героі, выкарыстоўвалася ў многіх знакавых кінастужках пра вайну.
Нашы суразмоўцы – студэнт 4 курса фізічнага факультэта Канстанцін Жук і пяцікурснік факультэта міжнародных адносін Вадзім Пранько – на старонках рэтракалендара прадстаўлялі студзень і сакавік адпаведна. Кожны месяц адкрываў эпіграф, напісаны студэнтам. Так, будучы фізік напісаў: «Мне пашанцавала жыць у мірны час на мірнай зямлі. Але я ніколі не забуду подзвігі сваіх дзядоў, дзякуючы якім гэта магчыма!» А будучы дыпламат: «Я ўпэўнены, што Перамога застанецца ў сэрцах людзей і праз пяцьдзясят, і праз сто гадоў. Менавіта ёй мы абавязаныя ўсім, што маем цяпер».
Бліц-інтэрв’ю з галоўнымі «персанажамі» старонак календара.
– «Малююць хлопчыкі вайну» – калісьці папулярная песня кампазітара Багаслоўскага відавочна не пра нашых сучаснікаў. Цяперашнія хлапчукі гуляюць у камп’ютарныя гульні, у дварах ужо не крычаць «ура» і не гуляюць у «вайнушку».
Канстанцін Жук: У вас недакладная інфармацыя. У пэўным узросце ўсе хлапчукі хочуць быць пераможцамі і абаронцамі. Я, напрыклад, з сябрамі гуляў у вайну.
Вадзім Пранько: І я таксама гуляў. Мне здаецца, незалежна ад часу, ад дзяржаўнага і сацыяльнага ўкладу ў памяці заўсёды будзе жыць подзвіг нашых суайчыннікаў у Вялікай Айчыннай вайне. Падкрэслю, ваенныя бітвы і танкавыя атакі мы таксама малявалі ў альбомах.
– Многія маладыя людзі сцвярджаюць, што калі чуюць нямецкую гаворку, то асацыятыўна ўспамінаюць Вялікую Айчынную вайну з мастацкіх фільмаў. У вас ёсць падобныя асацыяцыі?
К. Жук: У мяне такіх агрэсіўных паралеляў на фоне нямецкай мовы не ўзнікае. Няма негатыўнага стаўлення да сучаснай Германіі. Хутчэй, у такія моманты я ўспамінаю пра доблесць нашых салдат, подзвіг усяго савецкага народа. Успамінаю апавяданні бабулі і дзядулі, якія перажылі гэтую вайну. Калі пачалася вайна, яны былі яшчэ падлеткамі, жылі ў вёсцы пад Любанню. І, натуральна, у войску не служылі. Але той суровы час памятаюць: у іх вёсцы размяшчаліся салдаты нямецкай арміі. У нашай сям’і воінская доблесць і гонар афіцэра – не пафасныя словы. Мой бацька – ваенны чалавек, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, мама заўсёды працавала ў вайсковай частцы. Яна ведае ўклад жыцця ваеннага гарадка, ведае цану трывогі. Напэўна, таму памятныя даты мае родныя шанавалі асабліва. 9 мая мяне часта вадзілі на парад ваеннай тэхнікі. Я бачыў і запомніў урачыстае шэсце ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
В. Пранько: Хоць у маёй сям’і прафесійных вайскоўцаў не было, але памятныя даты вайны з фашысцкімі захопнікамі ўшаноўваюць. Вайну перажылі толькі мае два прадзеды… Іншыя блізкія нарадзіліся ўжо пасля вайны, але кожны год 9 Мая – гэта той дзень, тое свята, калі ўся сям’я публічна і негалосна ганарыцца мінулым сваёй краіны. Калі мы ўсведамляем, хто мы і каму абавязаны мірным жыццём. І гэта, паверце, таксама не пафасныя словы. Я чамусьці ўпэўнены, што і праз 20 гадоў новае пакаленне будзе думаць таксама і трапятліва ставіцца да загінулых герояў Вялікай Айчыннай вайны.
– Якія творы мастацтва і літаратуры вас асабліва ўразілі?
К. Жук: Фільм Ігара Угольнікава «Брэсцкая крэпасць». Наколькі мне вядома, сцэнар засноўваўся на гістарычных фактах, а галоўныя героі фільма маюць рэальныя гістарычныя прататыпы.
В. Пранько: Раман Юльяна Сямёнава «Сямнаццаць імгненняў вясны». Вядомы серыял я ні разу і не бачыў.
– Поспехаў вам!
Гутарыла Жанна Васанская
Пабачыць рэтракаляндар і пазнаёміцца з тэматычнымі акцыямі БДУ да дню Перамогі можна тут
Відэасюжэт з месца падзеі пабачце ніжэй