Званне «Ганаровы прафесар Універсітэта Бінь Зыонг» (В’етнам) прысвоена рэктару БДУ акадэміку Сяргею Абламейку.
Адпаведны дыплом і мантыю ўручыў яму 5 сакавіка рэктар в’етнамскай ВНУ Каа Ван Фыонг на пашыраным рэктараце Універсітэта Бінь Зыонг. Ганаровага звання Сяргей Абламейка ўдастоены за развіццё навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж нашай краінай і Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася ў рамках афіцыйнага візіту ва Універсітэт Бінь Зыонг дэлегацыі БДУ ў складзе рэктара акадэміка Сяргея Абламейкі, дэкана факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Вячаслава Малафеева і загадчыка кафедры інфармацыйных тэхналогій кіравання ФПМІ Віктара Краснапрошына.
Наведванне В’етнама прайшло з 1 па 8 сакавіка паводле працоўнага плана Беларуска-в’етнамскага інавацыйна-адукацыйнага цэнтра. Мэтай візіту стала абмеркаванне вынікаў дзейнасці гэтай структуры ў 2013 г. і ўзгадненне плана працы на 2014 г. Акрамя таго, беларускія навукоўцы правялі навуковыя семінары для выкладчыкаў, навуковых супрацоўнікаў і магістрантаў універсітэтаў правінцыі Бінь Зыонг. Так, на семінары «Інфармацыйныя сістэмы ў медыцыне: вопыт распрацоўкі і ўкаранення ў медыцынскіх установах В’етнама і Беларусі» з дакладам «Электронная ахова здароўя: інфармацыйныя сістэмы ў шпіталях і тэлемедыцынскія сістэмы» выступіў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка. Прафесар Віктар Краснапрошын распавёў пра «Распрацоўку медыцынскіх інфармацыйных сістэм на аснове біятэлеметрыі».
На семінары «Навучанне рускай мове в’етнамскіх слухачоў і студэнтаў: традыцыі і вопыт, стан і перспектывы развіцця» Вячаслаў Малафееў выступіў з дакладам «Традыцыі і навацыі ў выкладанні рускай мовы на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі БДУ».
Даведка
Беларуска-в’етнамскі інавацыйна-адукацыйны цэнтр створаны ў 2012 годзе. Функцыянаванне цэнтра спрыяе ўсталяванню даступнага і спрошчанага парадку абмену навуковымі і інавацыйнымі дасягненнямі абедзвюх краін і ўмацоўвае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва.
На базе цэнтра рэалізуюцца сумесныя праекты ў галіне медыцынскай інфарматыкі, біятэхналогій і нанатэхналогій, сучасных тэхналогій навучання рускай мове замежных грамадзян.
Ірына МІРОНАВА