Інавацыйная распрацоўка БДУ “Шматфункцыянальная ідэнтыфікацыйная картка супрацоўніка БДУ” атрымала дыплом XXI Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіям ТІВО–2014.
Гаворка ідзе пра новае электроннае пасведчанне супрацоўніка ўніверсітэта з радыёчастотнай (RFID) і візуальнай ідэнтыфікацыяй уладальніка. Акрамя таго, гэта пасведчанне з’яўляецца поўнафункцыянальнай чыпавай міжнароднай аплатнай карткай MasterCard, а кантактны чып змяшчае яшчэ і дадатак электроннага лічбавага подпісу (ЭЦП).
Каб падрабязней даведацца пра гэту распрацоўку, мы пагутарылі з дырэктарам Цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУ Юрыем Іосіфавічам Варатніцкім.
– Пачынаць трэба з таго, што праблема ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі фізічных асоб досыць актуальная ва ўсім свеце. Так ці інакш, яна вырашаецца. Цяпер актыўна ўкараняюцца інтэлектуальныя дакументы з рознымі сродкамі ідэнтыфікацыі: інтэлектуальныя пашпарты, пасведчанні асобы, сацыяльныя карткі. Такіх дакументаў вельмі шмат у розных краінах. Для ідэнтыфікацыі выкарыстоўваюцца самыя розныя тэхналогіі. Гэта і камп’ютарныя тэхналогіі, адмысловыя мікрачыпы, і біяметрычная ідэнтыфікацыя, калі запісваюцца біяметрычныя даныя, напрыклад, адбітак пальца.
– Што паклала пачатак працы непасрэдна ў гэтым кірунку?
– У лютым гэтага года міністэрствам была прынята канцэпцыя развіцця сістэмы шматфункцыянальных ідэнтыфікацыйных картак у сістэме адукацыі РБ на перыяд да 2018 года. Пакуль найбольш складаным прадуктам, прадугледжваным гэтай канцэпцыяй, з’яўляецца шматфункцыянальная картка, якая аб’ядноўвае ў сабе сродкі індывідуальнай ідэнтыфікацыі, нанесеныя на картку (фатаграфія, прозвішча, імя, імя па бацьку, пасада), аплатную прыладу, сродкі радыёчастотнай ідэнтыфікацыі для карпаратыўных дадаткаў і дадатак ЭЦП. Вось такі прадукт – “4 у 1 флаконе”.
– Як пачыналіся распрацоўкі гэтай тэхналогіі?
– Трэба адзначыць, што сістэма адукацыі ў цэлым і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у прыватнасці з’яўляліся першапраходцамі. У 2003 годзе ў БДУ былі ўкаранёныя пластыкавыя студэнцкія квіткі з радыёчастотнай ідэнтыфікацыяй. Уласна кажучы, гэта тыя ж студэнцкія квіткі, якія сёння выдаюцца студэнтам усіх вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі: пластыкавая картка, куды ўбудаваны мікрачып, які дазваляе счытваць і запісваць на яго інфармацыю.
– Наколькі мне вядома, БДУ працаваў над гэтым праектам не адзін…
– Сапраўды. Па сутнасці ўніверсітэт здолеў аб’яднаць цэлы шэраг дзяржаўных і прыватных кампаній. Распрацоўка новай карткі, і яе выкарыстанне ў сістэме электроннага дакументазвароту БДУ выконваліся ў адпаведнасці з прынцыпамі дзяржаўна-прыватнага партнёрства паміж наступнымі арганізацыямі: БДУ, Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтрам Міністэрства адукацыі, Цэнтрам сістэм ідэнтыфікацыі Нацыянальнай акадэміі навук, ААТ “Белінвестбанк”, ТАА “Софтклуб”, ЗАТ “НТЦ Кантакт”, ТАА “Інфакард” і ТАА “Электронная справа”.
– Распавядзіце падрабязней пра асаблівасці самай карткі.
