У канцы 2013 г. на гістарычным факультэце БДУ адбыліся дзве знамянальныя падзеі – 85-годдзе выбітнага беларускага археолага і гісторыка, прафесара, доктара гістарычных навук Эдуарда ЗАГАРУЛЬСКАГА і 40-годдзе створанай ім кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін (з 2001 г. кафедра археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін).
З 1962 г. на працягу паўстагоддзя навуковая і педагагічная дзейнасць Эдуарда Міхайлавіча звязаная з універсітэтам, дзе ён прайшоў шлях ад шараговага выкладчыка да прафесара (1986) і дэкана гістарычнага факультэта (1986–1991). Ён стварыў і ўзначаліў першую ў нашай краіне кафедру археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін, якой кіраваў амаль 25 гадоў. Сярод выпускнікоў кафедры 4 дактары, звыш 20 кандыдатаў навук. Талент Эдуарда Міхайлавіча як навукоўца, педагога, арганізатара гістарычнай навукі найбольш ярка адкрыўся ва ўніверсітэце. Яго лекцыі, глыбока змястоўныя з навуковага пункта погляду, дасканалыя па майстэрстве выкладання, выклікаюць непадробную цікавасць шматлікіх пакаленняў студэнтаў. Сучасны наватарскі падыход да працэсу навучання выявіўся і ў тым, што задоўга да ўвядзення модульна-рэйтынгавай сістэмы ён фактычна ўжо па ёй працаваў, укараняючы ў практыку тэсціраванне студэнтаў на самых першых машынах КІСІ-5, затым на камп’ютарах, распрацаваўшы адмысловыя праграмы.
Э. М. Загарульскі з’яўляецца аўтарам першага ў краіне падручніка «Археалогія Беларусі» (1965), па яго ініцыятыве створаны навучальны дапаможнік «Гістарычнае краязнаўства Беларусі» (1980), які не мае аналагаў і дагэтуль. У 1998 г. выйшаў навучальны дапаможнік для вышэйшай школы «Заходняя Русь IX–XIII стст.». Ім таксама былі напісаныя падручнікі для сярэдняй школы. Для шырокага кола чытачоў выдадзеная «Гісторыя Беларусі ў кароткім выкладзе» (2002). Ён апублікаваў 14 манаграфій і звыш 100 артыкулаў у айчынных і замежных выданнях. Упершыню ў краіне пасля 1917 г. ён распрацаваў і чытаў у Жыровіцкай духоўнай акадэміі курс «Царкоўная археалогія».
Найярчэйшай старонкай у археалагічнай біяграфіі Эдуарда Міхайлавіча, свайго роду «падарункам лёсу», былі раскопкі Вішчынскага раннефеадальнага замка XII–XIII стст. пад Рагачовам, якія амаль на працягу 10 гадоў (1976–1985) вяліся пад яго кіраўніцтвам. Вішчынскі замак, які з’яўляецца эталонным помнікам у серыі раннефеадальных сядзіб, падарыў не толькі найбагацейшую калекцыю прадметаў матэрыяльнай культуры, што папоўніла экспазіцыю навучальнага музея гістарычнага факультэта, але і ўнікальны па складзе і гістарычнай значнасці скарб высокамастацкіх сярэбраных упрыгожванняў і плацежных зліткаў (1979). Для беларускай археалогіі гэта было сенсацыйным адкрыццём, такое бывае ў жыцці не кожнага археолага. Вынікі вывучэння помніка абагульненыя ў манаграфіі «Вішчынскі замак XII–XIII стст.» (2004), якую ён прысвяціў студэнтам гістфака. Славянская праблематыка знайшла сваё адлюстраванне ў манаграфіях «Старажытная гісторыя Беларусі: нарысы этнічнай гісторыі і матэрыяльнай культуры (да IX ст.)» (1977) , «Славяне. Паходжанне і рассяленне на тэрыторыі Беларусі» (2012).
Прыемна, што напярэдадні юбілею ўбачыла святло яго новая, пышна выдадзеная і праілюстраваная аўтарам манаграфія «Белая Русь з сярэдзіны I тысячагоддзя да сярэдзіны XIII стагоддзя» (2013), якая справядліва можа лічыцца вяршыняй творчай думкі навукоўца. У маштабе ахопу матэрыялу, навізне падыходу, глыбіні тэарэтычных рашэнняў яна не мае сабе роўных сярод айчынных выданняў. Пад новым вуглом разгледжаныя найскладанейшыя праблемы этнагенезу славян, этапы і храналогія іх рассялення на тэрыторыі Усходняй Еўропы, узнікненне дзяржаўнасці.
Доўгія гады Э. М. Загарульскі быў членам прэзідыума Беларускага фонду культуры, ён з’яўляецца членам спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх дысертацый у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. За заслугі ў навукова-педагагічнай дзейнасці ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР «За выдатныя поспехі ў працы», Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу РБ. У 1996 г. яму прысвоена званне «Заслужаны работнік адукацыі РБ», у 2011 – «Заслужаны супрацоўнік БДУ».
У адрас юбіляра паступілі віншаванні ад дырэктара Інстытута археалогіі РАН акадэміка М. А. Макарава, калегаў-археолагаў з Санкт-Пецярбурга, выкладчыкаў Гомельскага, Віцебскага, Полацкага, Магілёўскага дзяржаўных універсітэтаў, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Таварыства беларускай мовы. Асабіста яго павіншаваў віцэ-прэм’ер урада Беларусі А. А. Тозік.
Усё жыццё Эдуарда Міхайлавіча Загарульскага – прыклад гераічнага служэння навуцы і ўніверсітэту. Яго імя ўжо ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларускай археалогіі, якую ён вывеў на сусветны ўзровень. Гістарычны факультэт ганарыцца тым, што ён вучыў нас і працуе з намі.
Жадаем дарагому юбіляру здароўя, лёгкага пяра і ажыццяўлення невычэрпных творчых планаў!
Супрацоўнікі гістарычнага факультэта
На фота: 1. Эдуард Загарульскі з дэканам Сяргеем Ходзіным