Поспех у працы – гэта апынуцца ў патрэбны час і ў патрэбным месцы

12 Jun, 2014.

 

захаров александр бгуНаша гутарка з начальнікам упраўлення падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі ГУН БДУ Аляксандрам ЗАХАРАВЫМ адбылася, як кажуць, па гарачых слядах, калі залу пасяджэнняў Савета БДУ асвятлілі лямпы тэлерэпарцёраў нацыянальных навінавых каналаў, а аб’ектывы камер не маглі змясціць усіх лаўрэатаў і намінантаў ХХ Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх прац.

Аляксандр Георгіевіч – той чалавек, праз рукі якога прайшлі конкурсныя працы студэнтаў з усёй Беларусі. І потым, вельмі хацелася даведацца з першых вуснаў колькасныя і якасныя характарыстыкі гэтых даследаванняў. Можа, адно з іх – прыступка да формулы, як змяніць наш свет да лепшага, ці пачатак апісання будучай Нобе­леў­скай распрацоўкі. Бо не святыя гаршкі лепяць!
– Аляксандр Георгіевіч, якія праекты пераважалі на ХХ Рэс­публіканскім конкурсе навуковых студэнцкіх прац: прыкладныя, скіраваныя на прак­тычнае рашэнне тэхнічных і сацыяльных праблем, ці фундаментальныя – чыстая навука, якая мае на ўвазе тэарэтычныя і эксперыментальныя даследаванні?
– Для пацвярджэння практычнай значнасці да 3817 прац, прадстаўленых на рэспубліканскі конкурс, было прыкладзена больш за 4800 актаў укараненняў у вытворчасць і навучальны працэс, каля 140 патэнтаў і заявак на патэнт. Грунтуючыся на гэтых лічбах, можна выказаць здагадку, што пераважалі працы, якія маюць практычную скіраванасць.
– Кожная перамога – гэта нагода даказаць самому сабе, што вы на правільным шляху. Аднак не ўсе даходзяць да навуковага прызнання. Што б Вы маглі параіць і пажадаць студэнтам, якія толькі спрабуюць свае сілы на ніве навуковых пошукаў?
– Каб даць карэктны адказ на Ваша пытанне, неабходна вызначыць паняцце «навуковае прызнанне». Што гэта: Нобелеўская прэмія; перамога ў конкурсе, публікацыя навуковага артыкула, на якую спасылаюцца іншыя навукоўцы, прапанова ад навуковага кіраўніка студэнта паступаць у аспірантуру, абарона дысертацыі і г. д.? Улічваючы свой асабісты досвед, магу сказаць, што ўсе, хто шмат, зацята і з цікавасцю працуе, заўсёды дамагаюцца вызначаных поспехаў. Найбольш надзейны шлях да высокіх дасягненняў у навуцы – гэта, галоўным чынам, патрапіць да навуковага кіраўніка. Да таго навукоўца, які прадстаўляе навуковую школу, дзе стабільна абараняюць дысертацыі, публі­куюцца ў вядучых навуковых замежных і айчынных выданнях, удзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях і выставах.
– Пытанне, Аляксандр Геор­гіевіч, асабістае. Існуе меркаванне, што мужчына, які дамагаецца поспехаў у навуцы ці кар’еры, чымсьці павінен ахвяраваць. А ці хапае сіл і часу Вам, кандыдату фізіка-матэматыч­ных навук, на тое, што вызначае прыватнае жыццё?
– Пагадзіцеся, што поспех для генія, талента і звычайнага чалавека можна вызначыць па-рознаму. Некаторыя людзі вызначаюць поспех як скачок вышэй за свае магчымасці… і завісанне на гэтым узроўні. Гэты нестабільны стан. На яго падтрымку ўвесь час марнуецца энергія, што, як правіла, шко­дзіць развіццю чалавека ў іншых кірунках. На мой погляд, дамагчыся поспеху ў працы – гэта апынуцца ў патрэбны час і ў патрэбным месцы, дзе твае таленты стануць запатрабаванымі і будуць удасканальвацца на карысць табе і навакольным. У гэтым выпадку ахвяры па іншых кірунках развіцця чалавека будуць мінімальнымі.
Усё вакол увесь час змяняецца, жыццё становіцца больш інтэн­сіў­ным і насычаным. Для таго, каб у гэтых умовах хапала часу на ўсё, неабходна прадбачыць развіццё падзей і своечасова прымаць адэкватныя дзеянні. Напрыклад, у мяне ёсць 8 дакументаў інтэлектуальнай уласнасці, атрыманых за час працы ў адміністрацыі БДУ. Гэта электронныя базы даных, аўтаматызаваныя сістэмы фарміравання дакументаў і падтрымкі прыняцця рашэнняў. Укараненне не вельмі складаных тэхнічных рашэнняў дазваляе мне і маім калегам затрачваць працоў­нага часу ў 10, а то і 1000 разоў менш пры выкананні вызначаных аперацый. Таму, калі на нас «звальваюцца» чарговыя новыя функцыі, мы гатовыя да іх выканання.
Гутарыла
Жанна ВАСАНСКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: