7 красавіка ў Сусветны дзень здароўя ў Беларускім дзяржаўным універсітэце стартаваў Тыдзень здароўя. Студэнтам, супрацоўнікам і запрошаным спецыялістам былі прадстаўленыя больш 30 цікавых і карысных мерапрыемстваў: выставы, майстар-класы, віктарыны, сацыяльныя акцыі і іншае. Арганізатарамі выступілі псіхалагічная служба, упраўленне выхаваўчай працы з моладдзю, кафедра фізічнага выхавання і спорту, пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў.
Дадзеная агульнаўніверсітэцкая кампанія была скіраваная на прыцягненне ўвагі да праблем здароўя, прапаганду каштоўнасцяў здаровага ладу жыцця, павышэнне сацыяльнай актыўнасці студэнцкай моладзі ў пытаннях захавання здароўя. А у фокусе ўвагі апынуліся псіхалагічнае, фізічнае і сацыяльнае здароўе, яго падтрыманне і ўмацаванне.
“Універсітэт – тэрыторыя здароўя!” – гэты дэвіз упершыню прагучаў на ўрачыстым адкрыцці Тыдня здароўя. Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта акадэмік С. У. Абламейка падкрэсліў, што на працягу ўсёй сваёй гісторыі БДУ адрозніваўся тым, што нароўні з развіццём навукі, выдатнай навучальнай падрыхтоўкай надаваў асаблівую ўвагу здароўю супрацоўнікаў і студэнтаў. Здароўе – гэты стан поўнага фізічнага, душэўнага і сацыяльнага дабрабыту, а не толькі адсутнасць хваробы або фізічных дэфектаў. Зыходзячы з дадзенага пастулата, на ўрачыстае адкрыццё і прэзентацыю ў якасці экспертаў былі запрошаныя вядучыя спецыялісты кафедры фізічнага выхавання і спорту, псіхалагічнай службы і ўпраўлення выхаваўчай працы з моладдзю.
У першы дзень Тыдні здароўя ўсе ахвотныя таксама змаглі наведаць выставу “Універсітэт – тэрыторыя здароўя” і прыняць удзел у брыфінгу “Гарачая лінія, або Тое, што вы даўно хацелі спытаць”. Тэатральная пастаноўка “Здароўе – галоўная ўзнагарода” ў выкананні сацыяльнага інтэрактыўнага тэатра “Тэт-а-тэт” (БДУКІ) выклікала павышаную цікавасць усіх гледачоў, якія сабраліся ў зале тэатра “На балконе”. Для пастаноўкі была абраная адна з самых актуальных тэм – ужыванне курыльных сумесяў-спайсаў.
Другі дзень Тыдня здароўя праходзіў на базе ДІКСТ БДУ. На студэнцкім форуме “Клапаціцца пра сваё здароўе – модна, па-сучаснаму, крэатыўна!” былі прэзентаваныя актуальныя праекты па праблемах здаровага ладу жыцця.На круглым стале “Сучасныя падыходы да ўмацавання фізічнага, псіхалагічнага і сацыяльнага здароўя” былі прадстаўленыя заканадаўчыя, нарматыўныя, праграмныя, навукова-метадычныя і практычныя матэрыялы па ахове і ўмацаванні здароўя насельніцтва. Іх рэалізацыя і з’явілася тэмай абмеркавання ўдзельнікаў круглага стала, па выніках якога была прынятая рэзалюцыя.
Трэці дзень Тыдня здароўя адзначыўся майстар-класамі. На базе СК “Алімпійскі” трэнеры студэнцкага гарадка і псіхалагічнай службы правялі заняткі па чэрлідынгу, ёзе, кітайскай аздараўленчай гімнастыцы цыгун і танцавальна-рухальных тэхніках. Таксама ў гэты дзень у актавай зале інтэрната №7 БДУ адбылася псіхалагічная студыя, на якой тэатр пластычнай імправізацыі “Акме” БДПУ імя Максіма Танка прадставіў спектакль “Смак рызыкі”.
