Звыш 5 тысяч беларусаў і 272 замежніка атрымалі дыпломы БДУ

1 Jul, 2014.

бал выпускников бгу 2014

Балі выпускнікоў прайшлі 24 і 25 чэрвеня ў нашым універсітэце.

ЗАХАВАЦЬ І ПАМНОЖЫЦЬ СЛАВУТЫЯ ТРАДЫЦЫІ АЛЬМА-МАТАР
На імпрэзу 25 чэрвеня былі запрошаны каля 600 чалавек.  Сёлета дыпломаў БДУ атрымалі звыш 5 тыс. маладых людзей. З іх больш за 3 тыс. скончылі дзённае аддзяленне і каля 1,3 тыс. – завочнае.
Выпускнікоў павіншаваў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка і кіраўніцтва факультэтаў. Асаблівую святочнасць гэтаму вечару дадаў парад дэканаў у мантыях чорнага колеру.
Ва ўрачыстай атмасферы самым годным выпускнікам рэктар уручыў ганаровыя дыпломы і памятныя падарункі за адмысловыя заслугі ў спартыўным, наву­ковым, культурным і грамадскім жыцці ўніверсітэта. У ліку ўзнагароджа­ных – 20 уладальнікаў звання «Студэнцкі лідар» і 20 юнакоў і дзяўчат, прызнаных «найлепшымі выпускнікамі БДУ». Па традыцыі яшчэ нядаўнія сту­дэнты далі клятву: «Годна служыць прынцыпам дабра і справядлівас­­ці на карысць чалавека, Айчыны і сусветнай цывілізацыі; захоўваць і памнажаць славутыя традыцыі Бел­­дзярж­універсітэта, быць узорам выса­кароднасці, сумленнасці і праца­вітасці; усе сілы, розум, імкненні накіраваць на павышэнне аўтары­тэту БДУ і з гонарам насіць званне выпускніка Беларускага дзяр­жаў­нага ўніверсітэта». бал выпускников бгу 2014
Адзначым, сёлета святочная праграма балю была разнастайнай. На сцэне актавай залы Ліцэя БДУ выпускнікоў павіншавалі артысты беларускай эстрады – Андрэй Усанаў, Мікіта Найдзёнаў, групы Indigo, Mountreal і «Скай тай». Гледачы ўбачылі выступленне лаў­рэата спецфонду Прэзідэнта Бела­русі па падтрымцы тале­навітай моладзі Веранікі Сальнік. Запрошаным госцем вечара стаў канкурсант «Еўрабачання–2014» Тэа, які выканаў для «герояў» ім­прэзы некалькі музычных нумароў.
Арганізатар мерапрыемства – упраўленне па справах культуры БДУ – здзівіў выпускнікоў і гасцей разнастайнасцю танцавальных стыляў і кірункаў, прыгажосцю і арыгінальнасцю строяў і зрабіў гэты дзень незабыўным у жыцці кожнага дыпламанта.

Выхаванцы БДУ для 14 краін
А 24 чэрвеня адбыўся выпускны баль для студэнтаў БДУ-грамадзян замежных дзяржаў.бал выпускников бгу 2014
Героямі імпрэзы сталі 272 выпускнікі 14 факультэтаў. Павін­ша­валі выхаванцаў ВНУ рэктар акадэмік Сяргей Абламейка і дэканы факультэтаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі дыпламатычных місій Казахстана і Турк­меністана, а таксама прадстаўнікі КНР і Міністэрства адукацыі нашай краіны.
Усяго сёлета вышэйшую адукацыю атрымалі грамадзяне з 14 краін: Кітая, Туркменістана, В’ет­нама, Казахстана, Турцыі, Нігерыі, Азербайджана, Грузіі, Егіпта, Ірака, Лівана, Узбекістана, Пакістана і Японіі. Пры гэтым па колькасці замежных выпускнікоў лідарства трымае Кітай – 148 чалавек. На другой пазіцыі размясціўся Турк­меністан, які павялічыў колькасць спецыялістаў з дыпломам БДУ на 83. Замыкаюць тройку в’етнамскія грамадзяне – 11 чалавек.
Адзначым таксама, што больш за ўсё дыпломаў было ўручана выпускнікам эканамічнага факультэта (101), па 47 чалавек з дып­ломамі спецыялістаў падрыхтавалі факультэты міжнародных адносін і філалагічны і 18 – факультэт жур­налістыкі. Акрамя таго, за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у гра­мадскім і спартыўным жыцці 37 за­межнікаў узнагароджаны гана­ро­вымі граматамі і значкамі БДУ, а таксама памятнымі падарункамі ад рэктара БДУ. У 2013 годзе такіх выпускнікоў было толькі 25. Дарэчы, ва ўніверсітэце назіраецца станоўчая дынаміка ў сістэме навучання замежнікаў. Паляпшаецца якасны ўзровень іх падрых­та­ва­насці, што відавочна з прыве­дзе­ных даных. Таксама з году ў год расце колькасць замежных грамадзян, ахвотных атрымаць вышэйшую адукацыю ў вядучай ВНУ Беларусі. Сёння ў БДУ навучаецца больш за 2600 студэнтаў з 44 краін.
Жанна ВАСАНСКАЯ

Фотарэпартаж з баляў выпуснікоў глядзіце тут

Відэасюжэты з выпускной імпрэзы

print

Вам таксама можа спадабацца: