21 чэрвеня. Завяршаецца падрыхтоўка да святкавання 20-й гадавіны Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Разгарнулася выстава навуковых прац.
За 20 гадоў універсітэт падрыхтаваў 5240 спецыялістаў. Напярэдадні вайны ў БДУ дзейнічала 6 факультэтаў і 33 кафедры. Педагагічную і навуковую працу вялі 17 прафесараў, 41 дацэнт, 42 старшыя выкладчыкі, 28 выкладчыкаў, 23 асістэнты. З іх 60 чалавек – выпускнікі БДУ. У аспірантуры навучаліся 60 чалавек. Яе скончылі 98 чалавек. З 1937 па 1941 гг. 39 выпускнікоў БДУ абаранілі кандыдацкія дысертацыі.
З успамінаў прафесара БДУ акадэміка М.М. Нікольскага: “З пачатку чэрвеня 1941 г. мінскія навуковыя работнікі перажывалі дні радасных клопатаў — падрыхтоўку імпрэзы 20-летніх угодак БДУ. Партыя і Ўрад расцэньвалі гэты юбілей як свята вялікай культурнай перамогі не толькі Беларусі, але і ўсяго Савецкага Саюза.
Дзень імпрэзы прызначылі на 29 чэрвеня, і падышлі апошнія, самыя гарачыя дні… Мяне папрасілі напісаць артыкул пра юбілей БДУ для “Праўды”. Каля 12 гадзін дня ён быў скончаны, і я з палягчэннем слухаў дзённы выпуск “апошніх вестак”. Раптам раздаліся словы дыктара: “Увага! Увага! Выступ таварыша Молатава!”. Усё ў хваляванні і трывозе збегліся да апарата. “…Нахабны разбойніцкі напад Гітлера…* Вайна без аб’явы вайны… наша справа правая, перамога будзе за намі!”. Ужо 24 чэрвеня Мінск палаў, пачынаючы з галоўнай Савецкай вуліцы. Жыхары або сыходзілі з горада, або хаваліся па скляпах. Увечар 25-га агонь падышоў да нашага квартала… Немцы бязлітасна і па-варварску бамбілі Мінск з паветра”.
22 чэрвеня. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. У першыя дні вайны 450 студэнтаў і выкладчыкаў БДУ з’явіліся ў прызыўныя пункты.
28 чэрвеня. Нямецка-фашысцкія захопнікі акупавалі Мінск.
З дакладной цыдулкі надзвычайнай дзяржаўнай камісіі пра рабаванне і разбурэнні ўніверсітэта. Старшыня прафесар М. Макушок “Універсітэцкае мястэчка было заняты немцамі 29 чэрвеня 1941 г. У біялагічным корпусе змяшчаўся спачатку штаб войска, а потым — камісар горада і вобласці Кайзер. Медыцынскі корпус і стары [корпус] Інстытута народнай гаспадаркі пасля [сыходу] вайскоўцаў занялі гестапа, СД і іншыя, а фізмат — чыгуначная сувязь”.
Чэрвень. Супрацоўнікі ўніверсітэта А. В. Вязовіч, Я. М. Зубковіч, З. Завістовіч, А. К. Ціток і інш. пры дапамозе праф. М. А. Прыляжаева перавезлі частку кніг бібліятэкі, экспанатаў заалагічнага музея, архіва ў дом па вуліцы Віцебскай для захавання на перыяд вайны.
1943 год
Студзень. СНК БССР звярнуўся ў СНК СССР з хадайніцтвам наконт аднаўлення дзейнасці БДУ для развіцця нацыянальнай культуры і навукі.
16 лютага. У Маскву быў выкліканы П. П. Савіцкі, які працаваў дырэктарам Ніжнетагільскага педінстытута і быў адноўлены на пасадзе рэктара БДУ.
15 мая. Саўнаркам СССР прыняў пастанову «Пра аднаўленне працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта».
11 кастрычніка. БДУ распачаў працу на ст. Сходня Кастрычніцкай чыгункі. Галоўны вучэбны корпус размясціўся ў будынку школы, а выкладчыкі і студэнты – у 40 дачных доміках. Частка студэнтаў займалася ў будынку Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Да вучобы на гістарычным, філалагічным, біялагічным, геаграфічным, фізіка-матэматычным, хімічным факультэтах прыступілі 289 студэнтаў. Заняткі вялі 40 выкладчыкаў.
З кнігі “Памяць і слава”. БДУ: “Паведамленне пра ўзнаўленне дзейнасці БДУ, апублікаванае ў “Правде” і “Учительской газете”, выклікала шырокі водгук сярод беларускай моладзі на ўсёй неакупаванай частцы СССР. За кароткі тэрмін было пададзена некалькі соцень заяў з просьбай аднавіць вучобу ва ўніверсітэце. Дзякуючы агульным намаганням, рэктарат БДУ здолеў узнавіць старэйшыя курсы і нават зрабіць набор на І курс усіх шасці факультэтаў. Зроблена была вялікая праца па ўкампектаванні ўніверсітэта і выкладчыкамі. Многія вучоныя МДУ чыталі лекцыі для студэнтаў БДУ.”
25–26 снежня. У Маскве ў зале Маскоўскай кансерваторыі адбылося ўрачыстае пасяджэнне навуковага савета БДУ, прысвечанае 25-годдзю БССР.
