Гумерсінда Верду: “У галіне ядзернай інжынерыі мноства шляхоў і дарог”

11 Apr, 2014.

верду гурменсиндо

У сучасным хутка зменлівым свеце хімічная прамысловасць, як і ядзерная, не стаіць на месцы, вокамгненна развіваючыся і адкрываючы ўсё новыя і новыя гарызонты для вывучэння і даследавання.
Беларусь у сувязі з будаўніцтвам новай атамнай станцыі не можа не прыслухоўвацца да больш дасведчаных краін, якія на выкарыстанні ядзернай энергетыкі ўжо не аднаго сабаку з’елі. Еўрапейскія краіны актыўна працуюць у галіне ядзернай бяспекі і гатовыя падзяліцца досведам з нашай краінай.
З 22 па 29 сакавіка прафесар Дэпартамента хімічнай і ядзернай інжынерыі Політэхнічнага ўніверсітэта Валенсіі (Іспанія) Гумерсінда Верду прачытаў студэнтам хімічнага факультэта спецыялізацый “Радыяцыйная хімія” і “Радыяхімія” лекцыі па пытаннях бяспекі сучасных праектаў АЭС, уключаючы ядзерныя рэактары IV пакалення. Пытанне бяспекі ядзерных рэактараў вельмі важнае для Беларусі, бо ніхто больш не жадае паўтору падзей 1986 года. Пасля лекцый прафесар Верду пагадзіўся пагутарыць і падзяліцца сваімі думкамі з нагоды сітуацыі ядзернай інжынерыі ў цяперашні час.
-Як Вам вядома, зараз у Беларусі будуецца атамная станцыя. Што Вы думаеце з нагоды гэтага будаўніцтва? Ці неабходна нам з’яўленне новай станцыі?верду гурменсиндо
Нягледзячы на тое, што я даволі мала ведаю пра бягучае будаўніцтва, я думаю, што вельмі важна для краіны мець крыніцу ядзернай энергіі, каб збалансаваць энергію краіны ў цэлым. У нас у Іспаніі выкарыстоўваюцца розныя віды энергіі, і, паколькі мы вельмі залежныя ад энергіі любога кшталту, мы імпартуем рэсурсы для гэтага (паліва, газ). Але каля 20 % энергіі, якую мы выкарыстоўваем, мы атрымліваем ад атамных рэактараў. Апроч таго, мы актыўна выкарыстоўваем энергію сонца, цяпла і ветру. Па атрыманні энергіі ад ветру першае месца ў свеце займае Кітай, другое – Германія, а трэцяе – Іспанія. Але я лічу, што вельмі важна ўмела збалансаваць усё наяўныя або даступныя энергіі. Таму, калі ваша краіна жадае пабудаваць атамную станцыю, я лічу, што гэта дакладны крок. Гэта яе будучыня.
-Але хіба выбухі на станцыях як у нашай, так і ў іншых краінах не наводзяць на думку, што гэта дрэнная ідэя?
Для выбуху няма ніякай магчымасці. Калі памятаеце, на Фукусіме гэта было звязана з выбухам вадародных часціц, уласна, як і на Чарнобылі. Гэта хімічныя рэакцыі. Паводле палітыкі нашых дзён на ўсе атамныя рэактары, якія ўзводзяцца, толькі адзін можа выбухнуць. Але ў агульным кантэксце і выбух – гэта не праблема, гэта не прыводзіць да выкіду радыяцыі, бо сучасныя канструкцыі рэактараў усё больш і больш зніжаюць рызыкі магчымых разбурэнняў.
-Пагаворым пра Вашы ўражанні пасля прачытаных лекцый. Нагадайце, колькі лекцый было прачытана?
 Дзве лекцыі – па дзве гадзіны на лекцыю. Першая была пра бяспеку ядзерных рэактараў”, а другая – пра рэактары новага пакалення. Ранейшыя рэактары былі са значэннямі II і III, але далейшыя рэактары ўжо будуць пакалення IV. Зараз распрацаваныя ўжо рэактары серыі III+, так што ў будучыні лінейка будзе складацца з 4 пакаленняў. У святле гэтых звестак можна сказаць, што ядзерная бяспека развіваецца.
-Колькі прыблізна студэнтаў было на Вашых лекцыях? Ці былі яны актыўныя, ці задавалі пытанні?
