Мы вырашылі даведацца, што даводзіцца рабіць валанцёрам БДУ на Чэмпіянаце свету па хакеі–2014. Для гэтага пэўны час мы правялі разам з імі. Вось што мы адкрылі для сябе.
Месца: “Мінск-Арэна”
Час: 18:30 – 22:30
Дата: 14 мая
Прыехалі
“Хто пытае, той не блукае”, – кажа прыказка, і мы выбраліся ў дарогу да “Мінск-Арэны”. Даехаць да патрэбнага нам месца было нескладана: транспарт да цэнтраў хакейнага жыцця ходзіць часта. Мы пад’ехалі на 73 аўтобусе ад Нямігі. Далей ужо жыхары падказалі, куды менавіта нам трэба накіроўвацца. Прайшлі абавязковы надгляд на ўваходзе – і вось яна “Мінск-Арэна”. Дарэчы, адразу заўважылі, што аховы вакол досыць шмат.
Тут пануе атмасфера свята: заўзятары з атрыбутыкай сваіх краін, на сцэне выступаюць музыкі, праводзяцца конкурсы, ёсць вулічныя кава – жыццё віруе.
Нашых валанцёраў-студэнтаў БДУ сустрэлі ў чэргі па марожанае. “У дзень нам кладуць па 100 тысяч на картку, – кажуць яны. – Пакуль ёсць троху вольнага часу, вырашылі перакусіць”.
Студэнты працуюць па зменах. Першая – з 9:00 да 16:00. Валанцёры, да якіх мы прыйшлі ў госці, працуюць у медыяцэнтры “Мінск-Арэны” ў другую змену з 15:30 да 24:00. З прычыны таго, больш што гульняў праводзіцца бліжэй да абеду і ночы, па колькасці валанцёраў другая змены перавышае першую. Кожны павінен мець пры сабе бэйдж (без яго няма доступу ў патрэбныя зоны) і форму (без якой на працу не пусцяць).
Дамінік Марцінкевіч, ІБМТ, 2 курс:
– Спачатку я запоўніў анлайн-заяўку. Але такіх заявак была вялікая колькасць, таму валанцёраў сталі шукаць праз розныя студэнцкія аб’яднанні. Мяне парэкамендавалі ўзяць, таму што ведаю некалькі моў. Прайшоў кароткі курс навучання па псіхалогіі зносін і замежнай мове, па бяспецы і турызме, вывучаў інфармацыю пра хакей. Нягледзячы на тое, што мне трэба здаваць надоечы курсавую працу, я пакуль не браў выходнага дня. Каманда ў нас сабралася вясёлая, і тут сапраўды цікава працаваць.
Ад Ваські да Пельменя
Усе зоны кантролю пройдзены – і вось мы ідзём у памяшканне, якое адвялі для прэс-цэнтра, дзе непасрэдна знаходзіцца важная частка добраахвотніцкага жыцця. Тут ёсць 300 месцаў для журналістаў, капіравальныя апараты, бар, кавярня. Таксама можна падлучыць Wi-Fi і на вялікіх маніторах назіраць прамую трансляцыю ўсяго, што адбываецца на “Мінск-Арэне” і “Чыжоўка-Арэне”. Уласна, у прэс-цэнтры валанцёры і праводзяць увесь час паміж матчамі, а журналісты пішуць свае матэрыялы, могуць падсілкавацца.
Крысціна Дарапей, факультэт журналістыкі, 2 курс:
– Я займаюся раздрукоўкай прыходных дакументаў – лайн-апаў (стартавыя пратаколы). Яны прыходзяць з “Мінск-Арэны” і “Чыжоўка-Арэны”. Да кожнана прынтара ставімся як да жывой істоты. Хутчэй, як да каткоў. У кожнага прынтара ёсць імя: Васька, Барсік, Мурка і Пельмень. Далікатна так завём, нібы спрабуем залагодзіць, каб яны не зламаліся і каб праца прэс-цэнтра не спынілася. Атрымліваем ад нашых “каткоў” пратаколы за першы перыяд, і тут жа які робіцца шмат копій.
Крысціна распавяла, што ў валанцёры патрапіла дзякуючы факультэту, які параіў адгукнуцца на прапанову прэс-цэнтра. Прайшла кароткае навучанне па псіхалогіі, замежнай мове, турызме. “Тым больш у нас на факультэце валанцёрства прымуць за практыку, – кажа Крысціна. – Цяпер у нас вольнае наведванне, але на некаторыя пары ўсё адно даводзіцца хадзіць, як-ніяк хутка сесія”.
20 кіламетраў у дзень!
“Хутка пабяжым”, – сказалі нам студэнты. Спачатку мы і не зразумелі, пра што менавіта ідзе гаворка. Не насцярожыліся, а дарма. Высветлілася, што як толькі прыходзяць лайн-апы, валанцёры не проста іх разносяць, а бягуць. І так у дзень набягаюць па 20 км. Усё трэба даставіць па некалькіх кропках: TV-студыя, TV-вяшчанне, медыя-трыбуна і каментатарскія пазіцыі. Пасля гульні ў прэс-цэнтр прыходзіць пратакол за ўсю гульню. Яго трэба даставіць не толькі ў вышэйпералічаныя месцы, але і ў мікст-зону (сюды адразу пасля матчу прыходзяць хакеісты і даюць інтэрв’ю журналістам). І гэта праца на працягу ўсяго дня – трэба ўвесь час разносіць пратаколы пасля кожнага перыяду, перад гульнёй і пасля яе.
