«Родніца» мяняе аблічча

23 мая, 2014.

родница коробейко татьяна

На сваё 35-годдзе народны хор «Родніца» напалову змяніў свой рэпертуар.
На гэты раз артысты спявалі новыя творы, сярод якіх значыліся і акапэльныя песні, без суправаджэння. Паказчыкам прафесіяналізму калектыву стала і тое, што яго ўдзельнікі, нягледзячы на свой паважны ўзрост, адолелі чатырох- і пяцігалосную партытуру. У рэпертуары спевакоў акрамя беларускага фальклору стала больш рускіх і ўкраінскіх песень.

Паслухаць іх выкананне прыйшлі родныя і знаёмыя, а таксама прафесіяналы ў харавой музыцы. Усе аднадушна прызналі, што «Родніца» рухаецца ў правільным кірунку.
Мастацкі кіраўнік і дырыжор хору Таццяна КАРАБЕЙКА юбілейны канцэрт небеспад­стаўна ставіць сабе ў заслугу. Таццяна Анатольеўна кіруе хорам ужо паўтара года. Адразу пасля таго, як ёй быў давераны такі вялікі калектыў творчых выкладчыкаў нашага ўніверсітэта, прыйшоў час пацвердзіць званне «народны». У гэтым конкурсе, як і пяць гадоў таму, «Родніца» атрымала дыплом ІІІ ступені сярод харавых калектываў нашай краіны, тым самым не згубіўшы ранейшых пазіцый.родница коробейко татьяна Званне «народны» хор пацвярджаў з тым рэпертуарам, які склаўся ў папярэднія гады, калі ім кіраваў майстар сваёй справы Уладзімір Зяневіч. Дарэчы, якраз Уладзімір Кузьміч прывёў з Інстытута культуры, у якім выкладае і дагэтуль, сваю студэнтку Таццяну Карабейку. Яна адразу стала хормайстарам «Родніцы».
Таццяна памятае, як у свае 22 гады яна без кіраўніка ездзіла з калектывам выступаць у Малдову. Напачатку вельмі баялася сваёй самастойнасці. Аднак справілася. Мастацкім кіраўніком і дырыжорам замест Уладзіміра Зяневіча яна стала ў свае няпоўныя 30 гадоў. І на гэты раз ёй прыйшлося самастойна рыхтаваць харыстаў да паездкі ў Балгарыю на фальклорны фестываль «Чорнае мора–2013» у горадзе Прыморску. «Родніца» вярнулася з Балгарыі з абсалютнай перамогай і з гран-пры фестывалю. Выкладчыкі і супрацоўнікі БДУ былі ўзнагароджаны і рознымі дыпломамі: за захаванне нацыянальнай культуры краіны, за прапаганду фальклору і г. д. Таццяна Карабейка атрымала дыплом маэстра-ды­рыжора, што можна таксама аднесці да ліку яе асабістых перамог.
Такія падзеі, як перамога ў Балгарыі, пацвяржэнне звання народнага хору вельмі акрылілі ўвесь калектыў «Родніцы» і яе мастацкага кіраўніка.
Сёння Таццяна Карабейка гаворыць пра вялікія планы хору. Ёй хацелася б, каб «Родніца» займела сваю танцавальную групу. На яе думку, варта стварыць і ўласны гурт аўтэнтычных песень. Аркестр «Родніцы», які складаецца з баяніста, скрыпача, цымбаліста, гітарыста і музыкі на бубне, па словах Таццяны Карабейкі, таксама можна пашырыць.
У «Родніцы» чакаюць новыя таленты, калі не студэнтаў, то абавязкова выкладчыкаў БДУ. Справа ў тым, што многія спяваюць у хоры з самага яго заснавання, з 1979 г. Ёсць у яго складзе і дваццацігадовыя юнакі і дзяўчаты, якія таксама цягнуцца да народнай творчасці. Усё ж такіх значна менш. З мэтай прыцягнення «свежых сіл» спевакі збіраюцца ў хуткім часе наведацца на факультэты і кафедры БДУ. Новенькімі будуць займацца асобна і сур’ёзна. Іх праслухаюць, навучаць успрымаць на слых музычныя творы, трымацца на сцэне. Многія думаюць, што для спеваў патрэбныя нейкія асаблівыя творчыя схільнасці, і вырашаюць не рызыкаваць. Аднак Таццяна Карабейка стараецца такіх пераканаць, што хор – гэта не інды­відуальныя спевы, і той, хто няўпэўнены ў сабе, заўсёды можа адчуць побач падба­дзёрвальны голас таварыша.
За апошні год у народны хор уліліся чатыры новыя спевакі. Два з іх пенсіянеры, адзін не з БДУ. Проста ён пачуў, што калектыў вя­дзе цікавае і насычанае на падзеі і творчыя здабыткі жыццё, шмат вандруе за мяжу і ў ім можна знайсці сабе сяброў. Таццяна Карабейка не супраць, каб добрая слава пра «Родніцу» распаў­сюджвалася далёка за межы нашага ўніверсітэта. Аднак, на яе думку, будзе добра, калі і супрацоўнікі БДУ таксама ацэняць усе магчымасці гэтага калектыву, які і ствараўся для іх. Развіць слых і голас таксама ніколі нікому не зашкодзіць. Паехаць у замежныя краіны, каб сябе паказаць і на другіх паглядзець, зноў жа справа прыстойная.
За апошнія гады «Родніца» пабывала ў Італіі, Грэцыі, Турцыі, Польшчы, Літве і Латвіі. Пасля перамогі ў Балгарыі ў мінулым годзе яе запрасілі выступіць у Македоніі. Такім чынам, у жніўні гэтага года калектыў зноў чакаюць прыгоды.
Ганна ЛАГУН

родница бгу

print

Вам таксама можа спадабацца: