Прэзентуем уласную справу

12 Jun, 2014.

 

бгу Открытие чемпионатаКаманды Цэнтра сістэмных даследаванняў праблем моладзі эканамічнага факультэта БДУ ў складзе выпускнікоў «Школы прадпрымальніцтва і менеджменту для моладзі. Уласная справа» ўдала выступілі на VI міжнародным чэмпіянаце «Моладзь у прадпрымальніцтве».

Чэмпіянат праводзіўся ў рамках XI Гомельскага эканамічнага форуму–2014. Дарэчы, ён быў уключаны ў комплекс захадаў па рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі гэтага года.
«Моладзь у прадпрымальніцтве» – гэта міжнародная студэнцкая праграма, якая дае магчымасць студэнцкім камандам і не толькі выступіць з цікавымі бізнес-праектамі, праектамі ў сацыяльнай сферы і сферы адукацыі. Яна дапамагае юнакам і дзяўчатам прыцягнуць да сваіх ідэй увагу інвестараў і грамадскасці.
Выступленне камандаў на чэмпіянаце ацэньвалася па пяцібальнай сістэме.
Каманда студэнтаў «БДУ-1» прадставіла на суд журы тры бізнес-праекты: кампанію Hot Hat Studio, арганізацыю паломніцкіх вандровак «Кірые элейсон», дастаўку здаровага харчавання Health is Weight. Усе тры бізнес-праекты нашых студэнтаў перамаглі ў намінацыі «Чыста бізнес», бо былі падмацаваны эканамічнымі і фінансавымі разлікамі, чаго не назіралася ў іншых удзельнікаў чэмпіянату.
Напрыклад, Міхаіл Падшывадлаў з 2 курса гуманітарнага факультэта, які з’яўляўся капітанам каманды «БДУ-1», распрацаваў бізнес-праект Hot Hat Studio. Вэб-студыя, якая павінна быць створана згодна з гэтым праектам, мае намер прапаноўваць паслугі інтэрнэт-маркетынгу іншым прадпрыемствам у Мінску, Беларусі і за мяжой. Галоўным яе прадуктам стане вэб-сайт, а сумежнай паслугай – яго прасоўванне ў інтэрнэце. У працэсе працы над бізнес-праектам Міхаіл высветліў, што сёння рынак вэб-студый у Мінску налічвае каля 180 кампаній. Акрамя вэб-студый, на рынку існуюць і фрылансеры. Таму за важны фактар пры пазіцыянаванні канкурэнтаў ён палі­чыў кошт сайта. Студэнт разлічыў прыкладны кошт стварэння сайта сваёй вэб-студыяй, а таксама мінімальны кошт яго прасоўвання. Склаў ён і фінансавы план рэалізацыі ідэі на пяць гадоў. На думку Міхаіла Падшывадлава, хутка большасць пакупак у нашай краіне, у тым ліку і прадуктаў, будзе ажыццяўляцца праз інтэрнэт, а прадпрыемствы і арганізацыі не змогуць сябе ўявіць без уласнага сайта. Таму яго ідэя павінна зацікавіць інвестараў.
Каманда навучэнцаў сярэдніх школ і гімназій «БДУ-2» таксама прывезла ў Гомель тры бізнес-праекты: арт-галерэю Focus, кампанію «Бел–Лог», СТА «Свой гараж». Аляксандра Дзесюкевіч і Анастасія Гарбацэвіч, вучаніцы 10 А класа Заслаўскай гімназіі, сумесна распрацавалі бізнес-праект арт-студыі Focus, які прадугледжвае адкрыццё арт-галерэі. Дзяўчаты збіраюцца атрымаць прыбытак ад арганізацыі выстаў, правядзення сямейных забаўляльных мерапрыемстваў, жывой музыкі і вечарын, кіно і стэлажоў для буккросінгу. Яны лічаць сваю арт-галерэю ўнікальнай, бо ў ёй спалучаюцца крэатыў і ўтульнасць, культура, спакой і неафіцыйная атмасфера. У гэтым месцы, на погляд дзяўчат, змогуць сама­рэалізавацца таленавітыя людзі. Бізнес-праекты каманды навучэнцаў «БДУ-2» перамаглі ў намінацыі «Грамадскае прызнанне».
У выніку каманда студэнтаў «БДУ-1» заняла III месца і атрымала сярэбраны кубак сярод удзельнікаў першай лігі чэмпіянату. Каманда навучэнцаў сярэдніх школ і гімназій «БДУ-2» заняла II месца і атрымала залаты кубак сярод удзельнікаў трэцяй лігі.
За іх поспехам стаіць сур’ёзная падрыхтоўка – 144 навучальныя гадзіны на працягу года. Любоў Шумская, кіраўнік камандаў і дырэктар ЦСДПМ, гаворыць, што цэнтрам створаны ўсе перадумовы для мэтанакіраванай падрыхтоўкі прадпры­мальнай моладзі для буйных бізнес-кампаній. Цяпер праграмы навучання ў «Школе прад­прымальніцтва і менеджменту для моладзі. Уласная справа» будуць карэктавацца і пад бізнес-партнёраў. На яе думку, у гэтым выпадку павінна змяніцца і сама матывацыя слухачоў школы, якія пачнуць адчуваць сваю запатрабаванасць у біз­нес­менаў.
Ганна ЛАГУН

print

Вам таксама можа спадабацца: