Прафесіяналы, правераныя часам

28 Aug, 2014.

Копия IMG_5236

Упраўленню па справах культуры – 90 гадоў!  І, паверце,  гэта не тая нагода, каб заспець маладых і пазітыўных супрацоўнікаў дадзенага падраздзялення знянацку.

Навіны пра творчае жыццё ВНУ становяцца ўсё больш насычанымі і цікавымі, а разнастайныя фэсты і конкурсы – традыцыйнымі і папу­лярнымі не толькі ў студэнцкім асяроддзі. Мінчукі ведаюць, пра якія мерапрыемствы ідзе гаворка. У гэтым упраўленні яшчэ ў жніўні быў абвешчаны «мазгавы штурм», а супрацоўнікі прыступілі да напі­сання сцэнараў найбліжэйшых во­сеньскіх мерапрыемстваў «Віват, студэнт», «Тэатральны куфар»…
Зрэшты, у нашай рэдакцыі ўлі­чы­лі і іншыя вартыя нагоды для сустрэчы з начальнікам упраўлення па справах культуры, заслужаным дзеячам культуры Беларусі Уладзімі­рам Макарэвічам. Надоечы яму споўнілася 60 гадоў, і без малога 35 гадоў ён працуе ў БДУ.
– Уладзімір Міхайлавіч, наша рэдакцыя далучаецца да ўсіх віншаванняў, якія прагучалі ў Ваш адрас у дзень нараджэння. Здароўя і творчых поспехаў! Пагадзіцеся, з Вамі працуе выдатная каманда аднадумцаў.
– Дзякую. І за цёплыя словы  ў адрас маіх калегаў. Год у нас, сапраўды, выдаўся юбілейным.
–  Чым пацешыце ў новым навучальным годзе? Што гледачы ўбачаць і пачуюць хуткім часам?
– Па традыцыі 1 верасня да Дня ведаў у Палацы спорту адбудзецца ўшаноўванне першакурснікаў. Він­ша­ванні, наказы і пажаданні яны прымуць ад прадстаўнікоў рэктарата, дэканаў факультэтаў і выклад­чыкаў ВНУ. Студэнты-першакурсні­­кі дадуць клятву «Высока несці, захоўваць і памнажаць славутыя традыцыі БДУ, ва ўсім быць узорам сумленнасці, высакароднасці, пра­цавітасці і дысцыпліны, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім, навуковым і культурным жыцці alma mater, усю сілу розуму, увесь запал свайго сэрца накіраваць на павышэнне аўтарытэту айчыннай навукі і аду­кацыі, з гонарам насіць гордае званне студэнта, быць годнымі грамадзянамі Беларусі». Затым адбудзецца ўручэнне сім­валічнага студэнцкага білета, і ўсе прысут­ныя выканаюць гімн БДУ. Таксама ў гонар пачатку новага навучаль­нага года з удзелам кіраў­ніцтва, выкладчыкаў БДУ і нядаўніх абіту­рыентаў у мінскім кафедральным Свята-Духавым саборы адслужаць набажэнства.
Акрамя гэтага, першакурснікаў чакае неспадзеўка. Юнакі і дзяў­чаты стануць удзельнікамі флэшмобу: падчас выканання гімна ВНУ цэнтральная трыбуна Палаца спор­ту «ператворыцца» ў вялікі сцяг універсітэта. Далей для іх прадэманструюць на велізарным плаз­мавым экране асноўныя шляхі развіцця Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пазнаёмяць з адукацыйнымі маг­чы­мас­цямі нашай ВНУ…
У нас ёсць адна важная юбілейная дата. Упраўленню па справах культуры ў лістападзе спаўняецца 90 гадоў! Менавіта ў 1924 г. быў створаны гурток беларускай культуры. Ім кіраваў вядомы пісьменнік, навуковец Максім Іванавіч Гарэцкі. Зрэшты, гісторыя стварэння нашага ўпраўлення, безумоўна, злучана з нараджэннем маладой савецкай краіны. І ў першую чаргу з зараджэннем першых калектываў аматарскай творчасці. Вядома, што напачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя на рабфаку былі арганізаваны першыя гурткі мастацкай самадзейнасці, а менавіта: харавы, танцавальны і гурток мастацкага чытання. Там жа праходзілі і першыя канцэрты.
– Ці рыхтуеце адмысловае мерапрыемства да юбілею ўпраўлення?
– Абавязкова! У юбілейнай канцэртнай праграме «Класіка, правераная часам» прымуць удзел усе творчыя калектывы БДУ. Акрамя таго, у гэтым святочным мерапрыемстве возьмуць удзел зоркі беларускай эстрады. На сцэну выйдуць нашы сябры – ужо вядомыя артысты і тыя папулярныя выканаўцы, якія прайшлі «школу» ўпраўлення па справах культуры. А калі вы бу­дзеце сачыць за нашымі аб’явамі на старонцы http://www.culture.bsu.by, то не прапусціце ніводнага мерапрыемства ўніверсітэта.
– Творчых поспехаў!

Гутарыла Жанна Васанская

print

Вам таксама можа спадабацца: