Заслужаны аматарскі фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш» БДУ ў чарговы раз пацвердзіў сваё званне.
Справаздачны спектакль «Вяселле ў Стараселлі -2» у пастаноўцы заслужанага дзеяча культуры Беларусі Валянціны Гладкай быў прадстаўлены афіцыйнай камісіі 7 красавіка на сцэне Палаца культуры ветэранаў. Кваліфікацыйную камісію ўзначаліў галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры нашай краіны Іван Галабурда .
Адзначым, гэта незвычайнае прадстаўленне ў жанры «народны мюзікл» уяўляе сабой замалёўкі пра жыццё беларускай вёскі канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя. У спектаклі выкарыстаны музыка, песні і танцы з запісаў Уладзіміра Раговіча, Генадзя Цітовіча, Тамары Варфаламеевай, Мікалая Сіраты і Валянціны Гладкай. Гледачы ўбачылі вяселле, адноўленае ў адпаведнасці са звычаямі цэнтральнай і паўднёвай абласцей нашай краіны. Спектакль прасякнуты гумарам, нацыянальным каларытам, напоўнены народнымі песнямі, якія адлюстроўваюць рэгіянальныя асаблівасці мясцовай культуры .
Даведка
Заслужаны аматарскі фальклорна -этнаграфічны ансамбль «Неруш» створаны ў 1981 годзе. Спачатку ў ім выступалі студэнты і супрацоўнікі розных факультэтаў БДУ, затым да іх далучыліся таленавітыя артысты з іншых ВНУ. Аснову рэпертуару ансамбля складаюць народная беларуская музыка, песні, абрады і звычаі, якія калектыў збірае ў шматлікіх фальклорных экспедыцыях па розных рэгіёнах нашай краіны. У 1985 годзе за высокую творчую працу і майстэрства «Нерушы » было прысуджана званне «Народны» . Калектыў узнагароджаны мноствам прэмій і прызоў міжнародных фестываляў і конкурсаў. Са сваімі канцэртамі ансамбль пабываў больш чым у 15 краінах свету: Нарвегіі, Аўстрыі, Егіпце, Германіі, Тайвані, ЗША, Даніі, Італіі , Сірыі, Францыі, Японіі і Перу. У 1999 годзе «Нерушы» прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі «За ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей Рэспублікі Беларусь».