Студэнты Інстытута журналістыкі БДУ сталі фіналістамі прэстыжнага расійскага конкурсу сцэнарыяў «Галоўпітчынг» кінакампаніі «Галоўкіно» (Масква).
Конкурсная работа Дзяніса Мароза і Дзяніса Кабцова «Клуб самагубцаў» увайшла ў 35 лепшых на думку знакамітага журы, у склад якога ўвайшлі Фёдар Бандарчук, Міхаіл Галусцян, Валерый Тадароўскі, Канстанцін Эрнст і іншыя прадстаўнікі расійскага шоу-бізнесу і кінематографа. Пра тое, як невялікая творчая ідэя прынесла вялікі поспех, нам расказаў пяцікурснік БДУ Дзяніс Мароз.
– Як вы даведаліся пра конкурс?
– Зусім выпадкова, праз банер на партале kinopoisk.ru, і адразу загарэліся ідэяй паўдзельнічаць. Нас прыцягнула тое, што для гэтага не патрабавалася ніякага вопыту і спецыяльнай адукацыі – была важная толькі цікавая, крэатыўная ідэя. І менавіта яна ў нас якраз і з’явілася.
– Гэта для вас быў першы прафесійны конкурс?
– Так, гэта быў наш дэбют. Мы ні на што не разлічвалі, а праз час нават забыліся пра заяўку. І былі вельмі здзіўлены, калі даведаліся, што наша праца выйшла ў фінал з 2900 сцэнарыяў.
Для нас удзел у такім конкурсе – гэта зусім іншы ўзровень. У Расіі развітая індустрыя, ёсць фінансаванне, а апроч гэтага ў склад журы ўвайшлі сапраўдныя мэтры кіно.
– Ідэя сцэнарыя нарадзілася даўно?
– Прыдумляць сцэнарый мы пачалі толькі пасля таго, як даведаліся пра конкурс і вырашылі ўдзельнічаць. Вядома, у нас не было адпаведнай адукацыі, але ў гэтым плане нам вельмі дапамаглі веды, якія мы атрымалі на спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» Інстытута журналістыкі БДУ. У нас было шмат творчых прадметаў, якія дапамаглі раскрыць наш крэатыўны патэнцыял. Таксама невялікі вопыт напісання сцэнарыяў для відэаролікаў мы атрымалі, праходзячы навучальныя практыкі ў рэкламных агенцтвах.
– Дзеля чаго вы рашыліся ўдзельнічаць у конкурсе?
– Для пачатку – дзеля забавы. Мы зусім не імкнуліся да перамогі. Але было цікава паспрабаваць свае сілы і атрымаць ацэнку ад людзей, якія сапраўды з’яўляюцца прафесіяналамі ў гэтай справе.
– Што вам дала перамога і вопыт удзелу ў такім спаборніцтве?
– Мы зразумелі, што трэба не баяцца і спрабаваць. Сталі яшчэ больш верыць у свае творчыя сілы (смяецца). Зразумела, мы хочам, каб наш праект атрымаў працяг. Плануем дапрацаваць сцэнарый, можа, трохі змяніць яго, а затым звязацца з кінакампаніямі. Добра, што маем усе неабходныя для гэтага рэкамендацыі.
– Вы заканчваеце ўніверсітэт, якія ў вас планы?
– Дзякуючы конкурсу ў нас з суаўтарам узнікла ідэя заснаваць крэатыўнае агенцтва. Над канцэпцыяй мы яшчэ думаем, але магу раскрыць назву нашай кампаніі – «КаМоД».
Сакрэты сцэнарыя паспяховай кінастужкі «Клуб самагубцаў» аўтары пакуль не раскрываюць. Вядома, што карціна ўяўляе сабой гарадскі трылер, у якім напружаны сюжэт спалучаецца з маральнай дылемай герояў. Работа Дзяніса Мароза і Дзяніса Кабцова атрымала высокую ацэнку экспертнага журы і была рэкамендавана да экранізацыі.
Жадаем хлопцам творчых поспехаў і перамог!
Гутарыла
Ксенія КАРАВАЯ
На фота: 1. Дзяніс Мароз і Дзяніс Кабцоў