4 сакавіка ў БДУ прайшоў міжнародны семінар “Досвед еўрафакультэтаў для будучыні”, які сабраў вядучых экспертаў, уключаных у рэалізацыю праекта “Еўрафакультэт”. Мэтай дадзенага праекта, фінансаванага Універсітэцкай сеткай рэгіёна Балтыйскага мора (BSRUN), які рэалізуецца пры падтрымцы Савета дзяржаў Балтыйскага мора, з’яўляецца стварэнне сеткі ўніверсітэтаў-партнёраў і распрацоўка сучасных навучальных праграм, адпаведных еўрапейскім стандартам у галіне эканомікі, палітычнай навукі і права.
Галоўным пытаннем семінара стала абмеркаванне магчымасцяў і перспектыў адкрыцця падобнага еўрафакультэта на базе БДУ. Прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь выказалі зацікаўленасць у стварэнні падобнай структуры на базе беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі. Падтрымку рэалізацыі падобнага праекта выказала таксама каардынатар праграм Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Алена Касько. У працы семінара прынялі ўдзел прэзідэнт BSRUN Кары Хіпанен і старшы дарадца Сакратарыята дзяржаў Балтыйскага мора Ірыс Кемпе. Акрамя таго, у рамках семінара з дакладамі выступілі прадстаўнікі Універсітэта Турку (Фінляндыя), які з’яўляецца каардынатарам праекта “Еўрафакультэт”. Досведам стварэння еўрафакультэтаў падзяліліся прадстаўнікі шэрагу расійскіх ВНУ, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта: Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта. Наш універсітэт прадставіў першы прарэктар Міхаіл Жураўкоў.
У бліжэйшы час Савет дзяржаў Балтыйскага мора плануе рэалізаваць пілотны праект з мэтай выяўлення перспектыўных накірункаў падрыхтоўкі спецыялістаў у Беларусі для патрэб рэальнага сектара эканомікі. Дадзены праект дасць старт распрацоўцы сучасных магістарскіх праграм і адкрыццю ў БДУ еўрафакультэта.
Нагадаем, што БДУ з’яўляецца членам BSRUN з кастрычніка 2013 г. Беларусь ва Універсітэцкай сетцы рэгіёна Балтыйскага мора прадстаўленая таксама Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Гродзенскай дзяржаўнай аграрнай акадэміяй. З 1 ліпеня 2009 г. Беларусь мае статус назіральніка ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора.
Аляксандр РЫТАЎ, начальнік аддзела УМС