У лабараторыі раствораў цэлюлозы і прадуктаў іх перапрацоўкі БДУ змаглі растлумачыць, чаму пры астуджэнні вады ад 4 градусаў да 0 яе шчыльнасць не расце, а памяншаецца.
Даследчыкі даказалі, што пры розных тэмпературах малекулы пераўтвараюцца ад манамераў (адзінкавая малекула) да гексамераў (шэсць малекул), якія займаюць значна больш месца, калі іх “спакаваць” у адной прасторы. Энергетычна гэта вельмі моцныя структуры, якія крышаць нават жалезныя трубы.
Наогул, людзі спрадвеку прыпісвалі вадзе цудадзейныя ўласцівасці –”жывая”, “мёртвая”. Кажуць нават, што ў самай важнай вадкасці на Зямлі ёсць памяць… Пра гэта і не толькі карэспандэнт агенцтва “Мінск-навіны” пагаварыла з загадчыкам лабараторыі раствораў цэлюлозы і прадуктаў іх перапрацоўкі БДУ прафесарам Дзмітрыем Грыншпанам.
– Дзмітрый Давідавіч, у навукова-папулярных фільмах і перадачах некаторыя ўнікальныя ўласцівасці вады парой тлумачаць тым, што ў яе ёсць памяць. Ці так гэта?
– Як чалавек навукі, лічу, што ў кожнай з’явы павінна быць доказная база. Гэта значыць, што досвед неабходна правесці і пацвердзіць у розных канцах зямнога шара. Я б не рэкамендаваў занадта давяраць усяму, што паказваюць па тэлевізары. У тых перадачах, пра якія вы кажаце, часта каментары даюць спецыялісты, навукоўцы з іншых галін, якія разглядаюць праблему пад іншым ракурсам. А нейкія асобныя даследаванні падаюць як ужо даказаныя і прынятыя навуковай супольнасцю ўсяго свету факты.
На мой погляд, вада мае памяць, але толькі хімічную. Вадкасць праходзіць праз розныя пласты глебы: пясок, гліну, вапняк і шматлікія іншыя. Пры гэтым яна растварае частку рэчываў, якія знаходзяцца ў нетрах. Абсалютна чыстай вады ў прыродзе не існуе. Агульнавядома, што ў залежнасці ад таго, у якой мясцовасці яе бяруць, у ёй і прымешкі адрозніваюцца. Затым адбываецца кругазварот вады, яна дыстылюецца, выпараецца, солі тым часам застаюцца на зямлі. Далей вада вяртаецца ў глебу ў выглядзе ападкаў і гэтак далей.
На яе хімічны склад уплывае і сам чалавек. У прыватнасці, чысціць яе, прыбірае ўсе прымешкі, а каб яна была пітной, насычае неабходнымі мінераламі.
– Ёсць гіпотэза, што малекулы вады аб’ядноўваюцца ў групы, якія завуць кластарамі. Менавіта яны і захоўваюць памяць…
– Гіпотэз вельмі шмат. Але малекула вады – даволі простае хімічнае злучэнне, якое ўключае ўсяго тры атамы. Паміж імі няма месца для іншых малекул. Калі меркаваць па камп’ютарных малюнках кластараў, то, па ідэі, вада павінна быць звышшчыльнай. Але гэта не адпавядае рэчаіснасці.
Наогул памяць – гэта характарыстыка жывога. І надзяляць гэтай якасцю рэчыва нежывой прыроды некарэктна.
– Структураваная вада, якая валодае гаючымі ўласцівасцямі, таксама здагадка? У Японіі праводзілі даследаванні: ваду замарожвалі пад музыку і атрымлівалі розныя малюнкі малекул. Калі гучаў Бах, малекулы складаліся ў прыгожыя крышталі, падобныя да сняжынак, а цяжкі рок ператвараў іх у хаатычны набор…
– Калі мы кінем у ваду соль, якая складаецца з іонаў, яна пачне раздзіраць сувязь паміж атамамі, і яе можна назваць структураванай. Але – умоўна – колер абруса, музыка ці добрыя словы ніяк не паўплываюць на хімічны склад вады, гэта немагчыма. Для таго каб адарваць малекулы адзін ад аднаго, патрэбныя зусім іншыя сілы. Гэта можна параўнаць з тым, як калі б адзін чалавек з адлегласці дзьмуў на іншага. Што зменіцца? Прыгожыя крышталі — гэта ўсяго толькі мастацкі, намаляваны, малюначак.
А лячэбнымі ўласцівасцямі валодае любая мінеральная вада, атрыманая з прыродных крыніц. Прычым лепш тая, дзе менш хларыдаў і сульфатаў, а больш гідракарбанатаў. Ніякай містыкі.
– А калі казаць пра вадохрышчанскую ваду?
– З пункта гледжання навукі ўнікальныя ўласцівасці тлумачацца тым, што яе набіраюць у марознае надвор’е. Пры вельмі нізкіх тэмпературах складана размнажацца мікраарганізмам і бактэрыям. Калі напоўніць слоік на холадзе, а потым не адкрываць, то вада цалкам можа заставацца чыстай на працягу працяглага часу. Я лічу, што калі аповеды пра цудоўныя ўласцівасці вадохрышчанскай вады – праўда, то ўжо даўно правялі б адкрытыя даследаванні для наглядных доказаў. А пакуль гэта пытанне веры.
– Якую ваду можам назваць “жывой” ці “мёртвай”?
– Гэтыя параметры вызначае ўзровень PH. Умоўна: “жывая” – гэта шчолачная вада, “мёртвая” – кіслая. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, паказчыкі РН павінны вар’іравацца ад 6,5 да 8,5 адзінкі. Калі яны ніжэйшыя ці вышэйшыя, ваду піць не варта.
– Над якімі анамальнымі ўласцівасцямі вады навукоўцы ў апошні час прыадчынілі завесу таямніцы?
– Напрыклад, калі зыходзіць з формулы вады, пры пакаёвай тэмпературы і звычайным ціску яна павінна быць газам, а не вадкасцю. Навука тлумачыць гэту з’яву ўтварэннем вадародных сувязяў (асацыятаў з малекул вады).
Паводле інфармацыі Minsknews.by
У лабараторыі БДУ раскрылі адзін з сакрэтаў вады
11 Apr, 2014.