Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Мексікі ў Расійскай Федэрацыі і ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве Рубен Альберта Бельтран Герэра 5 чэрвеня наведаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Адбылася сустрэча з рэктарам БДУ акадэмікам Сяргеем Абламейкам, першым прарэктарам Міхаілам Жураўковым і начальнікам упраўлення міжнародных сувязяў Вадзімам Рэзнікавым. Бакі абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва беларускай ВНУ з універсітэтамі Мексікі. У прыватнасці, гаворка ішла пра пытанні вывучэння іспанскай мовы і стажыроўкі ў Мексіцы. Былі разгледжаныя магчымасці абмену інфармацыяй у навуковай дзейнасці і ў галіне прыкладных даследаванняў БДУ. Сяргей Абламейка адзначыў, што беларуская ВНУ заўсёды адчыненая для новых партнёраў, і падтрымаў ініцыятыву ў найбліжэйшы час падпісаць рамачнае пагадненне аб перспектыўных формах супрацоўніцтва.
Навукоўцы НДІ ядзерных праблем БДУ выйгралі конкурс Еўрапейскага навуковага фонду «Флагман графен» (Graphene Flagship).
Навуковы праект «Прыборы на аснове шматслойных графенавых сэндвіч-структур» (Multi-layered sandwich graphene devices), узначалены прафесарам Філіпам Ламбінам (універсітэт Намюра, Бельгія), увайшоў у лік пераможцаў прэстыжнага конкурсу Graphene Flagship. У склад міжнароднага кансорцыума праекта ўваходзіць каманда даследчыкаў НДІ ЯП на чале з дырэктарам установы доктарам фіз.-мат. навук Сяргеем Максіменкам і загадчыкам лабараторыі кандыдатам фіз.-мат. навук Палінай Кужыр. З 218 пададзеных на конкурс праектаў толькі 21 быў адабраны для наступнага фінансавання.
Супрацоўнікам і выкладчыкам БДУ прапануецца прайсці 283 навучальныя курсы ў рамках Праграмы тэхнічнага і эканамічнага супрацоўніцтва Індыі ITEC (Indian Technical and Economic Cooperation), якая рэалізуецца пад эгідай Міністэрства замежных спраў гэтай краіны. Гаворка ідзе пра стажыроўкі ў Індыі беларускіх спецыялістаў дзяржаўных і камерцыйных арганізацый у 2014-2015 навучальным годзе.
Галоўнай мэтай дадзенай праграмы з’яўляецца ўсталяванне і развіццё дзелавога супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Індыяй. Пачынаючы з 1993 года індыйскі ўрад штогод вылучае гранты для нашай краіны ў рамках гэтай праграмы на праходжанне стажыровак у Індыі па розных кірунках, уключаючы моўную падрыхтоўку, менеджмент, парламентарызм, аўдыт, банкаўскую справу, адукацыю, журналістыку, некаторыя тэхнічныя і эканамічныя навукі. Адбор кандыдатаў праходзіць у тры этапы: на ўзроўні Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Пасольства Рэспублікі Індыя ў нашай краіне і Міністэрства замежных спраў Індыі. Прыём дакументаў здзяйсняе МЗС Беларусі, а інфармаванне кандыдатаў наконт атрымання стыпендыі – Пасольства Рэспублікі Індыя ў нашай краіне.
Асноўныя патрабаванні да суіскальнікаў: узрост ад 25 да 45 гадоў, працоўны стаж ад 5 гадоў, а таксама абавязковае веданне англійскай мовы. Адзначым, урад Індыі пакрывае ўсе выдаткі, у тым ліку на навучанне, пражыванне, харчаванне, выплату стыпендый, а таксама аплату авіяпералёту.
Сёння ITEC з’яўляецца вядучай кампаніяй на рынку замежнай адукацыі. Яна аб’ядноўвае больш за 300 школ і ўніверсітэтаў-партнёраў.
Дадатковую інфармацыю па тэл.: 8017 237 22 84 (Пасольства Індыі)