XI міжнародны форум студэнцкіх хароў «Папараць-кветка – 2014» http://www.chorum.bsu.by/ пройдзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце з 10 па 14 мая. Урачыстае адкрыццё адбудзецца 10 мая на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу (САК) «Брыганціна» (Мінскі р-н, п. Радашковічы). Пачатак у 21.00.
Тут, у карпусах САК, 7 харавых калектываў з Беларусі, Расіі і Літвы будуць рыхтавацца да конкурснай праграмы, звыш 300 гасцей форуму стануць удзельнікамі адукацыйных мерапрыемстваў. Для іх будуць арганізаваны майстар-класы па вакальна-харавым мастацтве і творчыя сустрэчы з вядомымі кампазітарамі. Першы конкурсны канцэрт стартуе 11 мая ў сталічным Архікафедральным саборы Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (пл. Свабоды, 9). У гэты дзень пад купалам сабора прагучаць творы свецкай і духоўнай музыкі. Пачатак у 19.30.
Адзначым, выступленні харавых калектываў пройдуць на розных сцэнічных пляцоўках Мінска, а таксама ў Маладзечна. Заключны гала-канцэрт форуму адбудзецца 13 мая ў Маладзечанскім музычным каледжы імя М. К. Агінскага. Пачатак у 18.00.
Усе ўдзельнікі «Папараць-кветкі–2014» атрымаюць сертыфікаты і дыпломы, якія будзе прысуджаць спецыяльны экспертны савет.
Даведка.
Удзельнікі XI міжнародны форуму студэнцкіх хароў «Папараць-кветка–2014»: народны акадэмічны хор Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага (Беларусь); камерны хор «Гаўдэамус» Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя М. Э. Баўмана (Расія); інтэрнацыянальны хор “Дамінанта” Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (г. Мінск, Беларусь); жаночы камерны хор Шаўляйскага ўніверсітэта PAVASARIS (Літва); акадэмічны хор Маскоўскага дзяржаўнага інстытута электроннай тэхнікі (г. Зеленаград, Расія); камерны хор Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта (Расія); народная харавая капэла Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (г. Мінск, Беларусь).
На фота: 1. Камерны хор «Гаўдэамус» Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя М. Э. Баўмана (Расія)
2. Жаночы камерны хор Шаўляйскага ўніверсітэта PAVASARIS (Літва)