Арганізацыйны збор удзельнікаў міжнароднай праграмы «Эразмус Мундус» адбыўся 2 чэрвеня ў будынку факультэта міжнародных адносін БДУ.
«Эразмус Мундус» – міжнародная адукацыйная праграма, накіраваная на пашырэнне патэнцыялу міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі ўніверсітэтаў Еўрасаюза і краін СНД (Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны). Праграма фінансуецца за сродкі Еўрапейскага саюза і падтрымлівае праекты, у рамках якіх арганізуюцца акадэмічныя абмены паміж ВНУ краін ЕС і СНД. У нашай краіне на сёння навучаецца каля 3000 прадстаўнікоў 44 краін, што з’яўляецца паказчыкам высокай якасці адукацыі, якая адпавядае ўсім еўрапейскім стандартам.
БДУ зараз заняты ў шасці праектах, у якіх удзельнічаюць 36 студэнтаў і выкладчыкаў. Наша краіна зноў выйграла найбольшую ў СНД колькасць грантаў на навучанне, умацаваўшы гэтым свой навуковы і адукацыйны статус. Самымі папулярнымі ВНУ сталі ўніверсітэты Таліна (Эстонія), Турку (Фінляндыя), Масарыкаў універсітэт (Чэхія). Агульная колькасць краін-удзельніц павялічылася, як і колькасць станоўчых водгукаў ад еўрапейскіх ВНУ. Спіс краін папоўнілі Эстонія і Чэхія. Упершыню стыпендыяты адправяцца ва ўніверсітэт Лімерыка (Ірландыя), універсітэт Валенсіі (Іспанія), Генцкі ўніверсітэт (Бельгія).
Збор адкрываў Аляксандр Рытаў, начальнік аддзела міжнародных праграм і праектаў БДУ. Ён павіншаваў стыпендыятаў, пажадаў ім поспехаў і заклікаў з гонарам несці сцяг сваёй краіны, умацоўваць міжнародныя сувязі і закладваць падмурак для новых праектаў. Асноўнай тэмай гэтага выступу было тое, што праграма «Эразмус Мундус» – гэта не толькі магчымасць навучання ў Еўропе, але і ў першую чаргу інструмент наладжвання супрацоўніцтва ў сферах навукі і адукацыі.
Следам ішлі прэзентацыі ад вядучага спецыяліста аддзела міжнародных праграм Вікторыі Андрэевай і метадыста аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Наталлі Басько. Яны дэталёва разгледзелі ўмовы атрымання неабходных дакументаў у кожнай асобна ўзятай краіне, завастрылі ўвагу на пошуку жылля і адказалі на пытанні стыпендыятаў. А пытанняў было шмат: ад афармлення візы і спадарожных дакументаў да ўмоў пражывання і медыцынскай страхоўкі.
Пасля збору на некалькі нашых пытанняў адказаў удзельнік праграмы «Эразмус Мундус» дацэнт механіка-матэматычнага факультэта Кірыл Кузьмін.
– Многія студэнты хочуць навучацца за мяжой, але мала хто адважваецца на гэта. Што б Вы ім параілі?
– Знайсці ў сабе смеласць. Навучанне па абмене – гэта адназначна добра. Па-першае, гэта паездка ў іншую краіну. Па-другое, гэта не так дорага, як некаторыя мяркуюць. У Фінляндыі, да прыкладу, кожны студэнт атрымлівае стыпендыю ў 550 еўра, з якіх толькі траціна сыходзіць на жыллё ў вельмі добрым пакоі. Па-трэцяе, гэты досвед высока цэніцца працадаўцамі.
– Якое стаўленне студэнтаў і выкладчыкаў за мяжой да ўдзельнікаў праграмы?
– Стаўленне еўрапейскае. Заўсёды выслухоўваюць, сапраўды імкнуцца дапамагчы. Там пачуваешся прыемна, куды б ні патрапіў.
– А калі, скажам, студэнт ці выкладчык адправіцца з сям’ёй, ці будуць для іх нейкія палёгкі на пражыванне?
– Не, не будзе. Сям’ю ўзяць можна, але аплачваць гэта трэба будзе з уласных сродкаў.
Ілья ЗУЕЎ