Першы выпуск слухачоў спецыяльнасці «Спартыўная журналістыка» факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі БДУ адбыўся 29 мая.
Дыпломы дзяржаўнага ўзору на ўзроўні вышэйшай адукацыі з прысваеннем кваліфікацыі «Спартыўны журналіст» атрымалі прадстаўнікі розных сфер дзейнасці. Сярод іх: прэс-сакратары Беларускай тэніснай арганізацыі і ДУ ФК «Мінск», рэдактар Белтэлерадыёкампаніі «Інтэрнэт-ТБ», рэдактар аддзела інтэрнэт-вяшчання ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» і інш. Адзначым, што першы набор на дадзеную спецыяльнасць быў ажыццёўлены ў верасні 2013 года. Яе адкрыццё на факультэце адбылося ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь на 2011–2015 гады. Па словах намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка, адкрыццё спецыяльнасці перападрыхтоўкі «Спартыўная журналістыка» было абумоўленае неабходнасцю належнага інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння спартыўнай галіны ў нашай краіне, узняцця прэстыжу Беларусі як спартыўнай дзяржавы, недахопам спартыўных журналістаў. Дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Ганна Басава падкрэсліла, што ў нашай краіне шмат што робіцца для дынамічнага развіцця спартыўнай галіны. «Бо спорт – гэта ў першую чаргу прэстыж краіны, што наглядна прадэманстраваў мінулы чэмпіянат свету па хакеі. Перападрыхтоўка спартыўных журналістаў здзяйсняецца ў вядучых універсітэтах свету і з’яўляецца актуальным кірункам на рынку адукацыйных паслуг і ў
нашай краіне», – адзначыла Ганна Басава.
Ілья ЗУЕЎ
Фотарэпартаж з першага выпуска слухачоў спецыяльнасці «Спартыўная журналістыка» глядзіце тут