28 сакавіка на гістарычным факультэце адбыўся круглы стол на тэму небяспекі наркатычнага рэчыва, вядомага як спайс.
Вострую ўвагу гэта праблема прыцягнула да сябе пасля трагічнай смерці студэнткі-першакурсніцы факультэта міжнародных адносін БДУ. Гэты выпадак выклікаў моцны грамадскі рэзананс і дадзенае абмеркаванне праблемы «спайсу». Мерапрыемства наведалі загадчык наркалагічнага аддзялення для лячэння і рэабілітацыі асоб, што пакутуюць на сіндром залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў, Уладзімір Іваноў і маёр міліцыі, оперупаўнаважаны аддзела па наркакантролі Ленінскага РУУС г. Мінска Іван Егароўскі.
Абмеркаванне пачалося з відэапаслання рэктара БДУ Сяргея Абламейкі. У ім Сяргей Уладзіміравіч выказаў агульную трывогу па сітуацыі з распаўсюджаннем наркотыкаў у асяроддзі моладзі і заклікаў усімі сіламі змагацца з новай пагрозай. Ён нагадаў, што на базе БДУ створаны групы для барацьбы з распаўсюджаннем наркатычных сродкаў.
Затым слова ўзяў супрацоўнік унутраных спраў Іван Егароўскі, які адзначыў, што пакаленне 80-90-х гг. найбольш паддаецца ўплыву наркагандляроў. Ён звярнуў увагу на тое, што ў апошні час пачасцілася колькасць атручванняў і смерцяў ад так званага спайсу. Значна абцяжарвае выяўленне наркаманаў той факт, што найбольш прыкметны эфект наркотыкаў у першыя 20 хвілін пасля прыняцця спайсу. Пасля ж 20 хвілін эфект распазнаць вельмі складана, хоць наркотык і працягвае дзейнічаць на чалавека. Адмысловую ўвагу супрацоўнік РУУС звярнуў на тое, што спайс выклікае хуткае прывыканне.
Згадваліся і так званыя маркі, той факт, што ў апошні час канцэнтрацыя на іх наркатычных рэчываў прыводзіла далёка не да аднаго атручвання і смяротнага зыходу. Іван Егароўскі заклікаў усіх уключацца ў барацьбу з наркагандлем, робячы акцэнт на разважнасць і свядомасць грамадзян.
Наступным выступаў Уладзімір Іваноў. Ён распавёў пра спайс больш падрабязна. Па яго словах, першым этапам «падсаджвання» на спайс з’яўляецца звычайнае курэнне, бо спайс прапануецца ў выглядзе «заправы» да тытуню. Па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, курэнне само па сабе нясе жахлівыя страты людзям, а курэнне спайсу і зусім згубнае для здароўя. Распавядаючы пра ўздзеянні на свядомасць, доктар назваў эфект спайсу «звужэннем свядомасці», ці «тунэльнай свядомасцю». У тых, хто паліць спайс, з’яўляецца манія пераследу і адчуванне ўсемагутнасці, што часцяком вядзе да сур’ёзных траўмаў. З іншых эфектаў можна вылучыць два: псіхоз і галюцынацыі. Прывыканне да спайсу ён ахарактарызаваў адным прыкладам са сваёй практыкі. Адзін бізнесмен на працягу двух гадоў у пошуках грошай на новую дозу спайсу «пракурыў» увесь свой бізнес па продажы грузавых аўтамабіляў.
Напрыканцы гаворкі абодва госці адказвалі на пытанні неабыякавай моладзі.
Аляксандр ЖАБІНСКІ