1944 год
Студзень. Прафесарска-выкладчыцкі склад універсітэта налічвае 4 акадэмікі, 18 прафесараў і 24 дацэнты, а ўсяго 65 чалавек. У зімовую сесію 15 % студэнтаў БДУ здалі іспыты толькі на «выдатна», 21 % – на «выдатна» і «добра». Нездавальняльныя адзнакі па асобных прадметах атрымалі 39 % студэнтаў.
3 ліпеня. Войскі 1-га і 3-га Беларускіх франтоў вызвалілі сталіцу Савецкай Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Канец ліпеня. У Мінск са ст. Сходня вярнулася першая група студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта колькасцю 75 чалавек для падрыхтоўкі будынкаў да заняткаў.
З успамінаў студэнткі хімфака Г. А. Лазеркі: “Мінск убачыла ў жудасным стане, адныя разбурэнні. Аднаўлялі ўцалелі двухпавярховы корпус фізмата, рыхтавалі інтэрнат па вул. Няміга, 21, вызвалялі разбураны хімфак ад сплаўленых на вогнішчы коек нямецкага шпіталя. На уцалелых агароджах, сценах адныя надпісы: “Узновім цябе, родны Мінск”. Насупраць сучаснага галоўнага корпуса стаяў будынак, дзе размяшчаўся СС. Тут загінуў студэнт ІІ курса хімфака Жорж Фалевіч. З падпольнай групы засталася адна Ніна Ярмоленка, мая аднакурсніца. Сцены будынка усеяны надпісамі “Адпомсуціце за нас”, “Мы паміраем за Радзіму”, “Не вынес катаванняў але не выдаў”. Убачыўшы гэта мы страцілі спакой і сон. Вокны Дома ўрада заклеены крыж-накрыж палоскамі. У разбітым горадзе няма святла і вады…”
11 жніўня. У Мінск у дапамогу прыбыла другая група студэнтаў колькасцю 26 чалавек.
З успамінаў сакратара парткама БДУ Івана Мележа: “Хуценька выгрузіліся і раскінулі сваё селішча побач з вакзалам пад дахам высокага і доўгага драўлянага нямецкага вайсковага склада, паперу з якога мы пазней сталі выкарыстоўваць для сшыткаў пад канспекты. Засяліліся ў барак былоў чыгуначнай аховы, што быў побач. У нашым двары выклікаў у ва ўсіх асаблівае пачуццё горычы свежы, абнесены прыгожай агароджай магільны грудок з надпісам на драўляным слупку: палкоўнік У.Л.Кргузалаў (1896.12.07–1944) Герой Савецкага Саюза. Пазней мы даведаліся, што пахаваны ў нашым універсітэцкім двары быў ураджэнец Ленінграда, расіянін, высокакваліфікаваны спецыяліст ваенна-інжынерных войскаў (праз 30 год на гэтым месцы будзе ўзведзены мемарыяльны абеліск загінулым супрацоўнікам і студэнтам БДУ – заўв. Рэд.). Эпіцэнтрам БДУ стаў ацалелы двухпавярховы цагляны корпус фізмата (сённяшні рэктарат). У гэтым невялічкім доме, як у казачнай рукавічцы мышкі-нарушкі, абсталявалі некалькі аўдыторый, сабралі сціплую бібліятэку, якой загадвала Р.Г. Любіна, клапатлівы спецыяліст сваёй спправы, размясцілася адміністрацыя і рэктарат, адгарадзілі пакойчык для халастых выкладчыкаў і аспірантаў, утварылі і ўпрыгожылі невялікую актавую залу…”
15 жніўня. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР званне Героя СССР прысвоена выпускніку ўніверсітэта В. А. Парахневічу. 1 верасня. Створаны факультэт журналістыкі.
Кастрычнік. Пачаліся рэгулярныя заняткі на 7 факультэтах. У 1945/46 навуч. г. з 895 студэнтаў 121 быў дэмабілізаваны з шэрагаў Чырвонай Арміі, 76 з’яўляліся ўдзельнікамі партызанскага руху. Праз год ва ўніверсітэце навучалася болей за 300 былых франтавікоў і партызан.
Пачала працаваць універсітэцкая бібліятэка. ВНУ Масквы, Ленінграда і іншых гарадоў падарылі бібліятэцы БДУ каля 25 тыс. кніг.
Званне заслужанага дзеяча навукі БССР прысвоена Ц. М. Годневу, М. Е. Макушку, К. М. Міцкевічу (Якубу Коласу), У. М. Перцаву.
1945 год
24 сакавіка. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР званне Героя Савецкага Саюза прысвоена выпускніку ўніверсітэта М. П. Катлаўцу (пасмяротна).
9 мая. Дзень перамогі над фашысцкай Германіяй.
19–23 мая. Адбылася навуковая сесія БДУ, прысвечаная аднаўленню працы ўніверсітэта ў Мінску і ўдзелу яго супрацоўнікаў і студэнтаў у аднаўленні народнай гаспадаркі БССР.
Снежань. Пачаўся першы паваенны навучальны год у аспірантуры БДУ.
Даваенная навучальна-навуковая і вытворчая база ўніверсітэта была ў асноўным адноўлена толькі ў канцы 1950 г. У той час ва ўніверсітэце на 35 кафедрах працавалі 170 выкладчыкаў (з іх 14 прафесараў і 60 дацэнтаў), на 6 факультэтах навучалася болей за 1700 студэнтаў.