Шэсць праектаў распрацавалі студэнты БДУ ў рамках працы новага цэнтра інавацыйных ідэй і праектаў Start-Up БДУ.
Гаворка пра «Крэатыў-маркет», Be Here, Internet-BSU, турыстычны партал «Невядомая Беларусь», студэнцкае сацыяльна-арыентаванае рэкламнае агенцтва Showy і «Стварэнне і прасоўванне турыстычнага цэнтра на базе в. Прылукі».
Прэзентацыя і абарона прац адбылася 26 мая падчас урачыстай цырымоніі ўручэння сертыфікатаў першым слухачам цэнтра Start-Up. Узнагароджаны былі 19 студэнтаў нашага ўніверсітэта, якія паспяхова завяршылі шасцітыднёвае навучанне і прадставілі дыпломныя праекты. Пры гэтым аўтарам ідэй «Крэатыў-маркет», Internet-BSU і «Невядомая Беларусь» у гэты ж дзень паступіла прапанова ад першага прарэктара БДУ Міхаіла Жураўкова ўкараніць гэтыя распрацоўкі на базе ўніверсітэта. Гэты выбар абумоўлены навізной, перспектыўнасцю і арыгінальнасцю праектаў.
Так, паводле «Крэатыў-маркету» прапануецца адчыніць краму сувенірнай прадукцыі па вытворчасці студэнтамі эксклюзіўных і ўнікальных рэчаў. Мяркуецца таксама, што тут выконваліся б і спецзаказы. Пры гэтым прапанаваны асартымент вырабаў вельмі вялікі: ад аксэсуараў да вопраткі.
Паводле адукацыйнага праекта Internet-BSU будзе ажыццяўляцца комплекс мерапрыемстваў па ўкараненні ў навучальна-выхаваўчы працэс БДУ найноўшых тэхналогій. У прыватнасці, гаворка ідзе пра развіццё дыстанцыйнага навучання ў ВНУ.
А ініцыятары стварэння турыстычнага партала «Невядомая Беларусь» зацікаўлены ў прыцягненні турыстаў у нашу краіну і павышэнні яе прывабнасці не толькі сярод замежнікаў, але таксама і сярод суайчыннікаў. Асаблівасцю гэтага партала стала б яго шматфункцыянальнасць, якая заключаецца ў інфармаванні, падборы турыстычных тураў, прыцягненні замежных гасцей, супрацоўніцтве з партнёрамі і інш.
Адзначым, што кожны з прапанаваных бізнес-планаў складзены на вельмі высокім узроўні. Яны забяспечаны кароткай характарыстыкай праекта, аналізам галіновага рынку, апісаннем стратэгій маркетынгу, падрабязным планам рэалізацыі і чаканых вынікаў, паказчыкамі эфектыўнасці і выдаткаў. Як заўважыў кіраўнік стартап-цэнтра Міхаіл Жураўкоў, дадзеныя праекты могуць скласці сур’ёзную канкурэнцыю ў розных рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах стартап-руху.
Наталля РАМАНАВА, каардынатар цэнтра Start-Up БДУ
Фотарэпартаж з прэзентацыі і абароны прац новага цэнтра інавацыйных ідэй і праектаў Start-Up глядзіце тут