Я думаю, што на лекцыях было прыблізна па 40 чалавек, але яны, на жаль, пытанняў не задавалі. Падобная сітуацыя і ў Іспаніі. Студэнты баяцца памыліцца, таму нічога не пытаюць. Цяжка сказаць, з чым гэта звязана. Магчыма, гэта пытанне культуры і менталітэту. Да прыкладу, амерыканскія студэнты зусім іншыя. Але вось што я зазначыў: у большасці сваёй студэнты, якія зараз атрымліваюць адукацыю ў гэтай галіне ў ЗША, пераважна самі не амерыканцы. Не, бясспрэчна, можа, яны і амерыканцы, але этнічна яны ў большасці сваім выхадцы з азіяцкіх краін – Кітая, Паўднёвай Карэі і іншых.
-Як Вы мяркуеце, з чым гэта звязана?
Будучыня ядзерных рэактараў за Кітаем. Зараз там ёсць 8 рэактараў, якія працуюць, такім чынам, Кітаю неабходныя інжынеры і іншыя адпаведныя спецыялісты. Тое ж самае і з Японіяй: нягледзячы на падзеі 2011 года, Японія плануе перазапусціць 15 рэактараў, таму што яна патрабуе энергію. Падобная сітуацыя з вострай неабходнасцю энергіі і ў іншых краінах Азіі: Тайландзе, Індыі і іншых.
-А што ж Еўропа?
Мяркуйце самі: у Францыі 56 рэактараў, якія функцыянуюць, для абслугоўвання якіх краіне неабходна каля 10 000 спецыялістаў. Колькасць рэактараў у Амерыцы таксама вялікая (больш за 100), але ўзровень іх развіцця непараўнальны з узроўнем Францыі. Плюс Германія, чыя залежнасць ад энергіі вельмі вялікая.
-Але калі патрэба ў спецыялістах такая высокая, чаму ж у іх адчуваюць недахоп? Якія цяжкасці на шляху будучыні ядзершчыка?
Неабходна мець адмысловую спецыялізацыю для паўнавартаснай працы ў ядзернай інжынерыі. Вы павінны ведаць усю тэхналогію. Да прыкладу, у Іспаніі мы праводзім аднагадовую спецыялізацыю-практыку для ўсіх навучэнцаў. Пасля гэтай практыкі можна атрымліваць ступень магістра, а доктарскую ступень можна атрымаць па праграме абмену ў іншай краіне, да прыкладу, Францыі. Далей пасля такіх замежных стажыровак краіна можа наняць студэнта на працу ў сваёй кампаніі.  У Іспаніі 3 універсітэты здзяйсняюць падрыхтоўку па дадзеных кірунках. І калі падлічыць: 12 студэнтаў выязджаюць за межы ад Валенсіі, 20 – ад Мадрыда і 15 – ад Барселоны. Атрымліваецца каля 50 студэнтаў кожны год.
-Такім чынам, маючы спецыяльнасць у дадзенай галіне, вялікіх праблем з працаўладкаваннем можа не ўзнікнуць?
Так і ёсць. Ядзерная інжынерыя стаіць на дзвюх “нагах”: адна “нага” вядзе да працы непасрэдна з ядзернымі рэактарамі, а другая – з рэсурсамі. Гэта працы ў галіне радыетэрапіі, бальнічнага і прамысловага абсталявання. Да прыкладу, усталяваныя ў пакоях дэтэктары дыму выкарыстоўваюць радыяцыю для функцыянавання. Так што для спецыяліста адчынена мноства дзвярэй, ён можа выбраць любыя.
-Пра што Вы як прафесар і настаўнік марыце?
Я мару, каб усе мае студэнты знайшлі добрую працу. Многія мае студэнты ўжо зараз працуюць па ўсёй Еўропе: у сферах бяспекі, інжынерыі і іншых. І рэч нават не ў высокай зарплаце. Я жадаю, каб яны знайшлі працу, займаючыся якой яны б і самі атрымлівалі задавальненне. Вось мая самая вялікая мара.
Хімічны факультэт атрымаў запрашэнне на далучэнне БДУ да Еўрапейскай адукацыйнай сеткі CHERNE, галоўнай мэтай якой з’яўляецца супрацоўніцтва ўстаноў вышэйшай адукацыі ў галіне ядзернай і радыелагічнай інжынерыі. Так што для студэнтаў хімічнага факультэта і праўда адкрываецца мноства магчымасцяў, і, магчыма, мара прафесара Верду цалкам ажыццяўляльная – выбар кар’еры і свайго жыццёвага шляху зараз за студэнтам.

Ксенія КАЛАШНІКАВА

Відэасюжэт з прафесарам Гумерсінда Верду глядзіце тут

print

Вам таксама можа спадабацца: