Як я патрапіў у Венгрыю? Проста ўзяў і падняў руку

19 Jun, 2014.

pbhkbhuo_rc
Вы любіце новыя магчымасці? Ведаеце замежную мову і жадаеце паспрабаваць сябе ў навучанні за мяжой? Толькі чулі пра стажыроўкі, і не ведаеце, з чаго пачаць? Упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю запусціла праект “Магчымасці з БДУ”!

Вы даведаецеся шмат карыснай інфармацыі ад студэнтаў, якія ўжо атрымалі гранты на навучанне за мяжой і гатовыя распавесці пра цяжкасці, радасці і свае ўражанні. Ім ёсць што сказаць, нам ёсць што спытаць :) Выкарыстайце студэнцкі час максімальна карысна! Прапануем вашай увазе цікавае і мудрае інтэрв’ю са студэнтам 4 курса геаграфічнага факультэта. Яго завуць Шкабара Раман (http://vk.com/ramanshkabara).

XoQdoCpNzGw

Добры дзень, Раман. Дзякуем за жаданне падзяліцца ўражаннямі і досведам. Пачнём з пытанняў “Што? Дзе? Калі?” Што праходзіце, дзе знаходзіцеся?

Раман: Добры дзень, з радасцю, распавяду, што ведаю. У дадзены момант праходжу гадавую стажыроўку ў Corvinus University of Budapest, Венгрыя, 2013/2014. Праграма завецца Visegrad Fund Scholarship for the Eastern Partnership.

19BEGImys1U

Распавядзіце, як Вы даведаліся пра праграму?

На адным з семінараў у БДУ прафесар зрабіла аб’яву: “Ахвотныя паспрабаваць сябе ў вучобе за мяжой з поўнай стыпендыяй падніміце рукі. Я ўзяў і падняў. Усё проста, як бачыце”.

Прасцей не прыдумаеш :) Раней нават не задумваліся пра такую магчымасць?

Насамрэч, ідэя прыйшла нашмат раней. А менавіта, пасля першага ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі за мяжой. Калі бачыш адкрытых, разумных, вясёлых, адукаваных людзей у адным месцы, ты параўноўваеш іх узровень са сваім уласным і разумееш, што значна прайграеш, выбар адбываецца як быццам без твайго ўдзелу. З гэтага моманту старыя адгаворкі, якія спыняюць любы рух наперад, накшталт: няма часу, грошай, ведання англійскай – больш не працуюць. З гэтага моманту гэта твая мэта.

p2yElv8ZE6M

І на шляху да мэты не было ніякіх перашкод? Асабліва цікавыя асабістыя перажыванні, асцярогі або, магчыма, страхі перад новай краінай.

Бадай, не было як такіх. Калі ты баішся, значыць, ты не ўпэўнены ў сабе. А калі ты не ўпэўнены ў сабе, значыць, ты абмяжоўваеш прастору сваіх дзеянняў і замест 100 адсоткаў магчымасцяў выкарыстаеш прыкладна 60. Пакінутыя 40 закрытыя на замок залішняй сарамлівасцю і бояззю быць няправільна зразуметым. Людзі самі ствараюць свае страхі з прычыны магчымай няўдачы задуманага, ілжывай боязі дарагоўлі вучобы за мяжой і ілюзіі ўяўнай геніяльнасці людзей, якім удаецца гэта зрабіць. У рэальнасці ж усе тыя, хто навучаецца за межамі Беларусі, такія ж звычайныя людзі, як і мы з Вамі. Адзінае, што іх адрознівае – гэтае выразнае бачанне сваёй мэты і мэтанакіраваны рух да яе.

Страху да новага месца жыхарства і новага становішча я ніколі не меў. Хутчэй наадварот, гэта было тым, чаго я імкнуўся дасягнуць. Калі ты прадстаўлены сам сабе, калі ўсе твае знаёмыя знаходзяцца ў аддаленасці, у іншай кропцы Зямлі, гэта выпрацоўвае звычку дзейнічаць хутка і самастойна, ніколі не адкладаючы нічога на потым. Ёсць праблема – ідзеш і вырашаеш яе, бо з часам яна не вырашыцца сама сабой. Стала сумна – ідзеш і знаходзіш сабе кампанію, а не чакаеш, пакуль хтосьці пастукае ў дзверы і прапануе табе схадзіць у бар. Тут выснова: усё тое, чаго ты дасягнуў, – гэта вынік дзеянняў, якія ты распачаў у мінулым. Усё проста. Так што дзейнічайце адважней.

