У студзені пры спрыянні пасольства Рэспублікі Беларусь у ФРГ адбыўся візіт дэлегацыі БДУ ў Германію.
Прарэктар па навучальнай рабоце Аляксей Данільчанка, дэкан ФМА Віктар Шадурскі і дырэктар Інстытута нямецкіх даследаванняў Уладзімір Ціханаў наведалі Вольны ўніверсітэт Берліна, Берлінскі ўніверсітэт імя Гумбальта і Патсдамскі ўніверсітэт. Бакі абмеркавалі сумеснае правядзенне міжнародных семінараў і канферэнцый, а таксама дамовіліся пра абмен студэнтамі і выкладчыкамі.
Дэлегацыя БДУ наведала таксама Цэнтр Бертальда Бейца Германскага таварыства па знешняй палітыцы, дзе правяла перамовы з дырэктарам цэнтра доктарам Эвальдам Бёльке. Гаворка ішла пра сумеснае правядзенне даследаванняў і экспертыз у сферы міжнароднай дзейнасці, падрыхтоўку інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў па пытаннях знешняй палітыкі дзвюх краін. Пачаткам супрацоўніцтва стала дамоўленасць пра абмен навуковымі перыядычнымі выданнямі. Бібліятэцы Германскага таварыства па знешняй палітыцы перададзены нумары «Часопіса міжнароднага права і міжнародных адносін», які выпускае ФМА. У сваю чаргу беларускім гасцям былі ўручаныя некалькі асобнікаў часопіса «Міжнародная палітыка» (Internationale Politik), які выдаецца нямецкай установай.
Наступным этапам супрацоўніцтва стане сумесная арганізацыя міжнароднай канферэнцыі, якая пройдзе ўвесну гэтага года на базе БДУ. Форум будзе прысвечаны перспектывам развіцця сучасных гарадоў. У ім прыме ўдзел дырэктар вышэйназванага цэнтра Эвальд Бёльке.
Ксенія КАРАВАЯ