– Гэта міжнародная аплатная картка, MasterCard. Чаму абрана менавіта MasterCard? Справа ў тым, што сённяў Белкарта няма чыпывых картак, у іх карткі толькі з магнітнай паласой. А мы адразу закладвалі рашэнне, якое павінна быць перспектыўным. З 2015 года наогул не будзе аплатных картак без чыпаў. На чыпе запісаны плацежны дадатак і дадатак электроннага лічбавага подпісу.
– У чым заключаліся асноўныя цяжкасці на гэтым этапе?
– Узгадніць з банкам магчымасць бяспечнага запісу двух дадаткаў на адзін чып. Далей сюды ўбудаваны радыёчастотны чып, у аплатнай картцы застаецца магнітная паласа і, як бачыце, візуальна гэта цалкам прыстойнае па якасці выканання пасведчанне супрацоўніка. Прынцыпова новае тут тое, што ва ўніверсітэт прыходзіць ЭЦП. Ізноў жа, на сёння гэта сусветная тэндэнцыя – у развітых краінах у большасці грамадзян маецца свой лічбавы подпіс. Мы таксама пачынаем – з універсітэта. Для супрацоўнікаў носьбіт ЭЦП – гэта пасведчанне. Верагодна, праз нейкі час аналагічным стане студэнцкі білет. Я думаю, досыць хутка – год, паўтара.
– Чаму функцыя ЭЦП апынулася такой неабходнай?
– Сёння мы ўжо практычна абвыклі да таго, што дэ-факта частка дакументаў, якімі мы абменьваемся, існуе толькі ў электронным выглядзе. На жаль, такія дакументы пакуль юрыдычнай сілы не маюць. Гэта значыць, што, калі я адпраўлю Вам штосьці па электроннай пошце, Вы заўсёды можаце мне сказаць, што Вы гэты ліст не атрымлівалі, я магу сказаць, што не я яго Вам адпраўляў. Больш за тое, што я адпраўляў Вам не такі ліст, таму што па дарозе яго перахапілі і змянілі, і наогул, я Вам нічога не адпраўляў! Сістэма дакументазвароту, які выкарыстоўвае электронна-лічбавы подпіс, дазваляе выключыць дадзеную сітуацыю. Фізічна ЭЦП – гэта пэўны дадатак і ключавая інфармацыя ЭЦП, запісаныя ў памяці мікрачыпа. Гэты чып можа знаходзіцца на картцы, як у нашым выпадку, ён можа быць на звычайным USB-ключы. Падчас падпісанні ЭЦП, па сутнасці, зыходзячы з файла электроннага дакумента і ключавой інфармацыі, вылічваецца значэнне некаторай функцыі, якое перасылаецца разам з дакументам атрымальніку. Ён мае адкрытую інфармацыю пра карыстальніка гэтага ЭЦП, на ўзроўні ўніверсітэта, Міністэрства адукацыі, рэспублікі ў цэлым. Гэта агульнадаступная інфармацыя. Ён пераконваецца ў тым, што, па-першае, гэты дакумент быў адпраўлены яму менавіта гэтым чалавекам, а па-другое, што гэты дакумент не быў зменены. Гэта дазваляе надаць юрыдычную значнасць дакументам.
– Для чаго гэта трэба ва ўніверсітэце?
– Па-першае, гэта традыцыйны дакументазварот. Цяпер мы плануем, што цэлы шэраг дакументаў, якія цыркулююць ва ўніверсітэце, перастануць існаваць у папяровым выглядзе. Галоўным чынам, гэта такія дакументы, як дакладныя запіскі. Але, апроч эканоміі паперы, электронныя дакументы разглядаюцца значна хутчэй. Для таго, каб гэта зрабіць, акрамя ўкаранення пластыкавых пасведчанняў і ЭЦП, нам трэба яшчэ вельмі многае зрабіць з пункту гледжання сістэмы электроннага дакументазвароту. Цяпер мы яе істотна пашырылі. Падпісваць дакументы ўжо будуць непасрэдна кіраўнікі падраздзяленняў непасрэдна ў электронным выглядзе. Ізноў жа, досыць уставіць пластыкавае пасведчанне ў счытвальнік і націснуць некалькі клавіш на камп’ютары. Але тым не менш элементарныя правілы бяспечнага захоўвання яшчэ ніхто не адмяняў. Захоўванне вашага ЭЦП, , як і пароля ад вашага камп’ютара, як і пін-кода ад вашай стыпендыяльнай ці зарплатнай карткі – гэта ваша асабістая бяспека.
