Студэнты БДУ маюць усе магчымасці для гарманічнага ўсебаковага развіцця і ўдасканалення сваіх асабістых здольнасцяў і захапленняў, неабходных для фарміравання іх паспяховай жыццёвай стратэгіі. Здаровы лад жыцця, прававая пісьменнасць, культура, псіхалагічнае і эмацыйнае развіццё актыўна культывуюцца ў БДУ.
У БДУ кожны студэнт можа стаць сапраўдным лідарам, рэалізаваць свае здольнасці на карысць універсітэта і грамадства.
Праявіць свае здольнасці і асабістыя якасці студэнты могуць, прымаючы ўдзел ў разнастайных конкурсах, віктарынах і праектах, якія праводзяцца ўпраўленнем выхаваўчай работы з моладдзю.
Наладжана і дынамічна развіваецца моладзевае супрацоўніцтва з ВНУ Рэспублікі Беларусь і краін СНД. Стаў добрай традыцыяй удзел студэнтаў БДУ ў міжнародных канферэнцыях і семінарах па моладзевай праблематыцы. Студэнты БДУ з’яўляюцца арганізатарамі розных міжнародных з’ездаў і канферэнцый.
Пярвічная арганізацыя ГА «БРСМ» БДУ не проста арганізуе мерапрыемствы, яна ўмацоўвае традыцыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, праводзіць мерапрыемствы, якія сталі візітоўкамі БДУ. Конкурс на найлепшую пярвічную арганізацыю факультэта «Стань найлепшым!», грамадска-асветніцкая акцыя «Універсітэт – твой крок у будучыню», «Кубак першакурснікаў» і «Студэнцкі турысцкі злёт», валанцёрскі атрад БРСМ БДУ «Абдымкі», прэсцэнтр БРСМ БДУ, студэнцкі цэнтр занятасці – тут кожны можа знайсці занятак даспадобы.
Паспрабаваць свае сілы ў распрацоўцы і рэалізацыі мола-дзевых праектаў па арганізацыі ўніверсітэцкага і факультэцкага вольнага часу можна ў грамадскім аб’яднанні «Студэнцкі саюз БДУ». Праекты: агляд-конкурс «Капуснік», «Студэнцкі адукацыйны клуб «БРІЗ», танцавальна-касцюміраваная праграма «Баль БДУ», «Фотагалерэя «Універсітэт – гэта мы!», «Мая школа» і іншыя, якія атрымалі фі-нансавую падтрымку БДУ як пераможцы конкурсу «Найлепшы моладзевы праект», адкрытыя для студэнтаў і чакаюць новых удзельнікаў.
Савет старастаў БДУ спрыяе адаптацыі студэнтаў малодшых курсаў да новых умоў і патрабаванняў адукацыйнага працэсу ўніверсітэта, аператыўна асвятляе падзеі вучэбнага, навукова-даследчага і грамадскага жыцця БДУ. Усе старасты навучальных груп першага курса праходзяць навучанне на выязным семінары «Ты стараста!», а студэнты старэйшых курсаў могуць прыняць удзел у т’ютарскім праекце «Студэнцкая куратарская служба».
Разам са студэнцкім саветам па якасці адукацыі студэнты маюць магчымасць уплываць на працэс кіравання адукацыйнай сістэмай БДУ, распрацоўваць рэкамендацыі па аптымізацыі адукацыйнага працэсу.
Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ арганізуе працу груп «Здароўе», праводзіць кансультацыі па сацыяльных пытаннях і матэрыяльным становішчы студэнтаў, семінары па працаўладкаванні і размеркаванні маладых спецыялістаў, ажыццяўляе грамадскі кантроль арганізацыі харчавання, засялення студэнтаў у інтэрнаты, захавання правілаў унутранага распарадку.
Дзейнасць грамадскага аб’яднання «Саюз жанчын Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта» ажыццяўляецца па напрамках «Здароўе жанчыны – здароўе нацыі», «Сям’я XXI стагоддзя», «Жаночае лідарства», што актуалізуе важныя для моладзі пытанні.
