Цэнтр інавацыйных ідэй і праектаў Startup, які быў адкрыты ў БДУ 19 снежня 2013 года, можа стаць карысным не толькі для студэнтаў, але і для школьнікаў, якія скіравалі свае позіркі ў бок нашай установы вышэйшай адукацыі.
Стартап пад сваёй назвай мае на ўвазе магчымасць старту або запуску ідэі. Ідэя, якая для многіх здаецца неверагоднай, спецыялістам можа падацца каштоўнай. Інвестары ж існуюць для таго, каб даць сродкі на яе ажыццяўленне.
Нагадаем, што цэнтр інавацыйных ідэй і праектаў Startup пачаў дзейнічаць у рамках праекта «Міжуніверсітэцкія стартап-цэнтры па развіцці і прасоўванні інавацый студэнтаў» (SUCSID) праграмы Еўрапейскага саюза TEMPUS і рэалізуецца кансорцыумам партнёраў з краін ЕС і СНД у складзе 16 ВНУ. Новая структура мае на мэце праз трэнінгі і курсы навучыць тых, хто паступіў ў БДУ, генерыраваць новыя ідэі, ствараць і ўкараняць інавацыйныя распрацоўкі ў вытворчасць і сацыяльную сферу. Новаспечаныя стартап-праекты затым будуць выкладзены на сайце Startup і ўтвораць своеасаблівую базу ідэй для інвестараў.
МОЛАДЗЕВЫЯ ПРАЕКТЫ НА ПРАКТЫЦЫ
Каардынатарам Startup стала начальнік аддзела моладзевых праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ Наталля Раманава. Сёння тут увасабляецца ў жыццё каля 21 праекта сацыяльнай накіраванасці і не толькі, прыдуманых у студэнцкім асяроддзі. Напрыклад, у мінулым годзе, ва ўніверсітэцкім конкурсе “Найлепшы моладзевы праект” перамог студэнцкі праект факультэта журналістыкі, які зараз перарос у рэспубліканскі літаратурны конкурс “БрамаМар-юні” для школьнікаў 9–11 класаў. Майстар-класы, літаратурныя лекцыі-вечарыны, сустрэчы з пісьменнікамі дапамагаюць маладым творцам зарыентавацца ў сучаснай беларускай літаратуры. Але галоўнае – гэта публікацыя фіналістаў у СМІ, што і з’яўляецца па сутнасці практычным увасабленнем іх творчых здольнасцяў.
НАВУКОВЫЯ РАСПРАЦОЎКІ – У ВЫТВОРЧАСЦЬ
На сёння БДУ мае вопыт стварэння інтэлектуальнага прадукту і яго ўкаранення ў вытворчасць студэнцкімі навукова-даследчымі лабараторыямі, якіх у нашым універсітэце 38. Яны працуюць у розных навуковых кірунках ад матэматычнага і камп’ютарнага мадэлявання разнастайных працэсаў у прыродзе і тэхніцы да даследавання актуальных пытанняў літаратурна-мастацкай крытыкі. Цяпер СНДЛ непасрэдна праз Startup могуць прапаноўваць свае ідэі і распрацоўкі для выкарыстання на прадпрыемствах.
Цікава, што з мэтай прыцягнення матываваных абітурыентаў на прыродазнаўчыя спецыяльнасці ў гэтым годзе БДУ сумесна з Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і Паркам высокіх тэхналогій арганізаваў Форум мола-дзевай навукі. У яго рамках для школьнікаў з усіх абласцей краіны быў наладжаны навукова-інжынерны конкурс «Intel International Science and Engineering Fair 2014», які добра ўпісаўся ў ідэалогію стартап-цэнтра. Школьнікам патрэбна было не толькі прадставіць сваю інтэлектуальную ідэю, але і паспрабаваць увасобіць яе ў рэальны прадукт. Юныя навукоўцы падрыхтавалі даследаванні па біялогіі, экалогіі, энергазахавальных тэхналогіях, хіміі, інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы, электратэхніцы і механіцы. Прыемна адзначыць, што навучэнцы Ліцэя БДУ таксама апынуліся ў ліку пераможцаў конкурсу. Адзінаццацікласнікі Андрэй Ільін і Уладзіслаў Паўловіч узнагароджаны дыпломам I ступені ў секцыі «Інфарматыка». Дыпломам I ступені і спецыяльным прызам Ельскай навукова-інжынернай асацыяцыі (ЗША)
ацэнена даследаванне дзесяцікласніка ліцэя Івана Саечнікава. У секцыі «Фізіка» дыплом II ступені атрымала адзінаццацікласніца Юлія Людчык. Цікава, што для школьнікаў, якія прыехалі з іншых рэгіёнаў Беларусі, былі арганізаваны экскурсіі па розных факультэтах нашага ўніверсітэта. Напрыклад, на біялагічным факультэце яны наведалі заалагічны музей, аранжарэю трапічных і субтрапічных раслін, лабараторыю кафедры біяхіміі. На геаграфічным факультэце ім паказалі музей землязнаўства, на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій – Цэнтр аэракасмічнай адукацыі, а таксама лабараторыю мікрапрацэсарных сістэм і лабараторыю «НТЛаб сістэмы – ФРКТ БГУ» і г. д. Патэнцыйныя абітурыенты БДУ змаглі ўвачавідкі ўбачыць, што ў нашым універсітэце практычныя навыкі студэнтаў лічацца важнай акалічнасцю.
