Споўнілася 70 гадоў доктару фізіка-матэматычных навук, прафесару, загадчыку кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі фізічнага факультэта Яўгену Варапаю.
Яўген Сямёнавіч у 1966 г. скончыў аддзяленне радыёфізікі і быў рэкамендаваны ў аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР. Ужо ў 1967 г. перайшоў у БДУ, дзе А. М. Саржэўскі арганізаваў кафедру агульнай фізікі. Я. С. Варапай быў адным з першых супрацоўнікаў кафедры, з 1969 па 1973 гг. старшы інжынер, з 1973 г. старшы выкладчык, з 1977 г. дацэнт кафедры агульнай фізікі. У 1973 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1977 г. па запрашэнні А. Н. Сеўчанкі перайшоў у лабараторыю нелінейнай спектраскапіі НДІ прыкладных фізічных праблем.
З 1979 па 1997 гг. загадваў лабараторыяй спектраскапіі НДІ ПФП. Са снежня 1997 г. узначаліў кафедру лазернай фізікі і спектраскапіі.
Падчас працы на кафедры агульнай фізікі, а таксама ў наступныя гады падрыхтаваў курсы лекцый па оптыцы для студэнтаў фізічнага, хімічнага, механіка-матэматычнага факультэтаў і факультэта радыёфізікі. Пад яго кіраўніцтвам абаронена дзесяць кандыдацкіх дысертацый.
Асноўны кірунак навуковых прац прафесара ляжыць у галіне лазернай фізікі і малекулярнай спектраскапіі. Распрацаваны шэраг лазерна-аптычных прыбораў і комплексаў спектральна-аналітычнага прызначэння. Я. С. Варапай з’яўляецца аўтарам звыш 500 прац, уключаючы 3 манаграфіі і 46 вынаходстваў і патэнтаў.
Кафедра актыўна супрацоўнічае з арганізацыямі і ўстановамі НАН Беларусі, з медыкамі і біёлагамі з ДУ РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава і з навукоўцамі з далёкага замежжа (Германіі, Францыі, Кітая і інш.).
Я. С. Варапай з’яўляецца намеснікам галоўнага рэдактара «Часопіса прыкладной спектраскапіі», членам Беларускага фізічнага грамадства, аптычнага грамадства імя Д. С. Раждзественскага. Ён таксама сакаардынатар дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў «Электроніка і фатоніка», «Электроніка і оптыка»; намеснік старшыні экспертнага савета па лазерна-аптычнай тэхніцы пры ДКНТ; член Калегіі нацыянальных экспертаў краін СНД па лазерах і лазерных тэхналогіях ад Рэспублікі Беларусь
За паспяховую працу неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі БДУ, НАН Беларусі, Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, а таксама Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У 1986 г. узнагароджаны медалём «За працоўнае адрозненне». У 1994 г. яму прысуджана Дзяржаўная прэмія за цыкл калектыўных прац «Флуктуацыі мікраструктуры і фотафізіка малекул фарбавальнікаў у растворах». У 2003 г. прысуджана прэмія імя А. Н. Сеўчанкі. У 2012 г. ушанаваны ганаровым званнем «Заслужаны работнік БДУ».
Актыўная жыццёвая пазіцыя, талент фізіка-даследчыка ў спалучэнні з вялікімі педагагічнымі здольнасцямі, зычлівасцю, спагадлівасцю, уменнем працаваць з людзьмі набылі Яўгену Сямёнавічу глыбокую пашану, прызнанне і аўтарытэт.
Калегі, сябры і вучні горача і сардэчна віншуюць Яўгена Сямёнавіча Варапая з юбілеем і ад шчырай душы жадаюць яму доўгіх гадоў жыцця, дужага здароўя, шчасця, дабрабыту, новых творчых поспехаў.
Калектыў
фізічнага факультэта