У беларускай адукацыі ізноў мадэрнізацыя

30 Jun, 2014.

как вариант

Сучасныя рэформы ў адукацыі былі абмеркаваны 19 чэрвеня на чарговым навукова-метадалагічным семінары «Актуальныя праблемы навукі, адукацыі і культуры». На ім выступілі загадчык кафедры праектавання адукацыйных сістэм РІВШ Анатоль МАКАРАЎ і дацэнт біялагічнага факультэта БДУ Дзмітрый Сандакоў.

Кампетэнтасны падыход
Праблемы стандартызацыі вышэйшай адукацыі Беларусі былі падрабязна разгле­джаны ў дакладзе прафесара Анатоля Ма­карава. Ён нагадаў, што з 2013–2014 года ва ўніверсітэтах нашай краіны пачаў рэалі­зоўваецца адукацыйны стандарт вышэйшай адукацыі трэцяга пакаленння, што, як і другі, улічвае апроч глабальных тэндэнцый і  рэгіянальны вопыт стварэння еўрапейскага асяроддзя вышэйшай адукацыі (балонскія рэформы).
З найлепшых еўрапейскіх адукацыйных практык беларускія стандарты запазычылі кампетэнтнасны падыход у навучанні. У бела­рускіх адукацыйных стандартах вы­лучаны тры групы сучасных кампетэнцый: акадэ­мічныя, сацыяльна-асобасныя і пра­фесій­ныя. Сёння акцэнт робіцца на самастойнае засваенне студэнтам ведаў і фар­міраванне ў яго навыкаў вырашэння сацыяльных і прафесійных праблем. Акрамя гэтага маецца на ўвазе развіццё асобасных якасцяў выпускніка, які здольны генераваць новыя ідэі, працаваць у камандзе, уза­ема­дзей­нічаць у сацыяльным асяроддзі, вучыцца на працягу ўсяго жыцця, выт­рым­ліваць крытыку і г. д.

Акадэмічная рэвалюцыя
Глабальныя тэндэнцыі накладваюць асаблівы адбітак на рэфармаванне і ма­дэр­нізацыю нацыянальных сістэм вышэйшай адукацыі. Па словах прафесара Макарава, зараз універсітэтам прыходзіцца актыўна рэагаваць на такую комплексную праблему, як «акадэмічная рэвалюцыя». Яшчэ на другой Сусветнай канферэнцыі па вышэйшай адукацыі (Парыж, 2009 г.) было заўважана, што сярод тэндэнцый, якія вызначаюць «акадэмічную рэвалюцыю», на першы план выступае масіфікацыя вышэйшай адукацыі. На канферэнцыі прыводзілася, што працэнт моладзі ў трацічнай (вышэйшай) адукацыі ўзрос з 19 % у 2000 г. да 26 % у 2007 г.
Анатоль Васіль­евіч гаворыць пра выбуховы характар ма­савасці вышэйшай адукацыі як за мяжой, так і ў Беларусі. Гэта праяўляецца не толькі ў хуткім росце колькасці студэнтаў у трацічнай адукацыі, але і ў павелічэнні разнастайных дывер­сіфікаваных формаў, відаў і тэрмінаў у атрыманні вышэйшай адукацыі. Калі ў 2005/2006 навуч. г. вышэйшай адукацыяй было ахоплена 47,9 % беларускай моладзі, то ў 2012/2013 навуч. г. – ужо 72,8 %. У 2013/2014 навуч. г. у ВНУ Беларусі навуча­лася 395,3 тысячы студэн­таў (418 студэнтаў на 10 тысяч жыхароў). Беларусь дзякуючы гэтым паказчыкам зраўнялася з Іспаніяй і перавысіла па­казчыкі Францыі, Венгрыі і Італіі. На думку Анатоля Васільевіча, такая масіфікацыя вя­дзе да рэзкага зніжэння якасці падрыхтоўкі студэнтаў. І ў выніку, да падзення прэстыж­насці, статусу вышэйшай адукацыі, у тым ліку па традыцыйна важных для дзяржавы спецыяльнасцях.

Ступеньчатая падрыхтоўка
Сярод іншых глабальных і еўрапейскіх тэндэнцый рэфармавання і мадэрнізацыі сістэм вышэйшай адукацыі, якія ўплываюць на адукацыйны працэс у Беларусі, прафесар назваў ступеньчатасць вышэйшай адукацыі ў адказ на масіфікацыю. Эха Балонскага працэсу ў нашай краіне на сёння адлюстравана ў беларускай мадэлі ступеньчатай падрыхтоўкі выпускнікоў ВНУ: спецыялітэт з дыферэнцыяваным тэрмінам падрыхтоўкі (4; 4,5; 5 гадоў) + магістратура (1–2 гады). Як расказаў Анатоль Васільевіч, зараз падчас унясення карэкціровак у дзейны Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь разглядаецца варыянт ператварэння спецыялітэта ў бакалаўрыят з тэрмінамі падрыхтоўкі 4; 4,5; 5 гадоў. Чакаецца, што гэта будзе сугучна з класіфікацыямі вышэйшай адкацыі ў краінах Балонскага працэсу.

Інавацыйная мадэль
У апошнія два дзесяцігоддзі ў дакументах ЮНЕСКА і Балонскага працэсу пазначана праблема парадыгмы студэнтацэнтрызму. Яе сутнасць у тым, што ў цэнтры навучальнага працэсу апынаецца студэнт з яго здольнасцямі да самастойнага здабывання і асэнсавання ведаў, выбарам сваіх асобасна-адукацыйных траекторый, фарміраваннем практыка-арыентаваных навыкаў. Выкладчык жа ў гэтым выпадку выступае ў ролі настаў­ніка, кансультанта, памочніка студэнта.
У дакладзе Макарава была закранута і праблема масавага ўкаранення інавацый­ных адукацыйных сістэм і тэхналогій у навучальны працэс.
Ва ўстановах вышэйшай адукацыі Бела­русі паступова рэалізуецца інавацыйная адукацыйная мегасістэма, або мадэль. Яна ўключае ў сябе такі «лінейны шэраг», як адукацыйныя стандарты новага пакалення па канкрэтных спецыяльнасцях, навучальныя праграмы новага пакалення тыпу «наві­гатар», мадэль кіраванай самастойнай ра­боты студэнтаў, сістэму дыягностыкі кампетэнцый студэнта-выпускніка.
Напрыканцы загадчык кафедры праектавання адукацыйных сістэм РІВШ спрагна­заваў і некаторыя вектары мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў Бела­русі на пяць гадоў. На яго думку, у нашай краіне не за гарамі той час, калі з’явяцца гнуткія «рамачныя» стандарты, прыкладныя навучальныя планы і праграмы, крэдытна-модульная пабудова навучальных планаў замест цыклавай пабудовы, дыверсі­фіка­ваныя адукацыйныя праграмы, фонды ацэначных сродкаў, уз­моц­ніцца студэнтацэнтрызм.
Ганна ЛАГУН

научно-методологичный семинар «Актуальные проблемы науки,образования и культуры»

print

Вам таксама можа спадабацца: