Творчасць выкладчыкаў. Арцём Кавалеўскі

28 Apr, 2014.

Лірыка Арцёма КАВАЛЕУСКАГА заўжды заныраецца ў глыбіні магчымасцей паэзіі. Складаная рытмічная структура, нечаканыя шматкампанентныя метафары… Чытач эксперыментальных  «АдмыСЛОВЫх гульняў» ужо прывык да інтымнай сцішанасці «Аддаленасці і адданасці».  Ды аўтар не збіраецца заставацца ў адным рэчышчы — ён мяняе яго.
Новая паэма Кавалеўскага «Шлях не дадому» — пра асаблівасці разгортвання часу, пра горад і адзіноту, праадвечны беларускі шлях, калі ўспамінаюць нацыянальную традыцыю, — аднак «шлях» тут экзістэнцыйны, ён разасоблены ў свядомасці паэта на розныя лініі, якія перакрыжоўваюцца паміж сабой. Мадэрнасць не разбівае твор у друзачкі, яна ўраўнаважана цэльнасцю лірычнага героя.
Ціхан Чарнякевіч,
часопіс  «Маладосць»

ШЛЯХ НЕ ДАДОМУ
(паэма-кантрапункт)ковалёвский артём

Крап-хлюп-плюх

Дождж.
Падэшвы-нябогі ўзасмокт
Цалуюцца з лужамі-дружкамі.

Крап-крап, хлюп-плюх…

Вечар чарніць падваротні.
У гмахах-прабірках уключаецца
Шчасце,
Там варушыцца нешта цёплае.

Плюх-крап, крап-хлюп…

Ліхтары,
Як суквецці вечнага цміну:
Іх святло ніколі не памірае –
Бяссмертнікі.

Плюх-хлюп, крап-крап…

Трамваі фарамі сустракаюцца,
Але ім не абняцца ніколі –
Не, ім заўжды
Не стае рашучасці,
І таму я абіраю трамваі:
У іхніх дрыготкіх чэравах я
Спакайнею.

Крап-хлюп, плюх-крап…

Вясны дачакацца –
Гэта такі подзвіг!
Гэта такі ж подзвіг,
Як, напрыклад,
Дастаць з неба зорку,
Сціснуць яе ў кулаку
І намаганнямі волі
Зрабіць з яе матылька.
Як?

Хлюп-крап, крап-плюх…

А яшчэ подзвіг –
Напісаць нечакана паэму,
Пачаўшы з літары “Ы”
І закончыўшы
Дзеепрыслоўем.
Ці бываюць такія паэмы?

Крап-плюх, хлюп-хлюп…

А вось і стрэлкі Цанавы [1].

 


[1]Адзін з найвялікшых і найстарэйшых гарадскіх гадзіннікаў Мінска, усталяваны на вежы жылога дома насупраць будынка КДБ паводле загаду наркама ўнутраных спраў БССР Лаўрэнція Цанавы. (Заўвага А. Кавалеўскага).

 

Праспект –
Бліскучая кобра,
А побач –
Здрадна-здранцвелыя вулкі-вужакі.
Я іх часам баюся,
Бо мне невядомы
Сэнс іх знаёмых маршрутаў.
І я дакладна ведаю:
Яны значна мацнейшыя
За бліскучую кобру.
Так, яны значна
Хітрэйшыя,
Гэтыя гадаўкі-вулкі.

Хлюп-хлюп, хлюп-крап…

Маршруты –
Вядомыя схемы,
Шляхі –
Таямніцы заўсёды.
Ведаеце,
Я хачу мець жыццёвы маршрут,
А не шлях, дарогу ці сцежку.

Крап-крап, крап-хлюп…

Аднойчы
Ў нямілым славутым горадзе
Нейкі чуйны
Да майго арытмічнага сэрцабіцця
Мінак,
Да якога я
Так слушна звярнуўся
Па дапамогу,
Падарыў мне на шчасце
Манету,
Сказаўшы:
“Вазьмі хоць яе, і
Няхай табе пашанцуе”…
Я дагэтуль трымаю яе ў кішэні
І заўжды параўноўваю
Поўню,
Умытую ліўнем,
З гэтай манетай.
Поўні бляск
Дорыць шчасце не толькі
Катам на дахах
І сабакам пад лавамі,
Але і такім вось,
Як я,
Валацугам,
Здольным моцна абняцца
З першым сустрэтым
У мокрым завулку
Дрэвам
І цалавацца ўзасмокт і да слёзаў
З першымі
Мокрымі ды сарамлівымі
Зорамі.

