Дыплом «Ганаровага прафесара БДУ» уручыў 24 мая рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта акадэмік Сяргей Абламейка Прэзідэнту Таджыкістана Эмамалі Рахмону. Урачыстая цырымонія адбылася ў БДУ ў рамках афіцыйнага візіту ў Беларусь таджыкістанскага лідара. У цырымоніі прыняў удзел міністр адукацыі нашай краіны Сяргей Маскевіч. Звання “Ганаровы прафесар БДУ” Эмамалі Рахмон удастоены за вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё ўсебаковых сяброўскіх адносін паміж Таджыкістанам і Беларуссю. У сваім выступленні перад выкладчыкамі і студэнтамі БДУ кіраўнік Таджыкістана падзякаваў за высокі гонар і выказаў надзею, што супрацоўніцтва дзвюх краін будзе і далей актыўна развівацца на карысць беларускага і таджыкскага народаў. Эмамалі Рахмон нарадзіўся ў 1952 годзе ў Дангарынскім раёне Рэспублікі Таджыкістан у сям’і дэхканіна. У 1982 годзе скончыў эканамічны факультэт Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта. У 1990 годзе Эмамалі Рахмон абіраецца народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Таджыкістан XII склікання, а ўвосень 1992 года — старшынёй Выканаўчага камітэта Савета народных дэпутатаў кулябскай вобласці. Ушанаваны «Залатой зоркай Альберта Швейцера» і ганаровым званнем прафесара Сусветнай медыцынскай акадэміі па аддзеле гуманітарных навук, залатым медалем «За ўмацаванне міру і згоды паміж народамі Міжнароднай федэрацыі міру і згоды», алмазным ордэнам «Зорка мецэната» (вышэйшая ўзнагарода Міжнароднага дабрачыннага фонду «Мецэнаты стагоддзя»), ордэнам «Нацыянальны герой Афганістана — Ахмадшах Масуд» і шэрагам іншых узнагарод і прэмій. З 1999 года атрымаў званне «Герой Таджыкістана». Перамог на выбарах прэзідэнта 6 лістапада 1994 г.
Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