СТАРТАПЫ І СУПРАЦОЎНІЦТВА
Вопыт працы з ініцыятыўнымі школьнікамі ў БДУ мае Школа менеджменту і прадпрымальніцтва для моладзі, у якой вучаць наладжваць уласную справу пачынаючы са школьнай парты. Выніковая абарона праектаў яе слухачоў па сутнасці з’яўляецца стартапам з усімі ўласцівымі для яго асаблівасцямі: прэзентацыяй, журы, бізнесменамі, якія могуць выступіць у ролі патэнцыйных інвестараў і г. д. Яшчэ адной структурай у складзе БДУ, якая дапамагае стартапам, лічыцца IT House. Адным з галоўных кірункаў яго дзейнасці з’яўляецца распрацоўка студэнтамі камп’ютарных гульняў.
Чакаецца, што ўсе напрацоўкі гэтых структур будуць удала выкарыстаны ў цэнтры інавацыйных ідэй і праектаў Startup, які выступае на міжнароднай пляцоўцы стартапаў ад імя БДУ.
Каб праводзіць трэнінгі і бізнес-гульні ў стартап-цэнтры, выкладчыкі БДУ стажыруюцца ў краінах, якія ўдзельнічаюць у праекце SUCSID – у Францыі, Партугаліі.
ЗАРЭГІСТРАВАЦЦА І СТАЦЬ РЭЗІДЭНТАМ
Каардынатар стартап-цэнтра Наталля Раманава гаворыць, што, зарэгістраваўшыся на сайце, любы малады чалавек можа стаць яго рэзідэнтам. Выйсці на банер стартап-цэнтра пакуль можна праз агульнаўніверсітэцкі сайт www.bsu.by. Форма для рэгістрацыі даволі простая: трэба ўказаць свае асабістыя і кантактныя звесткі, уласныя інтарэсы і спадзяванні, а таксама адзначыць мерапрыемствы стартап-цэнтра, якія б вы хацелі потым наведваць.
За некалькі месяцаў існавання Startup на яго сайце зарэгістраваліся каля 40 чалавек. Гэта ў сваёй большасці студэнты 4 і 5 курсаў розных факультэтаў БДУ, якія ўжо пачалі задумвацца, як прымяніць атрыманыя ва ўніверсітэце веды на практыцы. Іх колькасць кожны дзень павялічваецца. Новых членаў актыўна запрашаюць групы, створаныя ў такіх сацыяльных сетках, як «УКантакце» і Facebook. Бо навучанне ў стартап-цэнтры БДУ не за гарамі. Ужо ў красавіку гэтага года пачнуцца заняткі па пяці курсах: асновы прадпрымальніцтва, абарона інтэлектуальнай уласнасці, інавацыйны менеджмент, лідарства і бізнес-планаванне.
Каб стварыць перадумовы для надання БДУ статусу «прадпрымальнага ўніверсітэта», якім ён насамрэч і з’яўляецца, прыйдзецца нямала папрацаваць.
Ганна ЛАГУН
На фота: 1.Уручэнне дыпломаў аб паспяховым канчатку інтэнсіўнага трэнінг-курса “Бізнес-планаванне ў арганізацыі дзейнасці Startup-праектаў” ва Універсітэце Монпелье 2 (Францыя) у рамках рэалізацыі праекта TEMPUS SUCSID. Злева направа: Ларыса Клімовіч, Вольга Малашанкава, Веранік Без’е (прафесар універсітэта Манпелье), Наталля Раманова, Дорын Фестэй (кіраўнік праекта).