Хлюп-хлюп, хлюп-хлюп…

Прыпынак першы

Наросхрыст,
дашчэнту,
наўсцяж…

Мне так лёгка дагнаць успаміны,
Калі нецвярозяцца першыя зацемкі,
Быццам шкіц
старадаўняй
карціны…

Аддаленасць сцішаных крокаў
Знікае ў мяккім сутонні…

І я
спакваля,
далікатна
і ўпотай,
Надзвычай ціхмяна,
раптоўна
і здзіўлена
Распачынаю
Чарговае кволае трызненне
Пра
Аскепкі дзяцінства:

Тады,
У маленстве,
Я разумеў дакладна,
Я бачыў выразна,
Я чуў бездакорна
(свет падаваўся
казачным калейдаскопам).
Я марыў пра сонца,
Якое
Ніколі не скоціцца
За
Трывожны абрыс небакраю.
Я ведаў замала,
Каб неяк прадбачыць,
Што
Слёзаў ніколі не зменшыцца,
Не!
Імі вочы блакітныя
Поўніцца будуць шчэ доўга,
А ўсхліпаў гук
Не разаб’ецца аб
Трывалую бэльку ўзросту…

Аднойчы,
Калі я зірнуў
У пустую бутэльку,
То ўбачыў там
Павучка-небараку,
Які намагаўся пакінуць
Шкляную вязніцу.
Але дарэмна.
Я яму
Не
Дапамог…

І цяпер вось
Я яго згадваю,
Мёрзнучы
У зашклянелай імжыстай
Пустэльні,
Стоячы недзе паміж
Краем сусвету
І крэсам уласнага страху.
Так,
Я згадваю і
Параўноўваю.
І разумею:
Вось яна – роўнасць!
Цяперака
Роўныя мы,
Нават родныя.

Але
Хто
Дапаможа?

Прыпынак другі

Зіма.
Людзі, як зомбі.
Зацемкі зноў замінаюць
Знайсціся ў счарнелым прадонні
Знаёмага парка.
Шыбую няшпарка.
Снег занатоўвае
Першыя вершы
Пра
Прадчуванне Калядаў.
А
У паветры пануе
Свежы пах кавуна…
Холадна.
Хочацца кавы,
Віна.

Тут,
На рагу гэтай вуліцы,
Так непраглядна, бязладна.
А пад ліхтарным слупом –
Крышанка снежная,
З лёду рагу…
І
Я бягу…

Я дазваляю сабе падарожжа
(Кажуць,
Што калі хочацца вельмі,
То можна).
План наступны
(Цьмяны і каламутны):
Спачатку ў пад’езд
(выбраны метадам тыку),
Потым у ліфце скалечаным
На
Апошні паверх
І –
На неба –
На слізкі затоены
Дах.
(Ха!
Мабыць,
Я птах?)

Адсюль,
З вышыні неабдымнай адхлані,
Мой нязмушаны
І
Абыякавы горад
Мне падаецца зіхоткаю
Жоўтаю плямкай,
Адной з тых,
Што звычайна бываюць
На шкле акуляраў
Ці то ад слёзаў,
Ці то ад бясконцых дажджынак…

Так,
Гэты горад
Падобны да плямкі…
Або да дзіцячай фальговай
Забаўкі
І да ліхтарыка
Сціплай гірлянды,
Якой упрыгожваюць вокны
Універсамаў
У спальных раёнах.

Спальны горад…

Такі незнаёмы
І чорны –
Спалены горад
Чароўны, аднак,
Так,
Чароўны.

Прыпынак трэці

Найноўшая зямля –
Гэта не
Мацярык,
Гэта нават не
Выспа
І
Не паўвыспа.
Найноўшая зямля –
Гэта тое,
Што
Набываеш і
Ніколі не прадаеш
Ані ў думках,
Ані ў марах.
Найноўшая зямля
Мусіць
Проста
Быць
(Як вяртанне,
Як не-да-трываласць,
Як нахабства секунднае жарсці й
Палону,
Так,
Цалкам заканамернага палону).

