«Дзень кар’еры – вясна 2014» упершыню прайшоў 3 красавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Яго назва засведчыла, што ўпраўленне кадраў БДУ, якое выступіла арганізатарам гэтага мерапрыемства, добра прааналізавала вопыт працы цэнтраў кар’еры, створаных пры ВНУ ў краінах Еўропы, а таксама Расіі. Улічваючы, што ў нашым універсітэце існуе працэдура размеркавання выпускнікоў, гаворка пра ўзнікненне аналагічнага цэнтра пакуль не вядзецца. Аднак у БДУ ўсё ж вырашылі правесці дзень кар’еры, які б дапамог студэнтам розных факультэтаў прайсці вытворчую і пераддыпломную практыку і ў выніку застацца на працы пасля заканчэння ўніверсітэта.
Дагэтуль працаўладкаваннем студэнтаў займаліся на кожным факультэце асобна. І ў нейкім агульным дні кар’еры, які б скаардынаваў намаганні факультэтаў у гэтым напрамку, патрэбы не бачылі. Па словах начальніка ўпраўлення кадраў Наталлі Няпеўнай, правесці такое мерапрыемства вырашылі пасля таго, як убачылі, што многія буйныя структуры шукаюць сабе на працу спецыялістаў розных напрамкаў і з розных факультэтаў і ім выгадна, каб яны сустрэліся адразу з усімі на адной універсітэцкай пляцоўцы, а не паасобку ў розных факультэцкіх карпусах. На прапанову БДУ адгукнулася адразу каля 20 арганізацый, сярод якіх група кампаній «Алютэх», кампанія «Хенкель баўтэхнік», ЗАТ «Тэхналогіі якасці», кампанія «Эрнст энд Янг», ЗАТ «К’юлікс Сістэмс», ААТ «Артокс Медыя» і іншыя.
Што датычыцца студэнтаў, то іх запрашалі праз сацыяльныя сеткі, факультэцкія сайты і стэнды аб’яў. Таму яны з’явіліся не пад прымусам, а цалкам асэнсавана.
Асаблівасцю Дня кар’еры БДУ было тое, што ён уключаў не толькі традыцыйны кірмаш вакансій стэндавага фармату, але і прадугледжваў падрабязныя прэзентацыі кампаній і публічныя майстар-класы прафесіяналаў. Студэнтам такі падыход спадабаўся, і яны цалкам запаўнялі аўдыторыі на 100 чалавек.
У сваю чаргу, усе кампаніі былі адзначаныя падзячнымі лістамі рэктара БДУ, што іх таксама вельмі ўсцешыла і заахвоціла на ўдзел у будучыні.
Па выніках міні-апытання, праведзенага напрыканцы мерапрыемства ў студэнцкім асяроддзі, маладыя людзі высока ацанілі намаганні арганізатараў і збіраюцца ўдзельнічаць у днях кар’еры і далей.
Начальнік упраўлення кадраў Наталля Няпеўная за тое, каб яшчэ адзін такі дзень быў падрыхтаваны ўжо восенню, у канцы верасня – пачатку кастрычніка. Арганізатары Дня кар’еры гатовыя пайсці насустрач працадаўцам і нават правесці яго яшчэ больш маштабна, з удзелам студэнтаў іншых устаноў вышэйшай адукацыі з усёй Беларусі.
Ганна ЛАГУН
Фотарэпартаж пра Дзень кар’еры БДУ глядзіце тут