– Але гэта ўсё датычыцца адміністрацыйнага пытання. Якая ж будзе карысць ад дадзенай распрацоўкі для студэнтаў і выкладчыкаў?
– Насамрэч, мы б хацелі нашых студэнтаў і выкладчыкаў пазбавіць ад раздрукоўкі вялікай колькасці навучальнай дакументацыі. Каму патрэбная гэта папера? Чарнавікі на кафедру за кошт студэнтаў? Бо зразумела ж, што дакумент у папяровым выглядзе ў найлепшым выпадку прачытае 1 чалавек. А гэту ж самую працу ў электронным выглядзе – значна больш. Асаблівае калі на кафедры ёсць электронная бібліятэка “Прац студэнтаў”. Заадно можна будзе з дапамогай сістэмы “Антыплагіят” праверыць, ці не спісана гэта праца з нейкай іншай, ці не запампавана з інтэрнэту. Таму шматлікія рэфераты, эсэ, курсавыя працы ў папяровым выглядзе павінны спыніць сваё існаванне. Прычым для гэтага зноў будзе патрэбна ЭЦП. Ну і, зразумела, шматлікая навучальная дакументацыя на кафедры, якая дублюе адна адну. Размеркаванне нагрузкі, план працы кафедры, індывідуальныя планы выкладчыкаў, карткі ўліку выканання нагрузкі і гэтак далей. Гэта кухня ўжо даўно выклікае раздражненне ў працаўнікоў, калі даводзіцца запаўняць кучу дублюючых адзін аднаго дакументаў.
– Ці магчымая далейшая распрацоўка праекта для своеасаблівага “перараджэння” ў штосьці большае?
– Справа ў тым, што ў нас у рэспубліцы цяпер ініцыяваны праект па распрацоўцы інтэлектуальных пасведчанняў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Па сутнасці, наш праект гэта – крок на шляхі да такой распрацоўкі, пілотны праект, які рэалізуецца ў БДУ.
– Скажыце, у чым унікальнасць і цікавасць гэтай распрацоўкі для іншых краін?
– У чыстым выглядзе такая распрацоўка “4 у 1”, як у нас, асабіста мне больш нідзе не вядомая. Калі мы былі на выставе ТІВО, была выяўлена цікавасць з боку дэлегацыі Казахстана. Але, ізноў жа, не таму, што гэта картка ўяўляе сабою нешта такое незвычайнае. Цікавасць уяўляе тое, што вакол яе будуецца тая інфраструктура. Насамрэч, гэта досыць вялікі праграмны комплекс, які дазваляе наладзіць замову гэтых картак, іх выпуск, іх ініцыялізацыю, улік і выкарыстанне. І вось тут кожны ідзе сваім шляхам.
– У чым унікальнасць гэтай распрацоўкі?
– Звышнатуральнага тут нічога такога няма, гэта не рэвалюцыйнае адкрыццё, не першы ў свеце транзістар і не першы смартфон. Гэта проста вельмі добрае, правільнае пасоўванне наперад, у тым кірунку, у якім рухаецца ўвесь свет. Дзесьці мы наперадзе, дзесьці мы троху ззаду. Але самае галоўнае тое, што мы рэальна рухаемся, не стаім на месцы. Мы ў ліку першых у справе ўкаранення электроннай ідэнтыфікацыі.
Гутарыла
Ксенія КАЛАШНІКАВА