Тут,
На старой зямлі,
Няма мораў
(Хоць іх выкопвалі),
Тут няма гораў
(Хоць іх насыпалі),
Тут няма стэпаў, пустэльняў і вадаспадаў
(хоць іх ТУТ уяўляе кожны).
Але
Тутака
Ёсць
Лясы:
Яны –
Нашы моры,
І горы,
І стэпы,
Пустэльні і вадаспады.
І таму
Я абжываю сваю
Найноўшую зямлю
Менавіта ў лесе.
Я яго нават не чую,
Але адчуваю
Адною наздрою,
Адным толькі мезенцам
Левай рукі,
І адной толькі пяткаю
Правай нагі
(Мала…),
Але ж гэта –
Нагода й аказія,
Каб абжыцца, асвойтацца,
Жыць.

Хвоя –
Арыенцір на шляху да неба.
Елка –
Містычны вандроўнік і вартаўнік.
Вольха –
Крыху неспакой і нервовасць.
Дуб –
Сябра стары і надзейны паплечнік.
Бяроза –
Закладніца суму няродная.
Асіна –
Трымценне і недаверлівасць жэстаў.
Рабіна –
Амаль гаспадыня.
Клён –
Братка-хлус.
Бук –
Чужынец.
Ясень –
Мусіць, паэт…
Хто б згадзіўся пражыць
У такім неспакойным
Суседстве?

Усё б нішто,
Але на прасцягах найноўшай зямлі
Мне бракуе дарогі дадому
(Мо’ пракласці самому?),
Але!
Няма нават
Дома.

Déjà vu

Выразная артыкуляцыя мінулага –
Гэта калі грамацейка-памяць
Усе часціны мовы ператварае
Выключна ў выклічнікі й назоўнікі.

Але ёсць яшчэ пахі
І скамянелая поза.

Артыкуляцыя мінулага –
Гэта калі проза
Патайком і навобмацак
Робіцца раптам паэзіяй,
А шуфлядны эпісталярый гучыць,
Як антычная меліка.

Але ёсць яшчэ згадкі
І сны.

Артыкуляцыя мінулага –
Гэта заўсёды няздольнасць
Дачуць да пачатку, і –
Акорд, нібы нітка караляў,
Рассыпаецца на арпеджыа.

Але ёсць не-
прадказальнасць паўтораў, цэзураў і паўз.

Выразная артыкуляцыя мінулага
Надае ўсім героям і персанажам
Катэгорыю ніякага роду, і –
Ўсё становіцца нейкім бязродным і
Абыякавым.

Зрэшты, мова ўспамінаў,
Як музыка,
Кажа, не дагаворваючы.
Так,
Яна намякае і –
Няўлоўна знікае.

Але ёсць выразная артыкуляцыя мінулага.

Дзе раптам

Прапахлыя цвіллю вільготныя
Ранкі,
Дарогі, гасцінцы, сцяжыны,
Напрамкі.

Ва ўтульных абдымках свайго
Палітона
Я не заўважаю састыласць
Вагона.

Як добра, што ёсць непарушныя
Звычкі:
Раптоўнасць трамваяў, метро,
Электрычкі,

Білеты, якіх не прадбачыў
Ніколі,
Маршруты да так неабходнае
Волі,

Дзе плынным гекзаметрам вецер
Шапоча,
А потым верлібрам у вокны
Грукоча;

Дзе, мабыць, Шапэн не на жарт
Закахаўся,
Дзе поўніцца музыкай новай
Зямля ўся;

Дзе лёгка згубіцца ў празрыстай
Прасторы,
Дзе моры сінеюць і высяцца
Горы;

Дзе я, не здзівіўшыся, раптам
Спаткаю
Знаёмых з дзяцінства і Герду і
Кая.

Сляды

Верыш,
Шлях мой –
Крыжык,
Такі маленькі,
Што й згадваць
Не варта?
Я шукаю
Імя тваё ўпарта:
Мая,
А можа быць,
Марта?
Ведаеш,
Я неўзабаве
Змоўкну,
Збочу –
І знікне
Цёма.
Цёмнай ноччу
Каля твайго
Дома
Будзе іншы,
Напрыклад,
Рома.
Рому выпіць
Ці проста
Гарэлкі
І незнарок
Перасунуць
Стрэлкі
З часу
Цяперашняга
На
Мінулы,
З часу
Зграбнага
На
Сутулы.
Ну,
І ты,
Калі ласка,
Шукай
Снежань мой
Альбо, мабыць,
Май,
Дзе згубіліся
Два
Сляды:
Мой і твой,
То бок
Я
І
Ты.