У чацвёрты дзень Тыдня здароўя на базе ўніверсітэцкага гарадка была арганізаваная “Сцежка здароўя”. Дзевяць станцый, якія размясціліся на факультэтах універсітэта, пазнаёмілі студэнтаў і супрацоўнікаў з рознымі аспектамі клопату пра ўласнае здароўе.
Спецыялісты здраўпункта падчас акцый “Добра здаровым быць!” дапамаглі ахвотным лепш пазнаваць асаблівасці фізічнага стану. Супрацоўнікамі кафедры экалогіі чалавека былі праведзеныя кансультацыі па пытаннях здароўя. Чатыры станцыі ў галоўным корпусе ўніверсітэта былі арганізаваныя супрацоўнікамі псіхалагічнай службы і фундаментальнай бібліятэкі ўніверсітэта. Кафедра фізічнага выхавання і спорту прадставіла экспрэс-дыягностыку “Ваш фізічны стан”, створаную з улікам найноўшых тэхнічных распрацовак навуковай лабараторыі. На базе юрыдычнага факультэта ўніверсітэта прайшла віктарына “Псіхалагічнае здароўе”. Чаканай стала цікавасць студэнтаў да акцыі па здаровым харчаванні, якая адбылася на фізічным факультэце. На акцыі былі прадстаўленыя матэрыялы па здаровым харчаванні з улікам актыўнага студэнцкага жыцця, праведзеная віктарына.
Пяты дзень Тыдня здароўя стаў сапраўды спартыўным. На базе СК “Алімпійскі” прайшоў парад здароўя, які прадставіў студэнтаў універсітэта – удзельнікаў розных міжнародных спаборніцтваў. Па завяршэнні параду здароўя пачалася таварыская сустрэча па валейболе каманды рэктарата і студэнтаў-актывістаў. Кіраўнікі БРСМ БДУ, каардынацыйнага савета ўніверсітэта і студэнцкага прафсаюза з гонарам ваявалі на валейбольнай пляцоўцы з першымі асобамі ўніверсітэта на чале з рэктарам. Валейбол – гэта спорт, у якім нічыя немагчымая. Аднак, нягледзячы на перамогу рэктарата, можна сказаць, што ў дадзеным выпадку на пастаменце апынуліся здаровы лад жыцця, актыўнасць і выдатная камандная праца.
У шосты дзень Тыдня здароўя пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ арганізавала масавае катанне на каньках. Сцены лядовага палаца, які размяшчаецца побач са студэнцкай вёскай у мікрараёне Малінаўка, прынялі каля 200 чалавек, якія прыемна і з карысцю правялі свой час, дэманструючы навыкі фігурнага катання.
“Тыдзень здароўя” стала праектам, які наглядна прадэманстраваў студэнтам розныя магчымасці ўмацавання ўласнага здароўя. Важна, што ва ўніверсітэце створаныя выдатныя ўмовы для таго, каб усе ўдзельнікі навучальнага працэсу былі здаровыя. Спартыўныя секцыі па розных кірунках, кансультацыі па пытаннях здаровага ладу жыцця, планаванне фізічнай нагрузкі з улікам індывідуальных магчымасцяў, выдатна арганізаваная сістэма сацыяльнай і псіхалагічнай падтрымкі студэнтаў – гэта і многае іншае забяспечвае ўсебаковае развіццё студэнтаў універсітэта.
Дадзенае мерапрыемства – вынік сумеснай працы розных падраздзяленняў і арганізацый універсітэта, якое прадставіла комплексны падыход да пытанняў здароўя. Паспяховая рэалізацыя праекта пацвердзіла, што БДУ – гэта сапраўды тэрыторыя здароўя для ўсіх, хто жадае быць здаровым!
Вольга ВОЙТ
Фотарэпартаж пра тыдзень здароўя глядзіце тут