Пабеглі і мы.
“Спачатку было складана запомніць усе маршруты, усё-ткі ў калідорах лёгка заблукаць, – кажа на бягу Анастасія Зелянкоўская, студэнтка 2 курса ІБМТ, – але потым прывыкаеш нават да такой прабежкі”.
Забягаем у вялікі ліфт. Мы ўпотай ад Насці цешымся, што ёсць час на перадышку
“У канцы трэба бегаць хутчэй, – распавядае Насця. – Але складанымі днямі лічацца тыя, калі гуляюць Беларусь, ЗША і Расія. Тады неабходна афармляць больш пратаколаў. Стала валанцёрам, таму што мне гэта стала цікавым, і не шкадую, што прыйшла сюды”.
“Пожалуйста!”
Пасля мы праходзім у press-room (прэс-рум), дзе валанцёры таксама прапануюць пратаколы журналістам. Мы патрапілі на прэс-канферэнцыю, дзе галоўныя трэнеры зборных Швейцарыі Шон Сімпсан і Германіі Пэт Корціна абмяркоўваюць вынікі гульні. Кажуць пра тое, што атрымалася зрабіць гульцам, як прайшла гульня, якія былі недахопы. Журналісты адначасова задаюць пытанні. Дарэчы, гульня, якую яны абмяркоўвалі. прайшла з лікам 3:2 на карысць Швейцарыі. Доўжыцца прэс-канферэнцыя каля 15–20 мін. Напрыканцы нямецкі трэнер на “спасибо” журналістаў адказаў: “Пожалуйста!” – падрыхтаваўся, відаць. Дарэчы, многім замежнікам цікавая руская мова, пакуль ехалі ў ліфце, чулі рускую гаворку, праўда, з акцэнтам.
На матчы
Зараз разам з Ксеніяй Буркоўскай (3 курс, ІБМТ) мы ідзём на гульню.
“Спачатку я запісалася ў інфацэнтр, але прапусціла падрыхтоўку. Падумала, што ў прэс-цэнтры карысці ад мяне будзе больш. Першыя дні было цяжка, а зараз атрымліваю ад працы задавальненне. Сімпатыю заваявалі латышскія заўзятары: на гульню сваёй каманды прыйшлі ў атрыбутыцы, у парыках і з барабанамі. Вядома, даводзіцца прапускаць шмат пар, – распавядае Ксюша, – і позна вяртацца дахаты”.
Пакуль Ксюша раздае лайн-апы каментатарам і прыбірае смецце, мы аглядаемся. На гульню Казахстан – Расія людзей прыйшло шмат. Яны пачалі збірацца яшчэ за гадзіну да пачатку матчу. А хтосьці прыйшоў нават з беларускімі сцягамі. Іграе музыка “Касіў Ясь канюшыну” і “Кацюша”.
Тут працуюць не толькі студэнты БДУ. Аліна Авецісава, студэнтка МГЛУ, 2 курс, распавяла, як патрапіла ў лік валанцёраў:
– Для мяне гэта праца – моўная практыка. У мае абавязкі ўваходзіць дапамога заўзятарам у пошуках сваіх месцаў на трыбунах, не пускаю п’яных людзей і тых, хто хоча пранесці з сабой ежу. Падказваю, дзе туалеты ці як адсюль выйсці. Патрапіла ў валанцёры дзякуючы сваёй ВНУ. Думала: “Паспрабую!” – і ўзялі. Калі ў мяне выхадны дзень на “Мінск-Арэне”, іду ва ўніверсітэт на заняткі, дапрацоўваю прапушчанае.
“Дапамажыце знайсці батарэйку!”
Пасля першага перыяду ідзём у зону TV-вяшчання. Адгэтуль і адбываецца трансляцыя гульняў. Пакуль Улад Скобля, студэнт факультэт журналістыкі, 4 курс, разносіць пратаколы, да нас па дапамогу звярнуўся на англійскай мове журналіст, маўляў, патрэбная дапамога, дзе купіць такую батарэйку. Прыходзіць Улад і паказвае на карце, як даехаць да ГУМа, там купіць можна. Веданне валанцёрамі замежнай мовы спрашчае жыццё прыезджых гасцей. Улад распавёў, што часта здараюцца падобныя жыццёвыя выпадкі, калі трэба штосьці падказаць прыезджым гасцям. “Пайшоў у валанцёры, таму што лічу: грошы не галоўнае, а вось падобны досвед спатрэбіцца. Мне таксама прыйшлося перасяляцца з інтэрната № 4 у 10-ы, бо месцы ў 11-ым давалі толькі дзяўчатам-валанцёрам”, – распавядае Улад.
Бывай, “Мінск-арэна”!
На гадзінніку 22:30, мы стаміліся і з’язджаем, а вось нашым валанцёрам яшчэ трэба будзе дачакацца заканчэння гульні і разнесці апошнія на сёння пратаколы. Такая добраахвотная праца адбірае шмат сіл, але дае наўзамен яркія эмоцыі і неацэнны досвед, разуменне таго, што ты частка падзеі, за якой сочыць увесь свет.
Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фотарэпартаж з “Мінск-арэны” глядзіце тут
Відэасюжэт пра дзейнасць валанцёраў БДУ на Чэмпіянаце свету по хакеі