Акраец вясны

Вось ён –
Акраец вясны –
Час паміж цішай і шалам.

Расталасцю пахне тваё “не магу”
І маё крыгалёднае “маю”.

Незваротнасць мінулага
Мне падаецца
Перфараваным скруткам,
Што ў катрынцы маёй
Прадзіраўлена-кволай душы
Моцна фальшывіць.
Катрынка, аднак,
Выдае неабходны матыў
Новых заблытаных клятваў.

Гэты тыдзень – як прас –
Пакінуў на рукапісе
Маёй біяграфіі
Роўнядзь жыватворнай гарачыні
І маленькія лункі шчасця:
Сем пальцаў так бездакорна сыгралі
На асіплым аргане
Майго астматычнага крыку.

Калі хлопцы раўнуюць –
Яны пазычаюць талент
У Хаоса,
Калі дзеўчыны вабяць –
Яны ахвяруюць маўчаннем
Ураніі.
Калі холадна ўвесну –
Значыцца,
Вострыя палі абцасаў
Будуць танчыць на
Тоненькай плеўцы карамельнага лёду,
Напаўняючы нашыя сэрцы
Хрусткім прадчуваннем
Цяпла
І замёрзлай
Блізкасці.

Страх

Страх –
Гэта такі маленькі чалавечак у белай куртцы,
Які паціскае руку і збягае,
Гэта такі павольненькі смоўжык,
Што паўзе па тваёй шыі,
Гэта дошчачка, якой прыкрываюцца вочы ў сне,
Гэта калі паверхня прасціны падаецца аэрадромам,
З якога немажліва ўзляцець.

Страх заўсёды п’ецца дробнымі глыткамі,
Бясконцымі дозамі наркатычнага напою.

Страх запавольвае рух
І рэгулюе –
Так, ён рэгуліроўшчык –
Нагамі, рукамі, вачмі і, урэшце,
Ўсім целам.

Ён малюе прыгожыя арнаменты на
Амаль непрытомным целе,
Ён складае адмысловыя крыжаванкі ў
Тваім знячуленым мозгу,
Ён усміхаецца табе ў твар,
І ты не можаш адказаць, бо
Навык маўлення табе
Не-
пад-
уладны.

Страх –
Прыроджаны аркестрант
З талентам дырыжора.

Сон

І зноў крап,
і зноў хлюп,
і зноў плюх –
На шляху маім шмат перашкодаў.
Свет захутаны ў безліч пялюх…
Каб сысці, мне не трэба нагодаў.
Я знікаю павольна, як цень,
У смузе крывадушнай туману –
На стагоддзі расцягнуты дзень
Дазваляе паверыць падману:
Суцяшацца даручана мне
Аднастайным клішэ успаміну,
Я ляжу на асуджаным дне,
І мароз працінае мне спіну.
Засынаю. Астуджаны сон –
Быццам фільм на старой кінастужцы:
Чарада невядомых персон
Летаргію трымаюць на мушцы.
Дом, як сон альбо сон, нібы дом,
Да якога дайсці немажліва –
Небяспечнай хваробы сімптом –
Мокра, хлюпотна, дажджліва…
Шнары сэрца зогояцца ўраз,
Калі я паспрабую уцяміць:
Незлічоная зграя параз –
Не будзённасць, а кволая памяць.
Набліжацца – не значыць ісці,
Затрымацца – не значыць спыніцца…
У асеннім пажоўклым трысці
На вясну не магчыма забыцца.

30 лістапада 2009. – 5 верасня 2010.

Арцём КАВАЛЕЎСКІ нарадзіўся ў 1979 годзе ў Мінску. Скончыў факультэт журналістыкіі аспірантуру БДУ, вучыўся на факультэце паланістыкі Ягелонскага ўніверсітэта (Кракаў). Працуе выкладчыкамна кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі БДУ і рэдактарам аддзела мастацкай літаратуры ў часопісе «Бярозка». Аўтар некалькіх паэтычных кніг.

 

print

Вам таксама можа спадабацца: