З юбілеем, родная кафедра!

30 Jun, 2014.

20 лет

Кафедра гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу, якая адзначыла 20-гадовы юбілей, багатая на яркія падзеі, славутыя імёны людзей, якімі могуць ганарыцца студэнты.

Менавіта ў чэрвені 1994 г. ва ўмовах станаўлення суверэннай беларус­кай дзяржаўнасці і пашырэння курса айчыннай гісторыі ў БДУ былі створаны дзве новыя кафедры: гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў (загадчык – дацэнт П. А. Лойка, цяпер – дацэнт Ю. Л. Казакоў) і гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу. Спачатку ёй загадваў прафесар П. І. Бры­гадзін, а з 1999 г. дацэнт А. Г. Каханоўскі.
Цяперашні калектыў кафедры ў складзе болей за 20 выкладчыкаў і 3 лаба­рантаў працягвае найлепшыя трады­цыі сваіх настаўнікаў і папярэднікаў. Яны былі закладзены яшчэ першым рэктарам, вядомым гісторы­кам-славістам У. І. Пі­чэтам. У 1922 г. у складзе педа­гагічнага факультэта вылучылася сацыяльна-гіста­рыч­нае аддзяленне, дзе абавязковым прадметам быў вызначаны курс гісторыі Беларусі, які выкладаў прафесар У. І. Іг­натоўскі. Ён, зай­маючы вы­сокія дзяржаўныя пасады (камісар асветы ў 1920–1926 гг., прэзідэнт Беларускай акадэміі навук у 1928–1931 гг.), істотна паўплываў на фарміра­ванне нацыянальнай і куль­турнай палітыкі, увасобленай у белару­сізацыі.
Як бачым, курсы па айчыннай гісторыі выкладаліся ў БДУ з першых дзён, але адмысловая кафед­ра гісторыі БССР утварылася толь­кі ў 1958 г. дзякуючы намаганням Л. С. Абецэдарскага.
Усё жыццё Лаўрэнція Сымона­віча з 1937 г. (за выняткам гадоў Вялікай Айчыннай вайны, калі ён служыў у арміі) было цесна звязана з БДУ. Пасля заканчэння гістфака і аспірантуры ён працаваў старшым выкладчыкам кафедры гісторыі СССР, загадчыкам гэтай кафедры, а з верасня 1958 г. – загадчыкам кафедры гісторыі БССР. Хутка таленавіты навукоўца і педагог стаў доктарам гістарычных навук, прафесарам, членам-карэспан­дэн­там Акадэміі педагагічных навук СССР (1968). Узначалены ім калектыў кафедры быў цесна звязаны з агульнаадукацыйнай школай, аказваў дзейсную дапамогу ў павышэнні кваліфікацыі настаўні­кам. З удзелам Л. С. Абецэдарскага і яго паплечнікаў у свет выйшлі асноўныя савецкія выданні па гісторыі Беларусі, а таксама вучэбныя дапаможнікі па гісторыі БССР для сярэдняй школы (якія вытры­малі 13 выданняў!)
Дзякуючы дзейнасці Л. С. Абе­цэ­дарскага, П. І. Брыгадзіна, А. Г. Каханоўскага, кафедра гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу стала адной з самых прэстыжных кафедраў нашага ўніверсітэта. Пра гэта сведчыць павелічэнне коль­касці студэнтаў, якія жадаюць слухаць курсы такіх аўтарытэтных вы­кладчыкаў, як акадэмік М. П. Касцюк, прафесары М. І. Зялінскі, І. Ф. Раманоўскі, У. К. Коршук, дацэнты Л. М. Кулеш, Л. А. Осіпава, В. А. Цяплова, В. С. Макарэвіч, Г. І. Мас­кевіч, А. В. Бурачонак. Расце лік аспірантаў: у бягучым навуч. г. імі сталі 5 вы­пускнікоў (летась – 4).
Толькі за паўгода кандыдацкія дысертацыі абаранілі Аліна Верамейчык і Віктар Хаданёнак, а док­тарскія даследаванні Андрэя Лука­шэвіча і Аляксандра Каханоў­скага рэкамендаваны да абароны. У 2013 г. зроблена 92 публікацыі, у тым ліку 8 падручнікаў, 3 манагра­фіі і 1 зборнік дакументаў. Разам з тым прэстыж кафедры трымаецца і на плённай працы студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў.
Новых здзяйсненняў вам, калегі!
Дацэнт Альберт КОТАЎ

print

Вам таксама можа спадабацца: