Стваловыя клеткі сёння ва ўсіх на слыху. Яны дзеюць цуды, імі спрабуюць лячыць самыя розныя захворванні. Што ж насамрэч уяўляюць сабой гэтыя цудаклеткі?
Напачатку XX стагоддзя навукоўцам было вядома, што спелыя крывяныя клеткі няздольныя да размнажэння. Эрытрацыты – самыя шматлікія з іх – губляюць ядро разам з усім храмасомным апаратам. Як пішуць у спецыялізаваных трактатах, адмова ад вытворчасці сабе падобных характэрная для большасці клетак у нашым арганізме – цягліцавых, залозістых, нервовых. Але калі нейроны ці, скажам, яйцаклеткі могуць жыць дзесяцігоддзямі, то чырвоныя крывяныя цельцы – каля ста дзён. Аднак менш іх пры гэтым не становіцца.
Адзначым, ёсць група захворванняў, для якіх ужо сёння перасадка стваловых клетак (сваіх ці донарскіх) не толькі стандартны, але асноўны ці нават адзіны дзейсны метад лячэння. Такім чынам, напрыклад, прадухіляюцца наступствы вельмі жорсткіх формаў супрацьпухліннай хіміятэрапіі, якая знішчае разам з ракавымі клеткамі ўсю крывятворную тканку. Пасля такога курса хвораму падсаджваюць донарскі касцяны мозг, і чужыя стваловыя клеткі замяняюць загінулыя ўласныя.
Навукоўцы фізічнага факультэта БДУ на чале з загадчыкам кафедры біяфізікі акадэмікам Сяргеем Чаранкевічам разам з фізіёлагамі НАН Беларусі распрацавалі тэхналогію, якая паскарае працэс ператварэння стваловых клетак у нейроны.
Лабараторны ўзор прылады, якая выкарыстоўваецца для стымуляцыі клетак, распрацавалі і вырабілі навуковыя супрацоўнікі лабараторыі клеткавай інжынерыі і нанабіятэхналогій кафедры біяфізікі фізфака БДУ. Аналагаў дадзенаму апарату і тэхналогіі ў нашай краіне не існуе. Эксперыментальная прылада біяфізікаў БДУ носіць прыкладны характар.
Арыентавана яна на ўжыванне ў медыцынскай сферы. Гаворка ідзе пра клеткавыя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне для клеткавай тэрапіі. Як вядома, з узростам чалавека колькасць стваловых клетак становіцца ўсё меншай, адпаведна, аднаўленчыя магчымасці арганізма таксама зніжаюцца. Нашы біяфізікі пры даследаванні чарговага фізічнага фактару высветлілі: на працэс вырошчвання стваловых клетак уплывае стымуляцыя пераменным электрычным полем з вызначанымі параметрамі і амплітудай. Акрамя таго, скарачаецца час навучання стваловых клетак, а гэты працэс дазваляе эканоміць дарагія роставыя фактары, якія ўплываюць на развіццё стваловых клетак у нейронападобным кірунку.
Створаная прылада – толькі частка цэлага комплексу прац і даследаванняў, якія праводзяцца ў нашай краіне фізікамі, хімікамі, нейрахірургамі, генетыкамі і іншымі спецыялістамі, навуковыя працы і распрацоўкі якіх накіраваныя на вывучэнне клетак і аднаўленне функцый нервовай сістэмы чалавека.
Адзначым, даследчыя заданні выконваліся ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Інавацыйныя біятэхналогіі», дзеянне якой разлічана да 2015 года.
Даведка
У 1900-х гадах вядомы гістолаг прафесар Ваенна-медыцынскай акадэміі Санкт-Пецярбурга Аляксандр Максімаў даследаваў развіццё клетак крыві і стварыў даволі стройную тэорыю. Паводле яе ў чырвоным касцяным мозгу жывуць адмысловыя клеткі, адзіны занятак якіх – дзяліцца. Пасля кожнага дзялення, як і трэба, атрымліваюцца дзве аднолькавыя маладыя клеткі. Але ў адной з іх пачынаюцца марфалагічныя змены, у выніку якіх яна ператвараецца ў адну з клетак крыві. Іншая ж, падросшы да патрэбнага памеру, ізноў дзеліцца – і вось адна з дзвюх яе «дачок» выбірае кар’еру крывяной клеткі, а другая займае месца «маці». Можна ўявіць, што клеткі, якія дзеляцца, як бы ўтвараюць ствол, ад якога ў кожным цыкле адыходзяць галінкі – клеткі, якія набываюць спецыялізацыю. Мабыць, таму Максімаў, выкладаючы ў 1909 годзе сваё адкрыццё на пасяджэнні гематалагічнага грамадства ў Лейпцыгу, назваў клетку-прамаці ўсіх клетак крыві Stamzelle, гэта значыць стваловай.
Жанна ВАСАНСКАЯ
На фота: кандыдат фiзiка-матэматычных навук Павел БУЛАЙ у лабараторыі клеткавай інжынерыі і нанабіятэхналогіі. Лабараторны ўзор прылады змясціўся на інкубатары.Новая тэхналогія, якая паскарае працэс ператварэння стваловых клетак у нейроны, — толькі частка цэлага комплексу прац і даследванняў, што праводзяцца ў нашай краіне
P.S. Паглядзець сюжэт канала АНТ на гэтую тэму можна на сайце газеты “Універсітэт” www.gazeta.bsu.by у рубрыцы “Рэзананснае відэа”