Вялікай папулярнасцю ў студэнцкай моладзі карыстаюцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дню абаронцы Айчыны, Дню Перамогі, Дню памяці студэнтаў і супрацоўнікаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і іншыя, арганізаваныя саветам ветэранаў БДУ.
Формы ўдзелу студэнтаў у грамадскім жыцці БДУ, па сутнасці, сталі дадатковымі адукацыйнымі тэхналогіямі, накіраванымі на станаўленне спецыяліста, грамадзяніна, патрыёта.
Студэнцкі гарадок
Агульным домам для прыблізна 6 тыс. іншагародніх навучэнцаў, якія пражываюць у 7 інтэрнатах, стаў студэнцкі гарадок. Шмат што ў жыцці інтэрнатаў вызначаюць самі студэнты.Студэнцкія саветы інтэрнатаў, аператыўныя атрады інтэрнатаў, савет па прафілактыцы парушэнняў правілаў пражывання ў інтэрнатах для навучэнцаў БДУ, грамадская інфармацыйная служба, студэнцкая творчая лабараторыя, студэнцкі спартыўна-турысцкі клуб, студэнцкая служба бяспекі – органы студэнцкага самакіравання ў студэнцкім гарадку. У вольны час студэнты маюць магчымасць займацца ў 7 гуртках і клубах па інтарэсах, 11 спартыўных секцыях.
Дзякуючы наяўнасці лакальнай камп’ютарнай сеткі і ўтульных пакояў для самападрыхтоўкі студэнты маюць магчымасць якасна рыхтавацца да заняткаў і іспытаў.
Прадэманстраваць сваю сілу, спрыт і хуткасць студэнты могуць падчас спартыўных спаборніцтваў па футболе, валейболе, настольным тэнісе і інш. Весела і з карысцю правесці вольны час у турысцкіх паходах і экскурсійных паездках. Пастаяць за гонар роднага інтэрната можа кожны студэнт, прыняўшы ўдзел у штогадовай спартакіядзе паміж інтэрнатамі БДУ, а паспаборнічаць з супрацоўнікамі студэнцкага гарадка – у рамках Кубка дырэкцыі.
Фестываль студэнцкай творчасці студэнцкага гарадка дае выдатную магчымасць стаць не толькі гледачом, але і непасрэдным удзельнікам яркіх культурнамасавых мерапрыемстваў: конкурсу студэнцкай песні «Срэбныя струны», шоу-конкурсаў «Супермен», «Міс Вясна», «Зорная пара», Кубка КВЗ, кулінарных конкурсаў, турніраў па інтэлектуальных гульнях, выстаў студэнцкай творчасці, міжуніверсітэцкага фестывалю нацыянальных культур і многіх іншых.
Сумесная дзейнасць студэнтаў і супрацоўнікаў студэнцкага гарадка накіравана на тое, каб зрабіць інтэрнаты домам – камфортным, утульным, поўным дабра і цеплыні.
Культура
Важнай часткай адукацыйнага працэсу ў БДУ з’яўляецца эстэтычнае, духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў, далучэнне іх да культурных каштоўнасцяў, развіццё творчага патэнцыялу. Таленавітых студэнтаў чакаюць у творчых калектывах упраўлення па справах культуры, а гэта: заслужаны аматарскі калектыў РБ фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш», заслужаны аматарскі калектыў РБ ансамбль танца «Крыжачок», народны аркестр народных інструментаў, народная харавая капэла, народны фальклорны ансамбль «Тутэйшая шляхта», народны музычны тэатр-студыя «На філфаку», народны драматычны тэатр «На балконе», Клуб інтэлектуальных гульняў, Клуб вясёлых і знаходлівых. Цікавасць моладзі да творчасці рок-гуртоў перарасла ў штогадовы фестываль «Такія пернікі», прысвечаны авангарднай музыцы. Лаўрэатамі фестывалю эстрады БДУ станавіліся вядомыя сёння эстрадныя выканаўцы: Дзмітрый і Георгій Калдуны, Яўген Ермалковіч, Аляксандр Заўгародні, гурт «Лайтсаўнд», Ягор Ваўчок, Улад Чыжыкаў і інш. Студэнцкія традыцыі КВЗ трывала ўвайшлі ў жыццё БДУ. Універсітэцкая каманда неаднойчы станавілася пераможніцай гэтай гульні, і не дзіва, што Ліга КВЗ БДУ аб’яднала студэнцкі «кавэзэшны» рух у Беларусі. Сёння далёка за межамі Беларусі ведаюць пра міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар», які праходзіць на сцэнічных пляцоўках універсітэта і г. Мінска. У 2013 г. у ім прынялі ўдзел больш за 25 калектываў з 19 краін свету. Фестываль імкнецца прадэманстраваць найлепшыя дасягненні ўніверсітэцкіх і моладзевых аматарскіх тэатраў. Добрай традыцыяй стала правядзенне ва ўніверсітэце міжнароднага форуму студэнцкіх хароў «Папараць-кветка» ў дні святкавання перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Форум спрыяе духоўнаму выхаванню моладзі і накіраваны на захаванне і развіццё найлепшых традыцый беларускай і сусветнай харавой творчасці.
