29 сакавіка вучні старэйшых класаў і абітурыенты пазнаёміліся з факультэтамі і арганізацыямі БДУ. Маштабнае свята «Фестываль факультэтаў» разгарнулася на базе Ліцэя БДУ. У чарговы раз наш універсітэт шырока расчыніў дзверы і зарадзіў усіх прысутных духам студэнцтва.
Гасцей мерапрыемства сустракалі студэнцкія аб’яднанні – «Прафкам студэнтаў БДУ», «БРСМ БДУ», «Студэнцкі саюз», «Савет старастаў» і «Студэнцкі савет па якасці адукацыі». Хлопцы і дзяўчаты былі гатовыя адказаць на пытанні абітурыентаў пра інтэрнаты, паспяховасць, выкладчыкаў і вясёлае ўніверсітэцкае жыццё. Цяжка было не заўважыць прыгожых артыстаў на хадулях, мілых і прыязных мімаў, а таксама плюшавыя цацкі-«абдымашкі». На сцэне перад ліцэем выступалі каманды КВЗ і творчыя калектывы БДУ, а гледачы падпявалі, танцавалі, вадзілі карагоды і «паравозікі».
У самім будынку разгарнулі прэзентацыйныя стэнды Фундаментальная бібліятэка і Псіхалагічная служба БДУ. Прыцягваў увагу бляск спартыўных кубкаў, якія заслужылі студэнты і выпускнікі нашай ВНУ. Супрацоўнікі прыёмнай камісіі пастаянна знаходзіліся ў ачапленні абітурыентаў. Пытанняў у старшакласнікаў было шмат, а значыць да навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ёсць цікавасць.
На ўрачыстым адкрыцці рэктар Сяргей Абламейка падкрэсліў, што «да нас ідуць найлепшыя, з нізкімі баламі ў БДУ не паступіць». Але настрой абітурыентаў быў рашучым: многія ўжо вызначыліся з выбарам не толькі факультэта, але і спецыяльнасці і паспелі адчуць сябе «часткай БДУ». Факультэты, у сваю чаргу, разгарнулі сапраўдную барацьбу за старшакласнікаў. Кожныя дзесяць хвілін на сцэне з’яўляліся найлепшыя прадстаўнікі нашага ўніверсітэта, і кожны заклікаў паступаць на свой факультэт, на сваю спецыяльнасць. Сцэнкі, жарты, прэзентацыі, песні і відэаролікі змянялі адзін аднаго ў неверагодным рытме. І гэта рытм фестывалю факультэтаў.
Аднак галоўныя баі адбываліся зусім не на сцэне. Унутраны дворык ліцэя стаў паменшанай мадэллю БДУ. Студэнты як маглі прадстаўлялі і абаранялі свае факультэты. Гісторыкі частавалі хатнім квасам і дэманстравалі старажытныя ўборы беларусаў; біёлагі выставілі экзатычных жывёл; фізікі і хімікі наўзахваткі здзіўлялі гасцей эксперыментамі; радыёфізікі прадставілі свае вынаходствы; ваенныя дазволілі збіраць і разбіраць аўтамат; журналісты транслявалі «Універсітэт-ТБ», а юрысты імітавалі месца злачынства. Кожны шацёр быў аформлены ў стылістыцы пэўнага факультэта. Хтосьці са студэнтаў начапіў на галаву глобус, хтосьці – маску каня, а хтосьці і зусім быў у касцюме крумкача (талісман РФКТ).
Таксама для абітурыентаў былі арганізаваны дзве прэс-канферэнцыі з удзелам рэктара Сяргея Абламейкі і начальніка Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ Людмілы Хухлындзінай. Вучні старэйшых класаў змаглі з першых вуснаў даведацца актуальную і цікавую інфармацыю, задаць любыя пытанні. А самыя актыўныя ўдзельнікі прэс-мерапрыемства атрымалі ў падарунак флэш-карты з лагатыпам універсітэта.
Калі мы запыталіся ў аднаго з абітурыентаў, куды ён збіраецца паступаць, то ён адказаў: «Які я выберу факультэт – пакуль не вырашыў, але я ведаю адно: паступаць буду толькі ў БДУ!»
Ксенія КАРАВАЯ
Фотарэпартаж пра Фестываль факультэтаў БДУ глядзіце тут
Сюжэт пра мерапрыемства пабачце ў раздзеле “Відэа”