Вось яны, доўгачаканыя выхадныя. Так хочацца правесці іх весела і цікава. Схадзіць у кіно, пасядзець з сябрамі ў кавярні, прабегчыся па крамах… Але вось няўдача – грошай зусім няма. Не варта адчайвацца! Выйсце ёсць заўсёды.
Вядома, сон – гэта добрая справа. З яго можна і пачаць. А пасля таго, як вы добранька выспаліся, можна і пазабаўляцца. Чытанне ўлюбёных кніг ці прагляд фільма ў хатніх умовах часам ратуе ад нуды. Для тых, хто любіць займацца самаадукацыяй, ёсць мноства бясплатных анлайн-трэнінгаў і семінараў. Не варта забываць пра спорт. Уключыце музыку гучней і зрабіце пару падыходаў прысяданняў і нахілаў наперад. Не падыходзіць гэты варыянт – як наконт караоке? Запрасіце сяброў і праспявайце з імі добрыя песні. І хай суседзі стукаюць па батарэі – не бяда. Калі будзеце запрашаць сяброў, спытайце, ці не заваляліся ў іх старыя добрыя “Твістар” і “Манаполія”. За такімі гульнямі час пралятае неўзаметку. А калі няма і іх, значыць бяспройгрышны варыянт – “Кракадзіл” ці “Мафія”.
Калі ўсё ж не пакідае жаданне выйсці з дома, вывучыце ўважліва афішы. Як правіла, ёсць шмат мерапрыемстваў з вольным уваходам. Не знайшлося такіх? Вазьміце фотаапарат (ці ў крайнім выпадку на дапамогу прыйдзе ваш мабільны тэлефон) і прайдзіцеся па вуліцах у пошуках цікавых кадраў.
Застаўся вольны час? Ёсць яшчэ адзін варыянт. Ці даўно вы пісалі папяровыя лісты? Я думаю, у кожнага знойдуцца забытыя сваякі ці бабулі-дзядулі, якія не асвоілі абшары інтэрнэту. Ім будзе прыемна атрымаць ад вас вестку.
Спадзяюся, мае парады хоць троху дапамогуць вам, і адсутнасць грошай не заспее вас знянацку.
Аліна ЮДЗІНА