Здаровы лад жыцця
Студэнты БДУ могуць займацца любым з 23 відаў спорту, якія курыруюць педагогі кафедры фізічнага выхавання і спорту.
Спартыўны клуб праводзіць агульнаўніверсітэцкія спартакіяды, спартыўныя святы і іншыя масавыя фізкультурныя мерапрыемствы, якія стымулююць развіццё спаборніцкага руху, ствараючы ўмовы для паўнавартаснага і рознабаковага развіцця асобы. У 2011 г. зарадзілася новая традыцыя – правядзенне спартакіяды адміністрацыйнакіраўніцкага апарату.
Толькі ў 2008–2010 гг. у групах спартыўнага ўдасканалення атрымалі разрады больш за 350 чалавек, якія раней не мелі спартыўнай кваліфікацыі, больш за 150 чалавек яе павысілі. За гэты ж перыяд студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта больш за 100 разоў падымаліся на найвышэйшыя прыступкі пастаментаў гонару рэспубліканскіх спаборніцтваў. На спаборніцтвах сусветнага і еўрапейскага ўзроўню заваявана 33 медалі, з іх 15 бронзавых, 10 сярэбраных і 8 залатых. На Алімпійскіх гульнях у Пекіне і Лондане студэнты-спартсмены БДУ ўзялі два бронзавыя і адзін сярэбраны медалі.
Важным фактарам добрага самаадчування студэнтаў з’яўляецца псіхалагічны стан. Атрымаць дадатковыя веды ў галіне псіхалогіі, псіхалагічную дапамогу і падтрымку сацыяльных праектаў можна, звярнуўшыся ў псіхалагічную службу БДУ. Са студэнтамі і для студэнтаў дыпламаваныя, крэатыўныя і захопленыя сваёй справай спецыялісты псіхалагічнай службы праводзяць фестываль практычнай псіхалогіі, дні псіхалогіі, студэнцкі псіхалагічны клуб, дыстанцыйнае псіхалагічнае тэсціраванне, сацыяльна-псіхалагічныя трэнінгі, інтэрактыўныя выставы, творчыя майстэрні.
Студэнты маюць магчымасць набыць пуцёўкі ў студэнцкі санаторый-прафілакторый БДУ. Тут прапануюцца паслугі электралячэння, святлолячэння, агульнага ультрафіялетавага апрамянення (фатарый), інгалятар, масаж, прыём лячэбных ваннаў, лячэбных кактэйляў, заняткі лячэбнай фізкультурай.
Для правядзення спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў, адукацыйных канферэнцый і семінараў, арганізацыі адпачынку гасцінна адчыняе дзверы спартыўна-аздараўленчы комплекс БДУ «Брыганціна». Там можна адпачыць з сябрамі, сям’ёй, атрымаць асалоду ад лясных маляўнічых пейзажаў і вадаспадаў. У распараджэнні адпачывальнікаў валейбольныя, баскетбольныя і футбольныя пляцоўкі, спартыўныя трэнажоры, зала гульнявых відаў спорту, плавальны басейн, більярдавыя залы.