Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прыняты ў асацыяваныя члены CHERNE на Х семінары Еўрапейскай сеткі “Супрацоўніцтва для вышэйшай адукацыі ў галіне радыёлагічнай і ядзернай інжынерыі” (Cooperation for Higher Education on Radiological and Nuclear Engineering). Форум праходзіў у маі ў Салоніках (Грэцыя).
Дэкларацыю CHERNE падпісаў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка. Афіцыйным прадстаўніком ад ВНУ прызначаны прарэктар па вучэбнай рабоце прафесар Аляксей Толсцік. Для ўваходжання ў дадзеную арганізацыю беларуская ВНУ атрымала рэкамендацыйныя лісты ад двух удзельнікаў CHERNE: Універсітэта Балонні (Італія) і Нацыянальнага політэхнічнага ўніверсітэта Афін (Грэцыя). Усяго ў CHERNE уваходзіць 19 найбуйнейшых універсітэтаў Еўропы. Асноўныя задачы скіраваны на развіццё і аптымізацыю адукацыі ў галіне ядзернай энергетыкі, уключаючы ядзерную і радыяхімію, ядзерную фізіку, ядзерную бяспеку і інш.; абмен перадавым педагагічным і навуковым досведам у дадзенай сферы і арганізацыю навучальных курсаў для студэнтаў і магістрантаў.
Адзначым, далучэнне беларускай ВНУ да Еўрапейскай сеткі па даследаванні ў ядзернай інжынерыі і радыёлагічнай абароне будзе спрыяць эфектыўнай рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі Рэспублікі Беларусь на 2008–2020 гг. з улікам міжнароднага досведу. Акрамя таго, дадзенае супрацоўніцтва павялічыць пазнавальнасць БДУ ў міжнароднай адукацыйнай і навуковай прасторы. Ужо цяпер студэнты БДУ, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Хімія высокіх энергій”, змогуць прайсці практычныя і тэарэтычныя курсы ва Універсітэце Хасэля і Інстытуце прамысловай індустрыі Бруселя (Бельгія), Універсітэце прыкладных навук Ахена (Германія) і Універсітэце Мілана (Італія). Апроч гэтага, беларускія студэнты атрымаюць магчымасць працаваць на сучасным абсталяванні, уключаючы правядзенне маніторынгу аб’ектаў навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем метадаў радыёхімічнага і нейтронна-актывацыйнага аналізу (RSNAA і INAA). Зараз абмяркоўваецца стварэнне ў БДУ інтэнсіўнай праграмы “Water issues at NPP” на англійскай мове. Гэты праект будзе прапанаваны студэнтам універсітэтаў аб’яднаных удзелам у CHERNE. Акрамя таго, плануецца супрацоўніцтва хімічнага факультэта БДУ і Політэхнічнага ўніверсітэта Валенсіі (Іспанія) па навучанні сучасным актыўным тэхналогіям па кааператыўным прынцыпе (cooperative learning) і па праграме выбару лідара з равеснікаў (peer-lead team learning).
Падкрэслім, штогадовы семінар CHERNE плануецца правесці ў чэрвені 2015 г. ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.