Сёлетняй восенню ўпраўленню па справах культуры БДУ спаўняецца 90 гадоў.
Безумоўна, гэтая дата не застанецца незаўважанай. На сцэнічных пляцоўках ВНУ пройдуць мерапрыемствы і справаздачныя канцэрты мастацкіх калектываў БДУ. А ў дзень вясновага раўнадзенства 21 сакавіка адбыўся сумесны канцэрт заслужанага аматарскага калектыву РБ ансамбля танца «Крыжачок» БДУ і танцавальнага фальклорнага калектыву «Кадагіс» з Друскінінкая (Літва). Падрабязнасці мы даведаліся ў начальніка ўпраўлення па справах культуры заслужанага супрацоўніка культуры РБ Уладзіміра Макарэвіча.
– Ансамбль танца «Крыжачок» – адзін з вядомых і тытулаваных калектываў БДУ! У «Крыжачку» працуе больш за сорак чалавек. Вакальная група, музыкі, дванаццаць танцавальных пар – гэтага дастаткова для аматарскага ансамбля. Каб танцаваць у калектыве, не абавязкова вучыцца ў нашым універсітэце. У ансамблі займаюцца студэнты і іншых ВНУ. У праграме, якую падрыхтаваў кіраўнік ансамбля Ігар Музалеўскі, традыцыйныя і жанравыя беларускія і літоўскія народныя танцы. Іх па чарзе выконвалі артысты «Крыжачка» і «Кадагіса». У гэты вечар гледачы ўбачылі як вядомыя і даўно ўпадабаныя пастаноўкі ўслаўленага калектыву БДУ, такія як «Крыжачок», «Лявоніха», «Юрачка», так і новыя – «Полька праз нагу». Адзначу, удзельнікаў гэтага канцэрта злучаюць даўнія таварыскія адносіны. Так, у творчых планах «Крыжачка» стаіць правядзенне ў маі канцэрта ў адказ у Літве. Канцэрты адбыліся пры падтрымцы беларускага грамадства «Спадчына» з Друскінінкая.
– Уладзімір Міхайлавіч, гісторыя ўпраўлення па справах культуры бярэ свой пачатак ад студэнцкага клуба БДУ, а сёння ў вашай структуры працуе больш за два дзясяткі аматарскіх калектываў…
– Зараджэнне першых калектываў аматарскай творчасці на рабфаку пачалося яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Менавіта там былі арганізаваныя першыя гурткі мастацкай самадзейнасці, а менавіта: харавы, танцавальны і кружок мастацкага чытання. Там жа, на рабфаку, праходзілі і першыя канцэрты.
Кропкай адліку прынята лічыць лістапад 1924 года, калі быў створаны гурток беларускай культуры, якім кіраваў вядомы беларускі пісьменнік навуковец Максім Іванавіч Гарэцкі.
Наступнымі знакавымі гадамі сталі 1945–1946, звязаныя з заснаваннем чатырох найстарэйшых народных калектываў БДУ: ансамбля танца «Крыжачок», аркестра народных інструментаў, студэнцкага драматычнага тэатра, а таксама харавой капэлы БДУ.
Зараз супрацоўнікі ўпраўлення займаюцца арганізацыяй фэстаў, конкурсаў, буйнамаштабных святаў і шоу з удзелам вядомых артыстаў айчыннай і замежнай эстрады. Акрамя таго, праводзяць тэматычныя канцэртныя і танцавальна-забаўляльныя праграмы.
– А таксама, як кажуць самі студэнты, усе вашы супрацоўнікі знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку і з увагай ставяцца да новых моладзевых праектаў і прапаноў! Сёння многія медыйныя асобы ганарацца тым, што ўвайшлі ў прафесію з самадзейнасці. Хто з выбітных дзеячаў культуры працаваў у вашым упраўленні?
– Датычныя многія вядомыя дзеячы беларускай культуры. Назаву толькі некаторых з іх: балетмайстар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Ларыса Алексютовіч, вядомы хормайстар Святлана Леўчанка, віртуоз-балалаечнік Дзмітрый Захар, рэжысёр Леў Літвінаў, народны артыст СССР Уладзімір Уладамірскі. Кожны з іх варты асобнай старонкі ў гісторыі Белдзяржуніверсітэта.
– А планы юбілейных мерапрыемстваў упраўлення ўжо вядомыя?
– Як кажуць, калі хочаш рассмяшыць Бога – распавядзі пра свае планы. Таму пра неспадзеўкі і прэм’еры будзем гаварыць увосень.
– Поспехаў Вам!
Гутарыла
Жанна Васанская
На фота: 1. Ансамбль танца «Крыжачок»
2. Начальнік ўпраўлення па справах культуры Уладзімір Макарэвіч