Трэба прызнаць, харавыя фэсты і конкурсы – папулярны кірунак развіцця аматарскай творчасці ў Еўропе. Дарослыя хары, мужчынскія і жаночыя хары, нават змяшаныя хары сталі цяпер настолькі папулярныя! Што часам, затрымліваючыся ў знаёмых у Кёльне, здаецца, што жыхары гэтага горада збіраюцца, каб проста праспяваць разам, каб галасавой мелодыяй распавесці пра дзень, які адбыўся...
Мінскі форум аматарскіх хароў – асаблівы, калі жадаеце, адзіны ў сваім родзе. Таму што студэнцкі. Таму што менавіта сучаснае студэнцтва захоўвае традыцыі тых часоў, калі незнаёмых людзей мог аб’яднаць гімн Gaudeamus igitur.
Сёння фэст “Папараць-кветка. БДУ”, мабыць, адзіны ў Беларусі моладзевы харавы конкурс, які вядомы далёка за межамі нашай краіны. Яго праграма-конкурс складаецца з дзвюх частак: свецкай і духоўнай музыкі, гала-канцэрта, сольных выступаў калектываў-удзельнікаў у найлепшых канцэртных залах Мінска. Тут праходзяць майстар-класы і адкрытыя ўрокі. Мерапрыемства праводзіць упраўленне па справах культуры ВНУ з мэтай папулярызацыі мастацтва харавога і вакальнага спеву, арганнай музыкі, а таксама развіцця творчых сувязяў. Сёлета былі разыграны чатыры намінацыі, тры з якіх “узяў” народны акадэмічны хор Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя М. Ф. Сакалоўскага. Па выніках форуму гэты калектыў прызнаны “найлепшым хорам”, а яго прадстаўніца Вераніка Чарняўская названа “найлепшым салістам”. Таксама кіраўнік гэтага тытулаванага хору Вольга Румілава прызнана “найлепшым дырыжорам”.
Акрамя таго, на форуме былі заснаваны адмысловыя дыпломы экспертнага савета. Так, уладальнікам дыплома “Найлепшы канцэртмайстар” стала Мар’яна Клімава з акадэмічнага хору Маскоўскага дзяржаўнага інстытута электроннай тэхнікі. Гэты ж калектыў ганараваны яшчэ адным дыпломам “За папулярызацыю беларускай народнай музыкі”. “За ўдалы дэбют на міжнародным фэсце” ўзнагароду атрымаў камерны хор Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта. Дыпломам “За самы эмацыйны выступ на форуме” ўзнагароджаны інтэрнацыянальны студэнцкі хор “Дамінанта” Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а “За выкананне сучаснай нацыянальнай музыкі” – жаночы камерны хор Шаўляйскага ўніверсітэта PAVASARIS (Літва). Дыплом “За захаванне традыцый выканання рускай харавой музыкі” заваяваў камерны хор “Гаўдэамус” Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэтаімя М. Э. Баўмана.
На пытанні нашага карэспандэнта адказвае кіраўнік камернага хору студэнтаў політэхнічнага ўніверсітэта з Санкт-Пецярбурга Аляксандра Макарава:
– Фэст – гэта шанец параўнаць свае выступы на конкурсе?
– Безумоўна! Артыстам-аматарам заўсёды бракуе музычнай граматы. І погляду з боку. Такі сінтэз конкурсу з фэстам (а такі канцэпт закладзены на мінскім фэсце) дае ідэальную магчымасць і шанец параўнаць свае выступы на конкурсе. Пераняць досвед у іншых, наведаць экскурсіі і азнаёміцца з краінай, а таксама адчуць атмасферу гэтага міжнароднага мерапрыемства…
– Драматычныя тэатры адчуваюць дэфіцыт п’ес сацыяльнай скіраванасці. У музыкаў, харавікоў, таксама ёсць праблема – партытура, ноты?
– Не, што вы! Сёння няма перашкод, каб атрымаць які-небудзь твор для харавога калектыву. Ва ўсялякім разе ў нас у Піцеры.
– Ці запатрабаваны ў наш час студэнцкія хары?
– З аматарскімі калектывамі я пачала працаваць нядаўна. Хор, з якім мы прыехалі ў Мінск, вельмі малады. Ён быў набраны за кароткі перыяд: з мая па кастрычнік мінулага года. Калектыў складаецца са студэнтаў першага і другога курсаў. Адзначу, што ў нашым універсітэце захаваліся моцныя традыцыі харавога выканання. Яшчэ дваццаць гадоў таму назад у ВНУ існаваў вялікі выканальніцкі калектыў – студэнцкі хор у сто чалавек. Дэпартамент культуры хоча адрадзіць гэты від музычнага мастацтва, падтрымлівае ўсе нашы распачынанні на гэтай ніве.
– Якія сучасныя еўрапейскія форумы найбольш прэстыжныя?
– Я ведаю міжнародны фэст-конкурс для дарослых хароў Praga Cantat. Гэта мерапрыемства заваявала сусветнае прызнанне сярод творчых калектываў харавога кірунку.
– Дарэчы, на гэты конкурс штогод прыязджае больш за 1000 удзельнікаў з усяго свету…
– Годныя міжнародныя конкурсы хароў праводзяцца таксама і ў Таліне. У Карэі вельмі добрыя конкурсы аматарскіх калектываў. Я там працавала тры гады, таму сапраўды магу сцвярджаць. Напэўна, ёсць падобныя форумы і ў Кітаі, але пра гэта я мала што ведаю, магу толькі інтуітыўна здагадвацца.
– У Мінску першы раз?
– Так! У вас дзівосна чыста і хораша! Мне здаецца, беларусы вельмі беражліва ставяцца да свайго горада і да сваёй краіны. У Расіі, напэўна, больш зямлі, таму народ інакш ставіцца, не так рупліва. Тут відаць, што краіна небагатая, але выгляд свежапафарбаванага плота выклікае павагу да яе жыхароў.
– Дзякую за добрыя словы ў адрас майго горада. Поспехаў у справах!
Жанна ВАСАНСКАЯ
На фота: 2. Вольга Румілава, “найлепшы дырыжор»