68FPNFCkK4w

Як справы з замежнай мовай? Бо трэба ж не толькі камунікаваць, але і навучацца на англійскай.

Веданне або няведанне англійскай мовы не іграе вялікай ролі пры вучобе за мяжой. У маім выпадку дакументы на ўдзел у праграме я падаваў папярэдне перакладаючы іх у google translate. Усяго праз паўгода я ўжо вольна размаўляў на любыя тэмы, нават пры ўмове, што Венгрыя не англамоўная краіна.

Пагаворым, да чаго трэба быць гатоваму ахвотнаму прайсці стажыроўку за мяжой. Пра цяжкасці, з якімі можна сустрэцца?

Мне заўсёды было складана адказваць на гэтае пытанне. Для кагосьці цяжкім выпрабаваннем будзе ўстаць з канапы, а для кагосьці крос – лёгкая размінка. Але, мусіць, не скажу нічога новага: асноўная складанасць – гэта папяровая цяганіна пры афармленні дакументаў як у Беларусі, так і ў Венгрыі. Абіванне парогаў дзвярэй службоўцаў у чаканні пячатак і подпісаў з часам становіцца звыклай справай.

Гэтыя этапы былі паспяхова пройдзеныя. Такім чынам, як кажуць, Вы спусціліся з трапа самалёта і… Як яна, Венгрыя?

У маім выпадку спусціўся “з цягніка рэгіянальных ліній эканомкласа”. Пералёт “Белавіяй” – недазваляльная раскоша для студэнта. Першы тыдзень быў выдаткаваны на адаптацыю да іншай краіны, мясцовых асаблівасцяў паводзін і жудасна цяжкай з першага погляду венгерскай мове.

75l7-jf0NQw

Гатовыя параўнаць адукацыйную сістэму Беларусі і Венгрыі?

Асноўнае адрозненне венгерскай адукацыі абумоўленае ўдзелам гэтай краіны ў Балонскім працэсе. Крэдытная сістэма дазваляе мясцовым студэнтам вучыцца 4 дні ў тыдзень, пятніцу адводзіць на самападрыхтоўку. Субота і нядзеля, як і мае быць, выхадныя. Пасля навучання ёсць магчымасць уладкавацца на працу ў такія найбуйнейшыя транснацыянальныя карпарацыі, як Morgan Stanley, OTP bank, Vodafone, P&G etc. Калі вы навучаліся за кошт сродкаў бюджэту, адпрацоўка абавязковая, так што не думайце, што такое існуе толькі ў Беларусі.

Але асноўны момант, які дагэтуль для мяне застаецца не адказаным – гэта альбо венгерская адукацыя настолькі лёгкая, альбо беларуская настолькі моцная, але пасля пары гадоў вучобы ў БДУ пачуваешся на галаву вышэй за мясцовых студэнтаў, калі цяжкія рэчы для іх па сутнасці банальныя для цябе.

Дзякуй за цікавы экскурс! Якія планы на будучыню?

Далей 2 сесіі запар. За задавальненне трэба плаціць, як бачыце. Але гэта таго варта.

Традыцыйныя словы пра БДУ, Раман.

Я задаволены, што выбраў менавіта нашу ВНУ. Вучоба ў БДУ ў любым выпадку найлепшая магчымасць, якую вы можаце ўзяць ад беларускай адукацыі.

Вельмі важна пачуць параду, зыходзячы з пройдзенага досведу, астатнім студэнтам.

30 штампаў у пашпарце, сотні новых знаёмстваў, незлічоная колькасць прыемных успамінаў. І усё гэта троху больш чым за паўгода. Думаеце, што можаце паўтарыць гэта? Я ўпэўнены, што можаце! І нават перасягнуць. Проста зрабіце першы крок.

*Усе адказы былі напісаныя на старой вежы дзесьці пасярод Дынарскіх гор.

Размову вяла Наталля КАПАЦЭВІЧ, метадыст УВРМ

Пазнаёміцца з іншымі расповядамі пра замежныя камандзіроўкі студэнтаў БДУ можна ў раздзеле “Спецпраекты”

kW724CkxS2s

B5Zwez01ENM

7zkgm9y6iG0

 

print

Вам таксама можа спадабацца: