«Я сучасны выкладчык вядучай ВНУ» – па такой навучальнай праграме ў школе развіцця кампетэнцый прайшлі падрыхтоўку каля 100 выкладчыкаў БДУ ва ўзросце да 35 гадоў. Усяго ва ўніверсітэце працуе каля 500 маладых выкладчыкаў, якім патрэбныя веды для сваёй прафесійнай дзейнасці.
«Раней у БДУ ўжо быў рэалізаваны праект школы лідара, – расказала нам начальнік упраўлення кадраў Наталля Няпеўная. – Аднак ён прызначаўся толькі для тых выкладчыкаў, якія занесены ў рэзерв кіраўнічых кадраў. Таму было прапанавана арганізаваць навучанне не толькі для «рэзервістаў», але для ўсіх маладых выкладчыкаў універсітэта, і пажадана выязное».
Школа развіцця кампетэнцый працавала ў САК «Брыганціна» ля Радашковіч з 28 па 30 мая. Праграма навучання «Я сучасны выкладчык вядучай ВНУ» дала маладым выкладчыкам практычны інструментарый для іх эфектыўнай працы. Яны вучыліся спраўляцца з канфліктамі і стрэсамі, якіх нямала ў адукацыйным асяроддзі.
Канстанцін Мулярчык, старшы выкладчык кафедры тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналогій ФРКТ, напрыклад, са здзіўленнем даведаўся, што група слухачоў мае схаваныя ад вачэй асаблівасці. І ў ёй абавязкова ёсць лідар, а часам і некалькі лідараў, якія таксама могуць паўплываць на ход заняткаў. Для яго стала адкрыццём, што часам варта нацэліцца на студэнтаў, якія гатовыя на дадзены момант успрыняць новы матэрыял, а ўжо тыя пазней перададуць веды тым, у каго не было жадання слухаць на лекцыі. Юліі Лень, старшаму выкладчыку кафедры культуралогіі гуманітарнага факультэта, таксама было карысна высветліць усе заканамернасці фарміравання навучальнай групы, бо яна да ўсяго выконвае абавязкі куратара. Ёй спадабалася, што трэнінг «Кіраванне групавой дынамікай» быў праведзены ў інтэрактыўнай форме і яна, як і іншыя выкладчыкі, увайшоўшы ў склад адной з груп, змагла знутры паназіраць, як больш актыўныя, схільныя да лідарства члены групы дамінавалі, стараліся паўплываць на погляды і думкі астатніх. Трэнінг, які тычыўся анлайн-метадаў у навучанні (у сістэме MOODLE), таксама падаўся ёй перспектыўным. Іншым выкладчыкам было цікава даведацца, у якіх выпадках дакладчык выклікае ў студэнтаў зацікаўленасць і таму будзе імі пачуты, а таксама што такое моўны імідж і як ён уплывае на суразмоўцу.
На самым пачатку школа развіцця кампетэнцый успрымалася як праект, які будзе праходзіць у вольным фармаце. «Абставіны дзіцячага лагера сталі вельмі даспадобы, – расказала Юлія Лень. – Нават харчаванне нагадвала пра школьныя канікулы. Гэта настройвала на гуллівы і ў той жа час дысцыплінаваны лад, калі вымушаны жыць па раскладзе, хадзіць строем на абед, строем – на адпачынак. І ўсё весела і з запалам». Выкладчыкам вельмі спадабалася ўдзельнічаць у інтэлектуальна-забаўляльным шоу «МэдХэд». Падчас гульні ім прапанавалася выступіць у ролі знаўцаў у галіне музыкі, літаратуры, кіно і спорту, а таксама ў спецыяльных турах-сюрпрызах.Для ўдзельнікаў школы быў арганізаваны «тымбілдынг», які скіраваны на камандную працу. Камандныя спартыўныя спаборніцтвы на свежым паветры прыйшліся якраз дарэчы. «Коратка апісаць тое, чым мы займаліся ў школе, проста немагчыма, – прызнаўся нам асістэнт кафедры аналітычнай хіміі хімічнага факультэта Віталь Кондраў. – Гэта і прадуктыўная праца, і абмеркаванні розных навуковых і псеўданавуковых пытанняў да самай раніцы, і песні пад гітару, усяго не перадаць… Атрымліваць новыя веды ў такой прыемнай і нязмушанай атмасферы – лёгкая справа».
Школа развіцця кампетэнцый дала магчымасць маладым выкладчыкам розных факультэтаў падзяліцца адзін з адным праблемамі, расказаць пра свае дасягненні. «Самае галоўнае, што яны адчулі, што працуюць у адной вялікай сям’і, дзе іх любяць, цэняць і стараюцца, каб яны заўсёды былі на вышыні. Пацвярджэннем стала тое, што рэктар Сяргей Абламейка знайшоў час, каб прыехаць у «Брыганціну» і нефармальна пагутарыць з удзельнікамі школы», – адзначыла Наталля Няпеўная.
Надалей упраўленне кадраў, якое рэалізоўвае ў БДУ комплексную праграму па развіцці кваліфікацыі персаналу, збіраецца распрацаваць для маладых спецыялістаў спецыяльны курс, накіраваны на іх прафесійную адаптацыю. У планах і навучанне выкладчыкаў больш сталага ўзросту. Бо тут лічаць, што авалодваць сучаснымі ведамі, якія спатрэбяцца для прафесійнай дзейнасці, нікому і ніколі не зашкодзіць.
Ганна ЛАГУН
Фотарэпартж з школы кампетэнцый развіцця «Я сучасны выкладчык вядучай ВНУ» глядзіце тут